ENG БЕЛ РУС

ЖАДАННЕ З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ

Пошукі сапраўднага вечнага Жадання, якое праходзіць праз усю маю існасць вызываючы мяне да Жыцця.

Бранзатанне ў галаве

Штосьці хочацца, але гэтае штосьці не можа прыняць форму. Толькі цікае ў галаве: штосьці хочацца, штосьці хочацца… Звычайна ў такія моманты іду штосьці сажраць. Таму дарэчы і важу 105 кг пры тым што шпацырую па лесу штодня. Зараз ісці есці не хочацца. Таму пачаў проста пісаць. Ціліканне пачало супакойвацца. Больш асэнсоўваю. Гэтае ціліканне казала мне: хочацца праявіцца ў гэтым свеце. Хочацца, штосьці гэтаму свету сказаць. Але няма ні слоў, ні сэнсаў якія б гэты свет не ведаў і без мяне.

Адно што гэты свет не зможа даць, так гэта самога мяне. Жывога Косці, а не маіх ідэй і канцэпцый.
Як цяжка мне бывае супакоіцца, каб проста быць і жыць. Каб не скочвацца ў забыццё ўсяго таго любімага, што са мной ужо  зараз.

Таму калі-ласка, каму патрэба падтрымка ад жывога Косці, то я праект запіліў "Бот Прасторы Слухання".

Дзе вы можаце выказацца (галасавым паведамленнем), калі вам цяжка, а я ці іншыя валанцёры выслухаюць вас і дашлюць адказ.
Каб паспрабаваць, пішыце сюды: @listeners_space

Сустрэча світанка ў тумане на рацэ.

Гэта самая найпрыгажэйшая каякавая вандроўка якая са мной здаралася.

Вырашыў парэзаць і апублікаваць з натуральнымі гукамі (2 хвіліны).

Важнасць Слухання ў жыцці чалавека. Стрым з Міхаілам Самковым.

Паднятыя тэмы:
1:47 Што такое "Слуханне"?
5:28 Ці ўкожнага ёсць патрэба ў тым, каб быць выслуханым?
11:36 Што перашкаджае чалавеку слухаць іншага?
19:41 Што зменіцца, калі пачаць па іншаму ставіцца да слухання?
28:25 Як слуханне можа дапамагчы ў жыццёвых пытаннях?
36:00 Як слухаць тых, хто вельмі шмат кажа?
42:52 Калі слуханне гэта ахвяра?
46:33 Якія памылкі ёсць на шляху слухання?
51:53 Высновы сустрэчы.
54:28 Слуханне рушыць шаблоннае ўспрыманне чалавека.

Уваскрасенне Іісуса

Чарговы раз углядаюся ў свае пачуцці.

Адчуваю як (закон, правілы, мантры, аўтаматычныя дзеянні) уплываюць на сэнсы. Як сэнсы дэградуюць да звычак. Як калектыўнае, руйнуе індывідуальнае. Паспрабую ўявіць як было 2 тысячы год таму. Калі людзі спрабавалі сказаць адзін аднаму пра тое, што Іісус Хрыстос ажыў пасля смерці. Можна было праслыць ідыётам, убачыць шчырае здзіўленне і недавер з боку слухача. Перад тым як сказаць, раз 100 узважыш, ці варта.

Ну і галоўнае пытанне, якое можа зруйнаваць усё, што ў тыя часы, што ў сённяшнія: "А мне, што з таго?".

І вось сапраўды, у сённяшніх вітаннях адзін аднаго "Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!" людзі не адказваюць на галоўнае пытанне: "А мне што з таго?", "Ці гэта ўвогуле мяне датычыцца?", "Калі Ўваскрэс, то што?", "Калі не Ўваскрэс, то што?".

Вось з нейкімі такімі думкамі ўваходжу ў свята Уваскрэсення Іісуса Хрыста.

- - - 

Праз 5 гадзін...

- - - 

Навошта Богу спатрэбілася Ўваскрасаць?

Ведаеце, школьныя тэолагі ўсё расклалі па палічках, звязаўшы прыход Іісуса Хрыста, Яго смерць і уваскрэсенне ў чарговы закон. Падпарадкаваўшы ўсё нейкім правілам, метафізіцы і г.д.

А я дазволю сабе, выказаць мае вольныя думкі на гэты конт.

Зайду з некаторай адлегласці. Ці сустракалі вы людзей, якія імкнуцца не ўступаць ва ўзаемаадносіны, каб не пакутаваць ад расставання? Я сустракаў. Да я і сам лаўлю сябе на думках аб смерці ў самыя пяшчотныя моманты жыцця, калі любоў да Дашы пранікае ўсяго мяне. Калі бачу штосьці неверагодна прыгожае і павольна дыхаю. Гэтая думка пра смерць, як пра расставанне з усім тым, што табе так палюбілася. Яна спыняе жаданне любіць, прытупляе адчуванне прыгожага. Нібы абараняе мяне ад расчаравання і болю які прыйдзе са смерцю і расставаннем.

І вось прыйшоў Іісус і жыў жыццё на зямлі, і памёр і Ўваскрэс! І працягнуў тую любоў, якую пачаў. Любоў не зруйнавалася! Законы прыроды трохі пакалашмаціла, а любоў засталася!

Сёння, для меня ўваскрасенне Іісуса, гэта дазвол - любіць да канца.

Любіць, маючы надзею, на тое, што расставанне з любімымі будзе частковым, а не канчатковым.

Віншую вас з Уваскрасеннем Іісуса і надзеяй на нашае асабістае ўваскрасенне!

Трыгер на токсікаў

Зноў і зноў, я ўвязваюся ў размову з таксічнымі людзьмі. Менавіта пасля таго, як яны праяўляюць сваю таксічнасць. Зноў і зноў, хачу перамагчы злосць і знявагу, паважнай размовай і пошукам кампрамісу. Адкрыццём сваёй неабароненасці і добразычлівасці суразмоўцу.

І ў чарговы раз, цярплю крах на гэтым шляху. Прыслухоўваюся да сваіх пачуццяў. Адчуваю сябе знясілена і брудна. Але сам жа ўвязваюся ў гаўно, ад якога іншыя трымаюцца далей. Што я думаю наконт сябе? Няўжо разлічваю дастукацца да чалавечнасці, там дзе яна не мае месца, ці хутчэй не мае магчымасці праявіцца. Думаю пераадолець за некалькі паведамленняў і каментароў тое, з чым некаторыя змагаюцца праз усё жыццё? Так, сапраўды так. І ведаю навошта раблю. Бо маю жаданне перамагчы. Маю жаданне адчуць наканец перамогу на такім слізкім і адчайным шляху. Нібы наканец сцвердзіць гэты працэс, які пачаўся так даўно ў маім жыцці.

Разумеючы гэта зараз, і бачачы вынікі сваіх дзеянняў я станаўлюся свабаднее. Ува мне зараджаецца думка пра тое, што не варта ўвязвацца ў гэтую барацьбу. Не варта, мятаць бісер уласнай душы перад свіннямі. Іншымі словамі перад людзьмі, якіх гэты бісер толькі раздражняе і не нясе ніякай каштоўнасці. Якія імкнуцца скарыстацца адкрытасцю каб як мага глыбей укалоць у самыя неабароненыя зоны. Напэўна яны сцвярджаюць так сваю перамогу над смерцю. Напэўна такім чынам яны намагаюцца падзяліцца тым болем, які адчуваюць самі.

Але скончана, спадзяюся гэта добрая навука. Гэта падобна да таго, як я скончыў сваю барацьбу з алкаголем, думаючы, што магу ўжываць яго культурна і церпячы ад гэтага раз за разам.

Паспрабую пазбягаць нявартых размоў з таксічнымі людзьмі, з той жа ўпартасцю!

Наша вандроўка ў нямецкі Legoland

Заўважаю, што ў нейкі момант у галаву ўжо не ўваходзяць уражанні. Тое што адбываецца, перастае ўспрымацца. Але пераглядая відос, разумею наколькі тыя два дні адрозніваюцца ад нашай штодзённасці.


Нешта нявыказанае захрасла ў горле

Вось нібы хочацца сфармуляваць, неяк ахапіць розумам, адчуць да канца, асэнсаваць у канцы та канцоў. Але замест гэтага проста камяк. І такая моцна трывога, нейкая спешка ў тым каб узяць аловак, ці пачаць пісаць. І яно выйшла з мяне. Здаецца, штосьці важнае. З алоўкам я сядзеў, сядзеў і толькі загагулі выйшлі. Вось зараз спроба пісаць. Спроба падступіцца да таго, што кліча і не падпускае.

І яшчэ ў гэтай справы ёсць такая дрэнная акалічнасць, перад ёй губляе каштоўнасць розная іншая дзейнасць. Вось здаецца і тое можна, і гэта... а думка круціцца - не хачу, трэба штосьці з гэтым камяком зрабіць. Нібы трэба зараз вырашыць, штосьці вельмі важнае ў жыцці.... а што, невядома.
Ці можа хочацца неяк спрасціць жыццё, каб не было яно складаным такім, каб стала больш празрыстым.... пішучы разумею, што не хачу спрашчэння. Лепш ужо навучыцца працаваць з тым, што ўсё не проста. Неяк зжывацца з гэтым. У гэтым ёсць свая прыгажосць.

Першы пацалунак

11 год таму адбыўся наш першы пацалунак, а пасля адбылася шмат чаго рознага. Углядаючыся ў бяскрайні ўнутраны сусвет маёй каханай я адкрываю для сябе гэты свет і прыгажосць чалавечнасці.

Розны досвед Бога

У працяг учорашняй думкі пра блізнят і маму. Мы можам сутыкнуцца з праблемай, што людзі шукаюць зусім рознага Бога. І як жа можна прымірыць гэтых людзей, калі іх погляды на Бога дыяметральна супрацьлеглыя?

Для прыкладу возьмем мяне.
Звычайны чалавек. Але наколькі па-рознаму я адкрываюся для розных людзей. Нават дочкі раскрываюць мае розныя якасці, і для іх ува мне каштоўны розныя рысы. Для Дашы я буду не такім, як для супрацоўніцы польскага ўжонда. Я розны для маіх бацькоў, для маіх сяброў, для кліентаў, і г.д. І няма ніякага Косці, якіб умясціўся ў бачанне аднаго чалавека, хоць нават і самага блізкага.
А Бога канешне моцна завузілі і адарвалі ад кантэксту і асабістага досведу кожнага чалавека.

Бог такі, якога мы шукаем?

Гучыць неяк няёмка, але вось невялічкая аналогія з майго светапогляду.
Калі б я распавёў вам пра блізнятак, якія ва ўзросце трох год згубілі любімую маці. І на працягу свайго жыцця шукалі яе. І хоць іх успаміны пра маці могуць адрознівацца, ці было б лагічна сказаць, што іх маці падобна да той якую шукае кожны з іх?

Якога Бога я шукаю?

Я шукаю Бога які заўважае мае памылкі, але суцяшае, прымае, супакойвае. Які тлумачыць мне, што са мной адбылася. Які кажа, не бойся - гэта не канец. Жыві і імкніся любіць. У цябе яшчэ ёсць час. Я люблю цябе і прымаю разам з тваёй недасканаласцю. Я люблю намеры твайго сэрца, і разумею твае дзіцячыя памылкі і няўважлівасць. Я не суджу цябе так строга, як ты судзіш сябе. Я ўвогуле не суджу цябе. Я спачуваю табе, калі ты адчуваеш пакуты сумлення. Я радуюся тваёй радасці. Я тут, каля цябе, ты не адзін. Усё жыццё ты ведаў, што я з табой. Хоць і ўяўляў ты мяне па рознаму, і думаў пра мяне рознае. Але я тут, з табою, і я не патрабую ад цябе дасканаласці. Я разглядаю намеры сэрца і радуюся добрым намерам, і спачуваю намерам якія сыходзяць ад страху, няўпэўненасці і болю. Я адчуваю тваё жыццё і спачуваю табе.

І так, я магу быць не ўсе магутным....
Не крыўдуй на мяне, калі што....

Грэх ці Любоў?

У мяне тут невялічкія разважанні пра Іісуса Хрыста, і як Евангельская аповесць змяніла маё ўспрыманне жыцця.

Я разумею, што жыў па правілах закону даволі доўга. І правілы гэтыя заўсёды казалі пра асуджэнне. Толькі дасканалы, мог пазбегнуць асуджэння. Калі ты парушаеш Закон, то ты вінаваты. Страх перад законам, страх памылкі, жыццё вымяраецца бяздзейнасцю. Выйсце з гэтага стану - смерць. Няма чалавека - няма памылак. Няма чалавека - няма парушэння закону.
А хто той сверхчалавек, які імкнецца не парушаць і не парушае?
На мой погляд - фанатык, прагматычны ідэаліст. Чалавек які ў аснове свайго жыцця паставіў адно адзінае жаданне - не памыляцца і не быць асуджаным. Вось пішу зараз і ў мяне дрыжыкі па целу. Так я імкнуўся жыць, такія рэакцыі і патэрны паводзін выпрацоўваў унутры сябе.

Альтэрнатыва, якую прынёс для мяне Іісус Хрыстос:
Будзьце вольныя ад граху, хопіць ставіць яго на першае месца. Калі вока ваша толькі на гэты грэх і глядзіць - то гэтым і напаўняецца ўсё вашае жыццё.
І вось Іісус ходзіць па зямлі, размаўляе з "грэшнікамі", не звяртаючы ўвагі на іх грахі. Не дзелячы людзей па гэтаму крытэрыю. Ён нібы кажа - гэта не важна. Не гэта ёсць самім жыццём. Ён кажа Любіце. Ён Любіць.

І ў жыцці сваім я бывае сутыкаюся з выбарам - парушыць закон ці любіць.
Выканаць абавязак, ці пайсці з дзецьмі пагуляцца. Канцэнтравацца на злым ці на добрым. Ці адмаўляцца ад добрага, з-за таго што разам з добрым - злое.

Бо з кожнай добрай справай, з кожнай справай любові ідзе разам зло і грэх. І я лічу, што мне не варта спыняць любоў, з-за таго што каля яе зло. Але трэба весці барацьбу са злом, каб у нашай любові яго было ўсё менш.

Вось мужык валяецца п'яны, падышлі да яго, паднялі, дапамаглі дайсці да дому. Ён заваліўся ў хату і пабіў жонку, наараў на дзяцей.
Ці сталі мы саўдзельнікамі злачынству?

Зачыталіся на вуліцы

На двары +21, мы сядзім і чытаем, чытаем і не можам спыніцца...

Даша праходзіла міма, завісла з намі на пару гадзін, пакуль не скончылі кнігу. Прыходзілася перапыняцца, каб праплакацца ў асабліва ўрачыстыя моманты. Увогуле, атрымалася цудоўна і ўрачыста! Мілікі насіліся ў елках, Ксюша гушкалася на арэлях, а Люба была капітанам карабля, футбалістам і галоўнай шумелкай нашага мерапрыемства. Таму прыходзілася голасна чытаць на ўсю аколіцу. Суседзі не слухалі, святкавалі Пасху.

Кніга называлася "Прадзелкі двайнят" Эрыха Кестнера.
Там сапраўды цікава, а падзяліцца хочацца такой фразай бацькі:
"На чацвёртым паверсе злева мы будзем шчаслівыя ўчатырох, а на чацвёртым паверсе справа я буду шчаслівы адзін, але ад вас мяне будзе аддзяляць толькі сценка."  - такія яны творчыя натуры, да і не толькі творчыя. Якім так патрэбен час у адзіноце.

Папа і Мама

Апошнія тыдні думаю, пра сваю няўдзячнасць бацькам.
Хутчэй наадварот, пра той патэнцыял удзячнасці, які хочацца нейкім чынам вызначыць.
Я люблю сябе, і бачу што ёсць ува мне глыбінная прыгажосць, радасць, дабро, любоў. Мне вельмі ад гэтага ўсяго цёпла і прыемна. І я дакладна разумею і адчуваю, што мае папа і мама, падарылі мне гэта ўсё. Што я напоўніўся тым, што яны захавалі і ўзрасцілі ў сваім сэрцы. Тым, што яны адчувалі ў адносінах да мяне, адзін аднаго і гэтага свету. Дзякуй вам мама і папа, за тое, што вы ў мяне ёсць. За маё жыццё і за нашу з вамі любоў.

P.S. На фотаздымках папіна фотапаляванне на лятаючага ката, і маміны кветкі. Я натхнёны, тым як вы ўспрымаеце прыгажосць. І радуюся, што вы часцяком шпацыруеце па лесу разам. Ваш Косця.

Дзень адраджэння Ч1: Люба

Учора, вярнуўся сэрцам да сваіх мэт і жаданняў.
Сёння ўсё гэта распачала дзень.

04:00
- Папа, папа ... мне страшна...
- Люба, што здарылася?
- Мне прысніўся страшны сон...
- Добра, давай я лягу з табою спаць
04:20
- Папа, так цёмна, я не бачу цябе, я бачу толькі чорную пляму замест цябе.
- Чорная пляма, гэта і ёсць я.
- Ну добра, мой мілы папічка.
04:30
- Папічка, а давай размаўляць....
- Не, хачу спаць
04:40
- Папічка, ты ў мяне такі тоўсты, мы не ўмяшчаемся....
- ну добра, сяду каля ложку
04:50
- Папічка, мне баліць жывот
- На вось табе вады
05:00
- Папічка, няма чым дыхаць
- Ну давай прачысцім нос...
05:10
(... пайшоў гатаваць прамыўку для носу...)
- Ксюша, Ксюша! Добрай раніцы, ужо светла, уставай!!! (Шторы шыр шыр, святло Кляц!)
- Аааа, Люба! Спаць!!! Ксюша, Спаць!!! Аааа!!!!

Ксюша заснула адразу, а Люба ляжала і глядзела, як я пішу нататку пра Культуру сораму.... Яно ўсё канешне напружана ў 4 раніцы, але гэтае пяшчотнае "папічка" мяне вельмі кранае.... Недзе а палове шостай Люба заснула.... Працяг дня ў наступнай нататцы.

Працяг дня

Дзень адраджэння Ч2: Лес / Туман

Першая частка

.... каля паловы шостай Люба заснула
А ў акенцы быў непраглядны туман.
У мяне захапіла сэрца, але не так як раней.
Мне было страшна...

- Ці захавалася маю любоў да туманаў, скрозь такі прамежак часу?
- Ці класціся спаць, ці ісці правяраць, як я зараз адчуваю прыгажосць?
Страшна, праясняць рэальнасць сваіх пачуццяў.

Але я сабраўся і пайшоў.
Я ішоў, і прыслухоўваўся да самога сябе.
На пачатку нічога не адчуваў, было холадна, пачаў кашляць.
Адсутнасць пачуццяў ціснула на мяне, і панікёрская думка: "няўжо ты больш не адчуваеш" адбівалася ў такт пульсу.
Але вось я зварочваю з асфальту на такі полу прылесак, і адчуваю невялічкую ўзрушанасць. Раблю фотку. І далей іду па свайму маршруту.

Калі ўжо выйшаў на веларолерную трасу, то адчуў сябе цалкам зацікаўлена. Бо пачаў бачыць камяк сонца.... Яно праз туман вельмі такое бясформеннае.
 
Працягваў паглыбляцца ў лес, з якога потым я выйду на палянку.



А вось і палянка з сонейкам прабіваецца пад галінкамі дрэва...



Боўтаўся там па палянцы, глядзеў то на сонейка, то на лес. І напрыканцы сфоткаў мох. Які ён зараз прыгожы! Бо травы яшчэ няма, а ён на дрэвах асабліва яркі, такі нават сочны. Я яго люблю мацаць. Ён бывае сухі, мокры, пушысты... Кожны раз цікава, а які ён сёння...

І на прыканцы маленечкае відэа (запісваў як прадмову да роліка па-расейску).

Культура сораму

Культура сораму (сямейная марная слава "тщеславие") забівала каханне. І я вельмі ўдзячны Богу, што зараз падаецца яна губляе свае апоры...

Што я маю на ўвазе, калі кажу культура сораму?
Гэта вонкавае спаборніцтва, на тэму Што іншыя людзі думаюць пра маю сям'ю? Культуру калі вельмі важна "паказваць" як шчасліва, добра і прыгожа жыве твая сям'я. У гэтай культуры не выносіцца смецце з хаты "сор из избы" і ўсе моцы накіраваны на вонкавую карцінку. Праз жыццёвыя гісторыя іншых людзей, я як і некаторыя ўзненавідзеў гэтую  культуру. Культуру падвойных стандартаў, холаднасці, жорсткасці і ІМІТАЦЫІ! Як жа я цярпець не магу імітацыю. Імітацыя забівае сапраўднасць.

Пытанне: А што людзі падумаюць? - Напэўна, забіла не адзін мільён не народжаных дзяцей.

Стрыманая рэакцыі ў адносінах да неадэкватных начальнікаў, скалечыла потым у дамах немала жонак і дзяцей.

Гэтае сранае вонкавае "прыгожае", каб людзі нічога не падумалі... , часта забівае неабароненае ўнутрашняе.

І ўсе насіцелі гэтага "добрага выгляду", імкнуліся выхаваць з сваіх дзяцей такіх жа служыцелей ідала вонкавасці.

У культуры раней не было прагаворванне сваіх эмоцый у Я-выказваннях. Таму прыходзілася людзям камунікаваць праз розныя формы асуджэння і перамыванне косткаў усім астатнім. І гэта было страшна. Вось і хацелася, каб пра "мяне, нас, нашу сям'ю" казалі толькі добрае... А што там унутры, да гары яны гарам - не так важна...

Мяне і зараз трыгерыць усе такое, не адпусціла яшчэ.

Ад коўчынга, да Жыцця!

Я вярнуў сябе жыццё назад
Паляцеў у Жаданыя прасторы....

Вось менавіта сёння так і атрымалася. Учора раскапаў нататку 10 месячнай даўнасці пра мае планы Жыць і дапамагаць іншым людзям адшукваць іх уласнае Жаданне. І коўчынг як прамежкавую стадыю на гэтым шляху, як інструмент які дасць мне нейкую базу і інструменты, з якімі я змагу працаваць бяспечна для кліента. Але па дарозе, тое-сеё перамянілася. Я пачаў глядзець на сябе праз прызму коўча. Іншымі словамі я завузіў сябе да коўча і коўчынгавай працы. 

І ў маім жыцці паўсталі пытанні, як раздзяліць час паміж гэтымі блокамі:
  • ляснымі шпацырамі, каякінгам, догімі размовамі з Дашай, гульнямі з дзецьмі, чытаннем кніг, пісаннем вершаў і правядзеннем тэрапеўтычных груп
  • працай ў якасці коўча, дзе праз коўчынгавыя размовы я дапамагаю людзям павялічваць асэнсаванасць і адказнасць у іх рэальнасці, мэтах і жаданнях
  • продаж і прасоўванне сваіх паслуг, праз маркетынг, развіццё брэнду і г.д.

І неяк мне стала няёмка, бо я ўбачыў, што праца яна неяк супрацьпастаўляецца жыццю. Бо яна нібы з-за працы жыцця становіцца менш. А жыццё, гэта менавіта тое, чым я магу дзяліцца з людзьмі.

І я вярнуўся да больш шырокай канцэпцыі самога сябе.  Да сваёй каштоўнасці. Да свайго Жадання.

І вось атрымаліся ў мяне такія высновы:

  • Мая каштоўнасць як спецыяліста (коўча, экзістанцыйнага суразмоўцы ці як мы там яшчэ гэта назавём) будзе тым больш, чым больш ува мне будзе Жыцця! 
  • А маё жыццё, яно складаецца з усяго вельмі простага: з любові да Дашы, дзяцей, іншых людзей. З любові да прыгажосці, прыроды, З любові да самога сябе.
  • Любоў яна ў мяне праз слуханне, праз бачанне, праз адчуванне... Праз "трепет" каля усяго цудоўнага, што ў гэтым свеце мне так палюбіалася.
 

А на практыцы іх можна перакласці ў наступныя дзеянні:

  • вярнуць сабе больш жыцця, больш глыбокага пражывання самых простых момантаў і стасункаў (тут усе гэтыя лясы, туманы, світанкі, каякі, вершы ды нататкі).
  • арганізацыя і правядзенне тэрапеўтычных груп да 6 чалавек. Для мяне гэта: Слухаць з "трепетам" і дапамагаць групе кіравацца правіламі, каб захаўваць бяспечную прастору для ўсіх удзельнікаў. У такіх групах людзі ўзбагачаюць адзін аднаго сваёй чалавечнасцю, адкрытасцю і глыбінёй. Такі фармат - цуд. Пакуль у мяне дзве любімых тэмы: "Мае пачуцці ў Эміграцыі" і "Крызіс светапогляду". Групы на беларускай і рускай мовах. Тут падрабязней: https://listeners.space/by/
  • ну і канешне хочацца пасадзіць людзей да сябе ў каяк на світанку і паказаць як сонейка прабівае туман і адлюстроўваецца ад вады, бо гэтаж неверагодна проста, плыць у цішыні пад спевы птушак, ласіныя нейкія рыканні і бывае плёскат баброў ці выдр... Ці па лесу павадзіць, паабдымаць дрэвы, адчуць пахі, гукі, смакі.... Відэа, як я гэта раблю можа пабачыць тут: https://www.youtube.com/watch?v=d210Ikg1h9I&list=PLKoHw53ogrZjiPF2QIhrmdjnFxA1_1FgR (там яшчэ асонба пра лес ёсць)
  • Ну і зразумела, можна і паразмаўляць адзін на адзін пра глыбокае, жаданае, сэнсоўнае. І гэта ўжо пра коўчынг. І вось тут можна забукаць мой час: https://topmate.io/fmensk/824741?coupon_code=fmensk 
    Але каб пра такое размаўляць, трэба напітваццам жыццём, трэба жыць!
    Таму і коўчынг паслугі мае, яны на прыканцы спісу. Яны ўжо як нешта дадатковае, хоббі мабыць, для тых, каму гэта сапраўды патрэбна. Для тых, каму адклікаецца Жаданне Жыць і адчуваць Жыццё.

Вось неяк так адгукнуўся сёняшні дзень, дзе я вярнуў сабе жыццё!
І вось вам здымак з сёняшняга лесу!


 

 

 

Вершык пра ўнутрашнія хвалі

Хвалі хвалююцца...
Людзі турбуюцца...
Жыцці спыняюцца...
Усё аднаўляецца...

Унутры штормы бушуюць
Яны звонку людзей катуюць
Праз нашыя дзеянні-словы
Вострыя воды топяць параходы

Быў страх
Разрываў унутры
Шукаў сябе выйсце
І стрэліў, глядзі!

І трапіў у таго
Хто праходзіў міма
Той боллю прачуўся
Віной абярнуўся

З пакутамі выйшаў
І ўжо шторм яго
Праз дзесяць хвілін
Пранзе іншае сэрца злом

І так тыя хвалі
Ліюцца праз край
Нідзе не сціхая
Сціраюць рай...