ENG БЕЛ РУС

Прыгожыя малюнкі

Набыў сёння добрую асадку, шарыкавую з чарніламі, 0.7 таўшчыня.
Увечары хадзіў глядзеў на яе, трымаў у руках. 
Дзённікі, штодзённікі, планы, таймлайны - гэта ўжо не пра мяне.
Філасофія сваім катком праехалася, таму планаваць бессэнсоўнае не вельмі та і хочацца.
Хадзіў мацаў у руках. Паклаў перад сабой ліст паперы. 25 год таму, перада мной быў часта сшытак у клетачку. Настаўнікі каля дошкі нешта распавядалі, а я вадзіў асадкай па старонцы, вымалёўваючы нейкія геаметрычныя фігуры, збольшага пачынаў з 3D-кубіка, які потым разрастаўся ў іншыя бакі, то ствараючы нейкую сіметрыю, то звальваючыся ў крывыя лініі іншых вымярэнняў. Я вось быў заўсёды незадаволены, што атрымоўваецца, штосьці непрыгожае. На сцяну не павесіш. Стылі змешваюцца. Нават ідэі ці задумы ў гэтым маляванні няма. Нічога няма, акрамя самога малюнка, асадкі якая хадзіла за рукой выбіраючы траекторыю свайго руху вельмі спантанна і не спланавана. Я шмат разоў так рабіў, вельмі вельмі шмат разоў. А зараз я амаль забыўся на гэта.

І вось на маім лістку пачалі вымалёўвацца формы з дзяцінства. Праз хвілінку падышлі дзеці, і пачалі распытваць, што я малюю? Я маўчаў і не рэагаваў на іх. Яны амаль скакалі па мне, патрабуючы адказу. Потым супакоіліся, узялі сабе асадкі і лісткі. Селі і пачалі маляваць у новай для іх стылістыцы. 

Зараз, для мяне гэта "прыгожа". Па іншаму прыгожа. Прыгожа, таму, што такі малюнак не робіцца для сцвярджэння Супер-Эга. Менавіта супер-эгу патрэбны добрыя сіметрычныя лініі, геніяльныя канцэпцыі, прываблівыя спалучэнні фарбаў. Бо за ўсім гэтым пляскат у далоні і прызнанне. Ідэалізацыя, крэатыўнасць і мёртвая дасканаласць. А вось проста каб вадзіць асадкай па паперы, гэта для сябе. Для душы. Незразуметыя лініі, якія прабіваюць свой шлях. Падобна на жыццё.