ENG БЕЛ РУС

ЖАДАННЕ З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ

Пошукі сапраўднага вечнага Жадання, якое праходзіць праз усю маю існасць вызываючы мяне да Жыцця.

Калі не маеш сябе.

Добра памятаю, як я прыйшоў у Царкву. Усё ззяла ўнутры і звонку. Я адчуў сябе вельмі добра і ўпэўнена. Я прыняў усю традыцыю як мае быць. Як ісціну апошняй інстанцыі, дзе мудрасць пераходзіла з пакалення ў пакаленні, праваднікі мудрасці ніколі адзін другому не супярэчылі (так я тады гэта ўяўляў). І ўсё яны ўжо распісалі і сказалі: "што рабіць, чаго берагчыся, на што звяртаць увагу". І самае галоўнае для мяне!!!! Як і што думаць, як і што адчуваць.

Гэта было важнай кропкай. Я з радасцю прыняў такую інструкцыю. Я ж ніколі не зазіраў у глыбіню сябе і не давяраў сабе. Я жыў жаданнямі іншых людзей. Таму пераключыцца з аднаго на другое было вельмі проста. І я проста стаў адчуваць і мысліць так як пісалі святыя праваслаўнай царквы. Упісаўся ў калектыў і традыцыю адчуваючы сябе там цалкам камфортна.

І вось думаў я, ну чаму ж іншым людзям так цяжка ўзяць і пачаць думаць правільна, адчуваць правільна?

Ну што я зараз магу сказаць... Толькі чалавек, які не мае і не ведае сябе, можа так проста змяняцца пад любы запыт. У асноўным каб адпавядаць не самому сабе, а той ці іншай группе і крытэрам.

А вось калі ты ўжо прымаеш сябе, калі ты даследуешь сябе і сваю глыбіню. То любыя знешнія арыентыры і крытэры пачынаюць па шмат разоў суадносіцца з уласнай сутнасцю. І прымацца, толькі калі яны сапраўды не супярэчаць глубіннаму і сапраўднаму табе.

Разумець / Не разумець

Узгадваў сёння, як раней Даша звярталася да мяне з рознымі сваімі думкамі і пачуццямі, у надзеі, што я змагу яе зразумець. У такія моманты я прям сіяў ад гонару, бо я ўжо даўно ўсё "разумеў". Карыстаючыся магчымасцю, я выкладаў  ёй усё сваё разуменне, з прыкладамі і парадамі... Алеж, алеж гэта была не тое. Маё "разуменне", было перашкодай сапраўднаму разуменню. А сапраўднае разуменне, нараджаецца, узрастае, квітнее праз шчырае неразуменне.

Бо немагчыма ўмясціць жывога чалавека, у рамачку сваіх поглядаў і шаблонаў, хаця вельмі б хацелася.

Гэта я да чаго. Асабліва зараз, размаўляючы пра сур'ёзныя і глыбокія рэчы, так хочацца глубока разумець вас і глыбокага разумення (ці хаця б шчырага неразумення) з вашага боку.

Гэтыя думкі і цудоўны верш я пазычыў сёння, у святара і псіхатэрапеўта Уладзіміра Шкоды (https://vk.com/vladimirshkoda).

Правільна / няправільна

Можа быць у жыцці такая мэта: жыць правільна, выбіраць правільна, разбірацца ў рэчах што правільна, а што не.
Усе проста, сістэма замкнулася.Да гэтай сістэмы яшчэ можна дадаць аб'ектыўны погляд на сусвет, і нейкую ўніфікаванасць правіл.

Памятаю ў сваім дзяцінстве, я хацеў завесці дзённік з правіламі, дзе б распісваў правільныя правілы, і правільныя выбары для маіх нашчадкаў. Каб ім не трэба было ўжо пра гэта клапаціцца, і яны маглі проста выконваць прадпісанныя мной правілы, і дадаваць туды свае ўласныя. На працягу пакаленняў, мае нашчадкі, маглі б стаць цалкам правільным родам, які б ніколі не памыляўся і накапіў усё разуменне сусвету. Як жа прыгожа выглядала гэтая ідэя, мабыць нават прыгажэй за мары Адольфа Гітлера. Усе вакол шчаслівыя і правільныя. Ужо ніхто не зробіць няправільнага (неэффектыўнага) учынка. 

Алеж і на той момант, ува мне жыла ўнатранае супрацьстаянне жыццю па правілам. Жыццё дзе ёсць правільна-няправільна (чорна-белае жыццё), гэта жыццё ў якім немагчыма разумець бліжняга, немагчыма разумець самога сябе.
1. Важна робіш ты правільна, ці не.
2. Калі па правілам не робіш, то рабі.

Ну хто будзе ў такім стане цікавіцца: 
- А чаму чалавек хоча рабіць ці робіць па іншаму? 
- Ці ўвогуле "маё правільна" мае ў сабе настолькі фатальную ісціну, ці ўсё значна складаней?

Калі задаваць сабе такія пытанні, то можна проста згарэць. Алеж без гэтага паразумення, ці можна пачуць штосьці глыбокае, штосьці сапраўднае? 

Да і ў сістэме правільна / няправільна, наша каштоўнасць выносіцца ў катэгорыю добрага выканаўца правільнага. Не мы ўжо каштоўны, а нейкая наша механічная функцыя. 

Свежае паветра

"Вецер вее, дзе хоча , і голас яго чуеш, а не ведаеш, адкуль прыхо́дзіць і куды адыхо́дзіць; так і з кожным наро́джаным ад Духа."
Евангелле паводле Іаана 3:8

Адкрыўшы для Евангелля акенца свайго розуму, не забудзь адкрыць і акенца сэрца. Тады будзе добры скразняк і Дух будзе жыць у табе.

Я тут намудрыў рознага, а ўсё таму, што ўчора мы эксперэментавалі з начлегам у машыне. Мяне яшчэ да вандроўкі турбавала пытанне, ці хопіць паветра з аднаго анцімаскітнага акенца. Ноччу аказалася, што зусім не хапае. Што гэта невыносна. Акенца ёсць - паветра няма, Жыць (спаць) невыносна.

Вырашылі, на хуткую руку, змайстраваць яшчэ адно анцімаскітнае акенца.

І вось тады ў наша жыццё прыйшло Шчасце, Радасць, Напоўненасць.

Кожную хвілінку другую, у акенца мог заляцець морска-сасновы вецярок, і гэта было так натхняючы. Я доўга не мог заснуць, доўга не мог нарадвацца, чакаючы такія прыходы Вецерка ў маё жыццё.

На фатаздымку: неба ў 2 гадзіны ночы ў маё акенца.

Трэба навучыцца жыць

Важная для мяне справа: жыць у тых абставінах, у якіх я ёсць.
Не адкладаць жыццё, не чакаць вырашальных пазітыўных ці негатыўных падзей.
А калі чакаю, то не спыняцца ў гэтым чаканне.
Заўсёды мне будзе ад чаго здрыгануцца, і не вырашу я ўсіх сваіх праблем да канца. Як мінімум, таму што з кожным днём набліжаецца дзень маёй смерці. Таму і чакаць ад жыццёвай будучыні, няма чаго.
 
А вось дыхаць, бачыць прыгажосць, любіць, і ўсё гэта у не залежнасці ад абставін, не адкладаючы на потым.
 
Як жа прытрымліваць сябе ў бясконцым вырашэнні праблем і даваць час для жыцця?

Цяплыня прыняцця

Прыняцце, разуменне і любоў. Вось тры сталбы на якім зараз трымаецца мой асабісты сусвет.

Кожны дзень, я стараюся думаць пра то наколькі прымаў, разумеў і любіў іншых сёння. І знаходзяцца гэтыя рэчы, і радуюць мяне, і даюць мне надзею. 

Бывае, што неатрымліваецца: не прымеш, не зразумееш, не палюбіш. Крыўдна канешне, алеж трымаюся за тое, што Бог прымае, разумее і любіць мяне такім недасканалым, такім чалавечным, такім жывым. Цёпла ад гэтага.

Вось і замкнулася кола. І добра звонку і ўнутры.

А якія ў вас KPI эффектыўнасці?

Пустата Вакуума

Госпадзі… як усё складана ў гэтым жыцці… але як жа праз усё гэта пранізваецца чалавек да чалавека, сустрэчы і расстанні, паўната і пустэча, чуласць і холаднасць.

У пустаце вакуума можна быць глухім, калі ты ў ім адзін.

Алеж калі гэты стан сустракае цябе, а ты не адзін. То ты добра чуеш і бачыш бліжняга, які разам з табою ў вакууме. Броўнаўскі рух дзяцей сведчыць аб тым, што жыццё ёсць, яно існуе, яно грае на струнах душы.

Вецер жыцця

Вецер знасіў нас з возера, хвалі выглядалі як мора, дзеці рылі траншэі, капалі ямы, шукалі маленькія каральчыкі. Я ледзь не плакаў ад гэтага моманту. Жыццё здувала нас, мы адчувалі паветра якім дыхаем. Правілы, законы, абмежаванні ў гэты момант уступалі жыццю, уступалі разуменню каштоўнасці кожнага моманту. Усе гэта часова. Усе можа быць скончана ў любую хвіліну. І нават калі б адмералі поўных 100 год, гэтага б было мала. Мала дзеля такіх момантаў, мала дзеля жыцця. Шэлест пакеціка на ветру, рухае гадзінннікавую стрэлку. Гэта стрэлка набліжае нас да канца. Як я хачу сустрэцца зноў. Зноў у вечнасці: І няхай там будзе ругань, ной, скаргі і ор. Я навучуся любіць і гэта.

Вецер здувае нас.

Калі шкада, што толькі паддакваў

Бываюць моманты, калі людзі ў сям'і стаяць па розныя бакі мяжы.
Выбіраюць розныя краіны, розныя абставіны жыцця, розныя каштоўнасці.
І на тое маюць прычыны.  І адлегласць паміж імі павялічваецца.
Аргументы кожнай палавінкі моцныя, зразумелыя, звязаныя з асабістым сэнсам. Няма чаго супрацьпаставіць.

І вось ты як старонні чалавек размаўляеш з адно з палавінак.
Сядзіш паддакваеш, знаходзіш доп аргументы каб падтрымаць суразмоўцу.
Усё яно лагічна, усё яно слушна.
І ад кожнага твайго паддаквання, гэтая адлегласць паміж палавінкамі павялічваецца.

З кожным такім пагаджэннем, чалавек усё больш выбірае сябе, а не сям'ю.
Ператвараецца ў камень, якому цяжка зысці са сваёй пазіцыі, са свайго бачання.
Дыстанцыя павялічваецца.

А вось калі незгадзіцца, знайсці праўду ў аргументах і сэнсах іншай палавінкі (а не той з якой ты зараз размаўляеш).
Гэта ўжо можа даць трэшчыны той закамянеласці.
І чалавек задасць сабе пытанні:
Дзе маё жаданне? Дзе мая любоў? Што магу я зрабіць дзеля гэтай любові?
Ці магу асэнсавана, зрабіць выбар супраць самога сябе, алеж дзеля гэтай любові?

І можа потым скажа хтонебудзь з іх “Я не згодзен з табою, мне вельмі цяжка, алеж я люблю цябе. Я зраблю крок насустрач табе, каб табе стала цяплей ад майго кахання. Не бойся мяне, я не супраць цябе. Мы розныя, алеж я жадаю табе дабра...."

Такія ўчынкі дастойны міра, кахання, прыняцця.
Пра такіх людзей мы маглі б пісаць кнігі і будаваць ім помнікі пры жыцці.

Не будзем паддакваць нашым суразмоўцам, будзем знаходзіць праўду і на іншым баку.

Няхай каменне аргументацыі дасць расшчэліну.
Няхай пануе любоў!

Разважанні вакол сэнса

Мы ведаем, што рабіць з сэнсам, алеж не ведаем як яго адкрыць.

І адкрыць яго такім, каб ён не ўмясціўся ў маленечкую каробачку.
На мой погляд, добра было б не абмяжоўваць свой сэнс, сваё глыбіннае Жаданне.
Алеж адкрываць і разумець дзе гэтае жаданне прасвечвае, прасвечвае так, што гэта мы можам зразумець і апісаць яго для сябе.

Быў добры прыклад з вакенцам праз які падае свет. І тое што мы сапраўды можам убачыць, гэта сонечныя зайчыкі. Вось яны і ёсць тое, што мы можам апісаць: Адзін будзе кругленькі і маленькі на падлозе, другі прадаўгаваты на шпалерах. Алеж за ўсімі гэтымі праяўленнямі будзе стаяць штосьці большае. І гэта Большае прасвеціць і праз іншыя вокны, калі мы іх адкрыем.

Тыя знойдзеныя намі сонечныя зайчыкі будуць сведчыць нам пра глыбейшае, наша сапраўднае. Будуць дапамгаць нам разумець, у якім вымярэнні гэта сапраўднае ляжыць, якая яго прырода.

І гэты свет унутры нас, у кажнага чалавека свой.

"Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах."
Евангелле па Матфею 5:16

Святло наша - наша глубіннае Жаданне, якое нараджае нашы сапраўдныя добрыя ўчынкі, якія свецяць у гэты мір.

Калі адчуваеш пакуты іншых...

Бываюць людзі якія выпраменьваюць святло, алеж не хапаюцца за яго, а чапляюцца за розныя брудныя дробязі свайго жыцця. Як слепцы прабягаюць міма свайго святла, адмаўляюць яму ў быцці. Пакутуюць ад недасканаласці разглядаючы толькі цёмныя бакі саміх сябе, а светлыя сваі бакі словамі нізводзяць да падману, маніпуляцый і г.д.
Ім цяжка прыняць сябе добрымі, светлымі. Хтосьці ядняў у іх такое права. Яны саме не дазваляюць сябе. Вялікі страх нападае на іх. Ім застаецца толькі спадзявацца, што яны такія. Абдыміці мяне ў мінулым, і дайце я абдыму вас зараз. Вы добрыя, светлыя, напоўненыя любоўю. Папраўляйцеся.

Сэнс жыцця дзеля быцця

Сёння пачаў праходзіць курс на Coursera "Пошук Мэты і сэнсу жыцця: Жыць дзеля таго, што больш важна" (Finding Purpose and Meaning In Life: Living for What Matters Most). 

І як бы гэта не было странна, Мэтай пошуку сэнса выстаўляюцца рэчы нам даволі блізкія і штодзённыя. Шукаць сэнс свайго жыцця і кіраваць за ім каб лепш спаць, лепш працаваць. скінуць вагу, мець лепшыя ўзаемаадносіны і г.д. 

Здаецца, ну што за глупства такое. Гэта як сустрэць Бога ў сваім жыцці, каб атрымаць 8 на экзамене ці павышэнне на працы выпрасіць. 

Алеж і я, пачаў свой шлях з той жа мэтай. Хацеў знайсці сэнс жыцця, сваё глыбіннае жаданне, каб эффектыўней працаваць. А дзе ужо, тая праца? Яна проста памеркла перад сілуэтамі сэнсу, жадання і глыбіні.

Таму няхай і так, заманьваюць людзей шукаць сэнс дзеля чагосьці блізкага і зразумелага.

 

 

Сёння я баяўся

На гарызонце вымалёўваюцца тыя сія праблемы. Ад іх становіцца неяк дрыготка. Думкі ходзяць па колу. Адучаваеш рызыкі. Не хочаш, каб яны здзяйсняліся. Адучваю напружаннасць якая не спадае. Нібы штосьці баліць у зоне сэрца. Разумею, што хвалююся. Як жа перастаць хвалявацца? Справа та, такая сябе, не вартая моцнага хвалявання, тым больш за стрыном. 

І тут я вырашыў сам сабе выказаць, чаго я сапраўды баюся. І пачаць з найгалоўнейшага. 
Я паўтараў: Баюся смерці, баюся смерці, баюся смерці, баюся цяжкіх хвароб, баюся цяжкіх хвароб, баюся быць вінаватым... і г.д.

І ведаеце, адпусціла. 
Бо шмат якія страхі, адлюстроўваюць маю бездапаможнасць у гэтым жыцці.
Бездапаможнаць у малым, а тое малое перацякае ў найважнейшае - бездапаможнасць перад тварам смерці.
Гэтай бездапаможнасці няма куды падзецца і вельмі цяжка яе прыняць.

Ноч з дзьвух яе бакоў.

Вось мы прачынаемся, жыццё нараджаецца, адкрывае свае таямніцы, хочацца пабыць аднаму, хочацца напітацца сэнсам жыцця, яго прыгажосцю. Адчуць сябе ва ўсім гэтым. Пачаць бачыць жыццё як яно ёсць, пачаць бачыць сябе.

…Потым ідзе ўсякае рознае…

І вось хвіліны калі сонейка хаваецца за елку. Калі дзеці выходзяць з душа, і супраць іх жадання запіхваюцца ў ложкі. Заціхаюць гульні. І мы пачынаем чытаць. Пагружаемся ў казачную гісторыю, у жыццё іншых людзей і нас саміх. Гэта прызма дня, прызма нашага жыцця. Выкрываюцца сэнсы, адносіны, пачуцці і мары.

А потым пад настойлівае "Ну калі-ласка, чытай яшчэ" ідзе абяцанне працягнуць заўтра.

Уключаюцца калыханкі (да сёняшняга дня гэта былі беларускія калыханкі). І можна бачыць, як пагружаныя ў свае разважанні дзеці набліжаюцца да сну. А я пішу гэты тэкст, ці які іншы.

Каштоўны час, каштоўнае жыццё, у паветры лётае сэнс, у маўчанні адкрываецца глыбіня.


Межы чалавечнасці

Межы чалавечнасці? Што ёсць, чалавечнасць?

Даць чалавеку права быць, быць такім як ён ёсць.
Прыняць чалавека такім як ён ёсць.

Праз усю калючасць, складанасць, першакоды, пакуты, злосць, інакавасць, глупасць - убачыць у ім чалавека, які не хоча быць адвергнутым, не хоча быць адзінотным.

Дзеля гэтага, шмат хто выконвае прадпісаную сацыяльную міссію. Прыкладае шмат намаганняў. Каб мець права Быць. Каб быць прянятым. І кожны чалавек з аднаго боку патрабуе гэтага прыняцця, з іншага можа яго даваць іншым людзям.

Вось і атрымоўваецца замкнутае кола:
Жадаючы прыняцця, чалавек робіць шмат намаганняў. І гэты працэсс становіцца для яго законам. Ён і іншых людзей пачынае прымаць, толькі калі яны робяць намаганні і поспехі.

Алеж, гэтае кола можна разрываць.
Пачаць прынімаць людзей безумоўна. Нават калі яны не супадаюць з нашымі чаканнямі.
Прымаючы так аднаго, другога ... Мы і да сябе адчуем тую невымоўную радасць.
І мы можам быць прыняты, проста таму, што мы гэта мы.
Гэта будзе нашай апорай, нашай глыбінёй. Тым фундаментам, на якім можна будзе будаваць сапраўдныя сцены з творчасці і дзейнасці.

Туман мінулага

Ведаеце, бывае такое, едзеш у вандроўку, знаходзішся там пару дзён. І ўжо мінулае, твой дом, абставіны жыцця, усё нібы ў тумане. Ты нібы заўсёды жыў тут, на месцы дзе знаходзішся толькі пару дзён. Што ўж казаць пра тыдзень.

Сёння наш дзень сумясціў раняшнее купанне ў Грэцыі, гэта было так натуральна і звыкла. Я задаваў сабе пытанне: “А як жа выглядае наша жытло ў Польшчы?” і не мог сабе адэкватна на гэта адказаць. Алеж у той жа дзень мы вярнуліся да дому. І зараз я пішу гэты тэкст з адчуваннем нібы нікуды і не з’язджаў. А мінулыя ўспаміны акутаны туманам нібы сон.

Ці можа гэта быць адным з сімптомаў жыцця ў моманце?

Світанак у мора

Чакаю світанак у цёмнага мора
Вятром як галінку здзімае мяне
Хацеў бы пайсці ўжо, штосьці трымае
Чакаю, чакаю світанак у цьме

Чакаю світанак у светлага мора
Вось вось яно, хутка, бо светла ўжо
Алеж прытаміўся, трываю-чакаю
Хоць ведаю як выглядае яно

Збіраўся пайсці, і засунуцца ў ложак
На цеплай пасцельцы сябе прытуліць
Цяпер, не світанка чакаю
А сонца, якое дазволіць да дому зваліць

Ну што ты тут!
сонейка!
Доўга трываеш!
Ужо не хачу на цябе я глядзець

Хачу каб ты вылезла хутка
І птушкай
Ляцеў я ў свой ложак
Хоць трохі паспець

…. ну вось і вылазіць….
І ў ложак не трэба
Дарэмна, цябе,
Я світанак браніў

Напоўніў ты сэнсам
Мне сёняшні ранак
Сагрэў прыгажосцю
Трыванні мае

Ікона

Гэта ікона з'явілася ў мяне мабыць год таму. Яна бліжэй за ўсё да маёй душы.

Пікнік

На вуліцы добрае надвор’е. Добрай справай ў такое надвор’е стварыць спантанны пікнік. Дзеці любяць, калі я ўрываюся ў іх шматлікія гульні і справы з цікавымі і добрымі прапановамі. Пікнік, адна з такіх улюблёных спраў. Вось бывае лень гнаць усіх у дом кушаць, збярэш посуд, ежу, кубкі, відэльцы, воду і балансуеш з усім гэтым, каб занесці за адзін раз.

Зваць дзяцей на пікнік, зусім іншае чым проста зваць есці. Яны імгненна на месцы. А лепшай ўзнагародай словы: “Папа, а можна мы яшчэ раз так зробім потым?!” Воклікі: “Які цудоўны дзень! Як жа ўсё добра! “

Перад пікніком трэба было адкрыць кран на вуліцы, каб памыць рукі. Звычайна ён закрыты, каб бясконцыя дзіцячыя гульні з вадой не напружвалі бацькоў. І вось пікнік скончыўся, а кран яшчэ адкрыты. Вёдры на пагатове. Ксюша носіцца і палівае кветкі, з любоўю і пяшчотай. А потым пераходзіць да ёлак, якія патрабуюць так шмат, так шмат вады!!!

А Люба набірае вядро, лье сабе пад ногі і пакуль не высахда скоча туды як Свінка Пэппа і спяваючы: “Muddy Puddle! Muddy Puddle!”

А што яшчэ?

Можна хварэць і любіць.
Можна любіць і хварэць.
Любіць і паміраць.
Любіць і жыць.
Любіць можна заўсёды.
Не проста гэта, алеж магчымасці неабмежаваны.