ENG БЕЛ РУС

Ксюша (13)

Дзень 1 без інтэрнэту - дафамін ад псіхатэрапіі, скрыпка на світанку і размова пра цуды.

3:30

Успышкі святла і грукат. Не ў першы раз, адзін і той жа час. Даша просіць закрыць вакно. Мне патрэбен час, каб зарыентавацца ў прасторы. Завісаю перад вакном, даўгачаканая прахалода - прыгожая маланка і моцны дождж, надыхацца бы. Прачынаюся, прыходжу ў сябе. 

Ломка. 4 гадзіны таму я зышоў з інтэрнэта да канца лета. Заблочыў усе соцсеткі і мессенджеры. Пакінуў толькі сакрэтны для кліентаў, бацькоў і Дашы. Хачу, чаго небудзь новенькага і цікавага. Механічна правяраю тэлефон. Асалода расцякаецца па целу. Кліент напісаў пра свае думкі. Дакінуў мне дафаміна, праз маленькую шчылінку. І вось я ўжо бадзёры. Пераходжу з крышкі ўнітаза да ноўта, каб напісаць нататку. Бо ўсё вакол і ўнутры мяне палыхае святлом і грукатам. Як магу я дапамагчы чалавеку, ад якога адмовіліся іншыя псіхатэрапеўты? На што я разлічваю? Як высока заходжу ў сваіх марах, і це не прыйдзецца ляцець долу разбіваючыся аб рэальнасць? Супакойваю сябе: "Я проста суразмоўца". Але прадчуваю, што ўсё значна складаней, чым я магу сабе пра гэта ўяўляць. 

Свой дафамін я атрымаў. Цікава, колькі грошай перавесці кліенту за маё задавальненне? Колькі чалавек на свеце, гатовыя былі бы плаціць, каб стаць важнымі ў жыцці іншых людзей? Каб ім давяралі нешта сакравеннае, чаго не могуць сказаць нікому іншаму? Мне падаецца, я забіраю свой асноўны ганарар ад працы, менавіта праз гэты стан. Я сцвярджаю сваю постаць і яе значэнне ў гэтым свеце, праз адчуванне маёй адметнасці. Праз вобраз чалавека, якому хочацца давяраць. 

Завіс над гэтай апошняй фразай, пераглядаю, думаю. Што падумаюць людзі якія будуць чытаць? Як гэтыя словы будуць зразуметы, маімі кліентамі? Ці не страчу я іх давер? Напэўна, я не лічу сябе чалавекам, якому можна давяраць. 

4:30

Вярнуўся ў ложак. А за вакном ужо святлей. Навальніца сціхла ў імгненне. Трэба спаць. Нейкія гукі з дзіцячага пакою. Падымаюся. Люба ўткнулася ў сцяну. Паправіў яе. Апрануў майку-шорты і выперся на вуліцу.

Цёпла. Яшчэ трохі капае. Няма мэты куды ісці. Проста іду. Чую гукі скрыпкі. Нейкая зусім адчайная і сумная гісторыя. Падыходжу ў упор. Гэта рыпанне рэкламнага сцягу каля Брыко. Якое яно мілагучнае сёння. Машына праехала. А я іду, прадчуваючы магчымыя прыгоды. Але не душы. Вось невялічкія могілкі ў парку. Зайду. У парку ідзе дождж. Тыя кроплі, што затрымаліся на лісцях дрэў валяцца ўніз ад парываў ветру.

Што адбудзецца? Куды я іду? Які сігнал ад Бога, змагу разглядзець гэтым разам? Ці можна было б яго адчуць не выходзячы з ложку?

Ах, ведаў што лава мокрая. Хаця на гэтае і разлічваў. Зараз мокрая жопа. Ці гэта сігнал? Не, але вельмі хочацца. Вельмі хочацца дакрануцца, да чагосьці невымоўнага. Разарваць матэральнасць гэтага свету, прабіцца да жыцця.

Выходжу з парку. Дзве басаногія жанчыны машуць таксісту. Іду дадому.

9:00


- Папа, чаму фея не забрала мой сёняшні ліст? 

Узгадваю свае думкі за апошні тыдзень, наконт феі і дзеда мароза. Узгадваю як шчаслівыя дзеці ўрываліся раней ў пакой з крыкамі: "Ура, ад феі падарунак! Ад феі ліст!" А я безэмацыйна адказваў: "Добра. Цудоўна. Пакажы, што там яна вам прынесла?" Як можна, з каменным тварам рэагаваць на цуд гэтага жыцця?!!! Добра яшчэ, што не сімуляваў захапленне і здзіўленне! Гэта ж найвялікшае спаганнене цудаў, чуючы пра цуд - згаджацца і не рыпацца з месца. Нават не ўяўляю, як гэтая бацькоўская рэакцыя можа ўмяшчацца ў сэрцы дзіцёнка. 

Доўгае маўчанне, выдыхаю і нарэшце я вырашаюся.
- Ксюша, фея гэта я.

Ксюша ціха плача, па яе шчацэ цячэ слязінка суму і крыўды. Яна нібы і ведала, што гэта я. Але мела надзею.

Ах як жа ёй і мне хочацца, каб былі сапраўдныя цуды. Каб містычнае, разрывала сумны свет матэрыалізму.

Мы абняліся і ціха плакалі. 

А потым доўга разважалі, як жа нам з ёй знайсці сапраўдныя цуды. 

 

 

Гісторыі сяброўства

Сёння Ксюша распавяла сумную гісторыю яе ўзаемаадносін з самай любімай сяброўкай у школе.

Ксюше вельмі падабаецца з ёй гуляць. Сяброўка крэатыўная, цікавая і прыдумляе крутыя гульні. Алеж ёсць і другі бок усяго гэтага. 
Ксюша паскардзілася, што ва ўзаемаадносінах са сваёй сяброўкай мае вельмі мала свабоды. Бо калі, яна хоча зрабіць штосьці па свайму, то сяброўка крыўдзіцца, расстройваецца і можа нават злавацца. А Ксюша баіцца гэтых эмацыйных станаў сяброўкі. Да і сяброўку згубіць не хоча. 

Мне было балюча чуць гэтую гісторыю, я бачу, што ў нейкім плане гэта залежныя ўзаемаадносіны. І што свядома, ці несвядома, Ксюшына сяброўка сваёй рэакцыяй застаўляе Ксюшу пазбягаць канфлікту, хаваць сваё ўласнае меркаванне, што ёй штосьці не падабаецца. 

Я сказаў Ксюше, што нічога страшнага ў тым, што другі злуецца няма. І не абавязкова яму заўсёды падыгрываць. Што адказнасць з эмоцыі і крыўды ляжыць на сяброўцы, а не на Ксюше. 

Алеж для Ксюшы сапраўды вельмі важны гэтыя ўзаемаадносіны, яна ад іх натхняецца, і ад іх пакутуе. А яшчэ мае страх, што калі яна будзе казаць сваё меркаванне, то яе сяброўка пакрыўдзіцца, і больш ніколі не будзе з ёй сябраваць. 

Вось і што з гэтым рабіць? 

Затое, я змог падсвяціць Ксюше, што яе адносіны з малодшай сястрой Любай вельмі падобныя на тыя што апісаны вышэй, толькі Ксюша з'яўляецца трохі маніпулятарам. І часта Люба ідзе на ўступкі, выбірае не ў сваю карысць, а ў Ксюшыну. Бо Любе невыносна, калі ў Ксюшы дрэнны настрой. 

Вось такія амаль трохкутнікі. 
Дзякуй дачушка, што можаш абмяркоўваць са мной такія няпростыя пытанні.

 

Трымайся прынцэса

Жыла была дзяўчынка. 
Дзяўчынка, якая радавалася і сумавала.
Яна была напоўнена рашучасцю і страхам.
Усёю душою яна патрабавала прыняцця і адабрэння.
І яе сэрца прымала на сябе раны, яны балелі ёй.
І сваімі рукамі, яна раздзірала свае раны, каб бліжэй убачыць іх, і яе боль станавіўся невыносным.

Алеж не ведала, тая маленькая дзяўчынка. 
Што яна была апорай і апошняй надзеяй для іншых людзей.
Што як за апошнюю галіначку, чапаліся за яе такія ж як яна сама. 
Марылі аб сяброўстве з ёй, аб яе ўвазе і прыняцці.
Не ведала тая малышка, што ўжо зараз, яна выратоўвае жыцці, хаця і сама на валаске. 
Трымайся прынцэса, і ў табе Хрыстос! І ты свет міру!

 

Праблемы з школай

Першая рэальна складаная сітуацыя ў Польшчы.

Два тыдні таму, Ксюша захапілася правапісам. Самастойна брала школьны сшытак і пісала, пісала, пісала. Вочы гарэлі. Была ў гэтым канкурэнцыя і жаданне. Паказвала мне з захапленнем. Хвалявалася, што мабыць іншыя дзеці паспелі напісаць значна больш. Але хто ж яшчэ мог прапісаць на паўгады наперад? 
Гледзячы на Ксюшу, я ўзгадваў як за два дня рашыў усе хатнія заданні ў падручніку па хіміі. Пасля гэтага мяне падтрымалі, і пачалася мая кар'ера хіміка.

Дзеці папярэджвалі Ксюшу, што пісаць наперад нельга. Казалі пра гэта Ксюше, а Ксюша мне. Мы не звярнулі на гэта вялікай увагі. 

А вось сёння здарыўся бум. 
Мала таго, што на Ксюшу накрычала настаўніца. Так яна яшчэ і заставіла яе сціркай сцерці ўсё сваю працу наперад. Мая дачка была раздаўлена. Я быў раздаўлены. Невыносна і хочацца крычаць. Хочацца біцца. Палову дня, гэты агонь кіпеў ва мне. Ксюша плакала, я крычаў унутры. Потым я шукаў шляхі вырашэння сітуацыі. Бо невядома, чым можа скончыцца прамы канфлікт. Ксюше вельмі падабаюцца дзеці, з якімі яна вучыцца. Вымалёўваецца шлях, які трэба паспрабаваць. Дабіцца мірнага паразумення з настаўніцай. Каб у яе не было дрэннага стаўлення да Ксюшы, а пры гэтым Ксюша зноў адносілася да яе з даверам. І зноў палюбіла пісаць. 

Працяг у каментары.

Каякінг з Ксюшай

У мяне сёння яшчэ і відэа на хвіліну, як мы з Ксюшай плавалі на каяку і яна веславала.

Каякінг на світанку

Мне здаецца я зусім перастаў пісаць.
Толькі на каяку езжу туды сюды ды ролікі здымаю.

Ксюшыны пачуцці, калі Любе прыйшла новая сукенка.

Ксю: Я адчуваю сябе вельмі, немагу вытрамаць таго, што ў Любы цяпер сукенка. Мне вельмі сумна, што ў Любы новая сукенка. Таму што ў Любы такая прыгожая сукенка. Таму што мне не прыслалі. У мяне няма такой прыгожай сукенкі няма. Адчуваю, што мне вельмі дрэнна. Таму што ў мяне няма сукенкі ці іншай адзенні такой прыгожай як у Любы. Мне крыўдна, што ў Любы гэта ёсць а ў мяне няма.

Па: Ты думала, чаму табе крыўдна?

Ксю: Я сама не ведаю, алеж пачуцці так даюцца, што зусім нельга адказаць як на гэты пачуцці, ці што яны значаць? Ці навошта яны так працуюць? Ніколі не ведаеш, у жыцці заўсёды загадкі.

Па: Было б цікава разгадаць гэтую загадку?

Ксю: Думаю так.

Па: Гэта як дэтэктыў?

Ксю: Так алеж значна цяжэй. Ніколі яе не разгадаеш.

Па: А калі мы паспрабуем, яе разгадаць з табой?

Ксю: Я не ведаю што атрымаецца калі разгадаем.

Па: Можам купіць торт, калі разгадаем!

Ксю: У чэсць чаго?

Па: Што мы вялікія дэтэктывы.

Ксю: Я думаю яны зрабілі так (маюцца на ўвазе чалавечкі ў Ксюшынай галаве фільм "Галаваломка"), каб мне было вельмі так сумна, так крыўдна што ў яе ёсць сукенка.

Па: Навошта так хацелі зрабіць? Якая ад гэтага карысць?

Ксю: Калі гэта хтосьці з іх крыўда ці сум, яны не разумеюць карысць, яны думаюць толькі што ім сумна зза гэтага.

Я разгадала, загадку, што гэта зусім не карысна мне. Проста яны сумна крыўдныя, і працуюць па чарзе.

Яму хацелася пасумаваць. Ён любіць сумаваць, таму вырашыў пасумаваць.

Па: А як там радасць пажывае?

Ксю: Бываюць такія часы калі і радасць сумная. Калі было агідна і страшна. І радасць на гэта магла зпрацаваць. Ну што, мы адгадалі?

Па: Не ведаю, алеж я думаю, што чалавечкаў няма ў нашай галаве.

Ксю: ООО, як так! Алеж мусіць быць штосьці, што павінна кіраваць намі! Мы не можам кіраваць самі сабой! Калі б іх не было, як бы мы маглі выказваць сум, ці што мы радасныя, злыя, ці агіду?

Па: Ну я лічу, што мы гэта і ёсць, што гэта сапраўды мы ўсё адчуваем. Што б ты магла яшчэ адчуваць у гэтай сітуацыі?

Ксю: Я хацела, каб я была радасная. Каб радасць прыйшла, алеж замест радасці прыйшоў сум. Я не змагла яго ўбраць.

Па: Чаму ты лічыш, што павінна была прыйсці радасць?

Ксю: Люба, мая сястра, я яе люблю, хачу за яе радавацца, алеж не магу.

…. вырашылі працягнуць іншым днём, пакуль разгадку не разгадалі …

Папа, папа.... ну скажы як шукаць адказы ў глыбіні свайго сэрца?

Крэсла гайдалка. Вуліца. Хмаркі. Навес. 
Ксенія выбягае зза вугла. Сумны крок. Вочы да долу. 
- Ксюша, што здарылася?
- Я выпадкова пабіла Любу скакалкай. Яна сама падлезла...
Ідзі сюда мая добрая. Садзіся да мяне на калені.
Не сумуй, рознае бывае.
Ксенія ляжыць у мяне на руках. 

- - - 
Мне здаецца, што я крыху разумею яе. Яе думкі па колу, якія бывае вылазяць то тут то там. Якая я дрэнная, чаму я такая дрэнная, а Люба такая добрая, а я злая... 
Як ёй цяжка ад гэтых думак, як гэтыя думкі захопліваюць яе. Бываюць такія ўчынкі, пасля якіх гэты ком скатваецца на яе лавінай. Яна справядліва адчувае сябе ахвярай (алеж не ахвярай нашага асуджэння), а ахвярай сваіх уласных думак. Ёй дрэнна, сумна, самазнішчальна. Гэта развіваецца так хутка, да і я са свайго боку магу падкінуць паленцаў у яе вогнішча. 

Звонкі сітуацыя выглядае так:
Люба лезла, Ксюша не стрымалася і ўдарыла Любу. Люба плача, ёй больна і патрэбна суцяшэнне. А Ксюша пераключаецца на сваю трагедыю, і ўжо забывае пра Любу. Ці яшчэ больш злуецца на Любу, бо праз яе яна зноў сустрэлася з сабой невыноснай. 
А я ж кажу/крычу: Паглядзі што ты зрабіла! Ідзі пашкадуй Любу! 

- - - 
І вось ляжыць яна ў мяне на руках, і я суцяшаю яе.
Ты добрая дачушка. Не сумуй. Усе мы робім бывае тыя ці іншыя нядобрыя ўчынкі. Так бывае. Ты добрая. Ты не тоеж самае, што твае ўчынкі. Табе не трэба адпавядаць усім нашым жаданням. Ты можаш быць сабой, і мы будзем любіць цябе не ў залежнасці ад таго, ці робіш ты як мы хацім, ці не. Слухай свае сэрца Ксюша, там ты пачуеш адказы.

Гэтыя словы, па адказы якія можна пачуць у Сэрцы захапілі яе. 
На працягу дня, яна тройчы падыходзіла да мяне і запытвала шэптам:
Як можна пачуць адказы ў сваім сэрцы? Папа, навучы мяне.

Я адкладаў гэтую размову колькі мог. На трэці яе запыта вызначыўся з часам.
- Сёння, пасля вячэрняга чытання, мы паразмаўляем пра гэта перад сном.

Зразумела, увесь дзень я думаў, пра штож размаўляць з Ксюшай перад сном.
Няма ў мяне ніякай методыкі, якая б навучыла хоць бы і мяне чуць адказы у сваім Сэрцы.

Прыйшоў час размовы.

Ведаеш Ксюша, лепш за ўсё ў Сэрца спачатку дазнацца пра пытанні. Пра тыя пытанні на якія табе важна мець адказы. Пытанні, якія ўзрушваюць цябе. Напрыклад: Хто ты? Якая ты? Што табе важна? Чаму ты хочаш таго ці іншага? Чаму ты чагосьці бывае не хочаш? ....

- Папа, а я магу дазнацца, чаму мне бывае прыходзяць думкі, што вы мяне не любіце?
- Гэта Ксюша, таму што твой тата думаў раней, што ён вельмі разумны. Усе глупыя людзі так думаюць. І вось твой тата (я), лічыў, што калі Ксюша, робіць штосьці няправільнае, то яе трэба ставіць у куток. Каб яна разумела, што правільна, а што няправільна. Вось дачушка я цябе проста заганяў па гэтых кутах. Замест таго каб прыняць цябе, абняць цябе калі ты і памылялася. Я адсылаў цябе ад сябе. І ты ішла ў кут. Я думаў, што раблю гэта з любоўю. Для цябе. Алеж прабач мяне дарагая Ксюша, я был вельмі глупым. Я люблю цябе Ксюша.
- Папа, я зусім не памятаю ўсяго таго, пра што ты распавядаеш.
- Так Ксюша, ты не памятаеш гэта, алеж да цябе прыходзяць думкі. Што я не люблю цябе, калі ты робіш штосьці дрэннае, таму што раней былі такія падзеі. Прабач мяне Ксюша, я не хацеў зрабіць табе дрэнна. Алеж я быў вельмі глупы. Я не хацеў любіць, я хацеў выхоўваць. Я люблю цябе.
- Добра папа.
- Ксюша, табе стала лягчэй пасля нашай размовы?
- Так папа, дзякуй. Я люблю цябе. Я ведаю, што ты любіш мяне. Алеж чаму ты быў такім глупым? 
- Я не слухаў сваё сэрца Ксюша. Я нічога не разумеў.
- Ну добра папа. 
- Ксюша, я магу напісаць пра нашу з табой размову? А заўтра прачытаю табе, што атрымалася.
- Так, я згодна.
- Добрай ночы, любімая Ксюша.
- Добрай ночы, папа.

Ікона

Гэта ікона з'явілася ў мяне мабыць год таму. Яна бліжэй за ўсё да маёй душы.

Адзін дзень з дзецьмі

Ведаеце, некаторыя з цікавых і вельмі важных дзеянняў у маім жыцці мелі "няправільную" матывацыю. Пайшоў да дзяцей інвалідаў, не каб ім дапамагаць, а каб у лагер пуцёўку далі. А потым зацягнула. Ну і там яшчэ было...

А вось сёння, Даша паехала ў Варшаву на некалькі дзён. І каб як небудзь прыкрыць атрымаўшыйся вакуум, вырашыў з дзецьмі тым-сім заняцца. І ведаеце, штосьці ў гэтым ёсць. Дзялюся кароткім відэа, як прайшоў наш дзень.

Можа яно ўзрушыць кагосьці стаць татам.

Відэа 4 хвіліны

А ты ведаеш, што ты шукаеш?

… вось чытаем зараз…

Маленькі прынц: "Адны дзеці ведаюць, чаго яны шукаюць. Яны ўвесь свой час ахвяруюць палатнянай ляльцы, і яна робіцца ім дарагой-дарагой, і калі яе адбіраюць, яны плачуць..."

Тата: Ксюша, а ты ведаеш, што ты шукаеш?
Ксюша: Я шукаю? Маё галоўнае жаданне, гэта знайсці і праверыць ці існуе жывая вада. Гэта мая галоўная мэта.
Тата: А навошта табе жывая вада?
Ксюша: Каб раздаваць людзям безкаштоўна. Таму што яна належыць усім людзям і жывёлам на планеце.
Тата: А навошта людзям гэтая вада?
Ксюша: Для таго, што жывая вада ісцаляе ад розных ран, ад розных балезняў ад якіх іншае не можа дапамагчы. І тыя хто жывуць у горы ці безнадзейныя, пачынаюць быць радаснымі і надзейнымі.
Тата: А табе самой патрэбна такая вада?
Ксюша: Толькі для аднаго, калі стану старой ці захварэю.
Тата: А ты хочаш ёй скарыстацца каб не памерці?
Ксюша: Каб не памерці, і каб іншыя людзі не памерлі які ад хвароб паміраюць. Алеж ад старасці можна і памерці. Калі табе ўжо 100 год, то можна паміраць. Ты мусіш жыць, калі ў цябе ёсць час жыць, а не панаваць вечна ці вельмі доўга.

P.S. Дарэчы пра жывую ваду ў яе з кнігі “Сем Камянёў” Аляксея Шэіна

Малітва за кніжных герояў

... Я тут Ксюше страшны раздел з Тома Сойера прачытаў пра забойства, могілкі, выкапаныя трупы... 

Ксюша ляжала, не магла заснуць. А я сядзеў нататкі пісаў.
А потым пайшоў да Ксюшы памаліцца. Памаліліся з ёй за Ксюшу, за яе сон, за тое каб усё было добра. А потым памалілся за персанажаў кнігі: за таго хто забіваў, за таго хто загінуў, за астатніх. 

Узгадваю сябе ў дзяцінстве, да і зараз. Глядзіш фільм, ці чытаеш кнігу з захапляльным сцэнаром, галоўнымі героямі і небяспекай. Чытаеш і молішся, каб усё ў іх было добра. Каб жылі яны шчасліва. Перажываеш да кончыкаў пальцаў, як за сапраўдных.

Можа і ёсць яны сапраўдныя жыхары нашага жыцця. 
Што думаеце?