Дзіўны знаёмы
Сёння, мне ўзгадаўся мой даўні знаёмы. Знаёмы, якога было немагчыма зразумець, і ў вачах якога немагчыма было стаць зразуметым. Чалавек як падаецца вельмі добры. Але ў нас дыяметральна супрацьлеглае бачанне свету, рэлігіі, палітыкі, кавіду, жыцця. Калі раней, мы сутыкаліся нашымі гэтымі поглядамі, то было вельмі непрыемна. І нават у нас не было пра што паразмаўляць. Не ведаю, як так атрымалася, што я патэлефанаваў гэтаму чалавеку за два дні да пачатку вайны. І аказалася, што яго выганяюць з Беларусі ва Украіну, бо ён грамадзянін Украіны. Тады, за два дні да пачатку вайны, я такі адчуў, што яна адбудзецца. І менавіта яго выгнанне, было для мяне знакам. Мы тады неяк добра паразмаўлялі. А сёння, я патэлефанаваў яму зноў. Яго жонка і дзеці ў Беларусі, ён ва Украіне. Паціху жыве. Дзякуй Богу, што жыве. А то два гады не было звестак.
Усё гэта, я да таго. Што калі, немагчыма штосьці абмяркоўваць, з-за супрацьлеглых пазіцый, то застаецца толькі чалавечае цяпло. Нейкае добрае маўчанне. Радасць, ад таго, што мы жывы. Нейкія простыя словы. І гэтага дастаткова. Яно нават неяк бліжэй да душы, чым любыя філасоўска-бытавыя размовы. Цёпла ад гэтага...
А яшчэ, учора ноччу прыляцела ў Чарнаморск. У горад, які прыняў нас, у нашай першай эміграцыі.