ENG БЕЛ РУС

тата і дзеці (22)

<p>Жыццё, быццё, сапраўднасць і вяселле.</p>

Рыбка

Учора з абеда ехаў да аэрапорта, потым там, потым пералёт, потым да гатэлю. Шлях цягам 11 гадзін. Напрацягу ўсяго шляху слухаў аўдыя курс па экзістэнцыялізму на ангельскай, мяжуючы яго з практыкумам мыслення Рубскага. Але ў самалёце, калі мазгі ўжо закіпалі. Пачаў прахожзіць для дзяцей гульню “рыбку”, каб адкрыць новы акварыўм. Пяшчотна гэта было. Адчуў сябе добрым татай.

Арыгамі і неідэальны Кастусь

Ніколі не набывайце танныя арыгамі - бо дзецям іх цяжка клеіць, да і не толькі дзецям. Затое можна сказаць, што добры тата.

 

і яшчэ…

Размова паміж ідэальным і не ідэальным Кастусём:
- Прывітанне, ты хто?
- Я ідэальны Кастусь.
- Не веру, такога не існуе.
- Ну тады я пайшоў.

Домік з дошак

Будаваць з дзецьмі дом з дошак?
- Ці гэтага я хачу?
- Што ў гэтым жыццёвага?

У гэтым будзе жыццё, бо менавіта гэта адгукаецца мне з дзяцінства. Менавіта пра будаванне машыны з дошак я марыў. Шліфаваць і пілаваць дошкі давала мне столькі натхнення і радасці. А потым спрабаваць збіваць іх паміж сабой. Гэта дотык да чагосьці сур'ёзнага і сапраўднага. Дотык да радасці. Дотык да дзядулі які займаўся ўсім гэтым са мной.

Заўтра з дзецьмі паедзем шукаць дошкі. Астатняга хапае. І будзем будаваць нейкія домікі для іх цацак.

А можа проста пілаваць, пілаваць, пілаваць, і біць, біць, біць!

Дзень адраджэння Ч1: Люба

Учора, вярнуўся сэрцам да сваіх мэт і жаданняў.
Сёння ўсё гэта распачала дзень.

04:00
- Папа, папа ... мне страшна...
- Люба, што здарылася?
- Мне прысніўся страшны сон...
- Добра, давай я лягу з табою спаць
04:20
- Папа, так цёмна, я не бачу цябе, я бачу толькі чорную пляму замест цябе.
- Чорная пляма, гэта і ёсць я.
- Ну добра, мой мілы папічка.
04:30
- Папічка, а давай размаўляць....
- Не, хачу спаць
04:40
- Папічка, ты ў мяне такі тоўсты, мы не ўмяшчаемся....
- ну добра, сяду каля ложку
04:50
- Папічка, мне баліць жывот
- На вось табе вады
05:00
- Папічка, няма чым дыхаць
- Ну давай прачысцім нос...
05:10
(... пайшоў гатаваць прамыўку для носу...)
- Ксюша, Ксюша! Добрай раніцы, ужо светла, уставай!!! (Шторы шыр шыр, святло Кляц!)
- Аааа, Люба! Спаць!!! Ксюша, Спаць!!! Аааа!!!!

Ксюша заснула адразу, а Люба ляжала і глядзела, як я пішу нататку пра Культуру сораму.... Яно ўсё канешне напружана ў 4 раніцы, але гэтае пяшчотнае "папічка" мяне вельмі кранае.... Недзе а палове шостай Люба заснула.... Працяг дня ў наступнай нататцы.

Працяг дня

Мы хавалі ад дзяцей, тое пра што перажывалі.

Вось не раз чуў такое: "Мы хавалі ад дзяцей, тое пра што перажывалі.”
Што імкнуцца схаваць? - Канфлікты паміж мужам і жонкай, незадаволенасць жыццём, незадаволенасць працай, праблемы, абясцэньванні, нейкія тупіковыя сітуацыі.
А вось як па мне, прагаворваць дзецям тое, што зараз адбываецца. І што з'яўляецца сапраўднай прычынай майго эмацыйнага стану. Гэта цудоўна. Гэта нібы легалізацыя, пачуццяў. Легалізацыя нервовасці. Па маім назіранням, дзеці адчуваюць сябе ў такім значна ўтульней, чым калі яны бачаць толькі праяўленні, а пра прычыны ім трэба здагадвацца. Бо неразуменне прычын, параджае ў дзецях вялікую фантазію. Яны ж могуць і ўсё прыняць на сябе, вырашыць, што яны вінаватыя. Ці што адбываецца штосьці бескантрольна страшнае, настолькі, што і казаць пра гэта нельга. І паказваць, што ты гэта бачыш таксама нельга. І вось жыццё, паціху пераўтвараецца ў імітацыю. Дзе людзі бачачы, робяць выгляд, што яны сляпыя. 

Дарэчы пісаць - гэта таксама добрае пражыванне складаных станаў.

Апяць

- Кушаць! Кушаць!
- Тата, а што ты прыгатаваў? 
- Я прыгатаваў "апяць".
- Апяць што?
- Апяць тое самае.

Вось што ні прыгатуй, усё сустракаецца словам "апяць". 
Алеж "апяць" можа быць радасным, а можа быць сумным.
Сёння "апяць" магло быць сумным, таму прыйшлося гэтаму "апяць" надаць інстаграмны выгляд.

Сябр-Папа 

- - - - - - - 
Праз 30 год 
амаль у Раю
Алеж жыву яшчэ 
Жыву!

Як стары пень 
Буду сядзець
І проста 
У далячынь глядзець

Прыйдуць сяброўкі
Да мяне
Паведаміць 
Хто як жыве

Узгадаем добрыя часы
Калі сядзелі да начы
Як танчылі 
Аралі ў сласць...

Як потым трэба 
Было спаць,
Праз чысціць зубы
Твор чытаць

Мае дачушкі
Скрозь гады
Сябрамі сталі мне
глядзі!

Не буду больш
На іх бурчаць
Чамусьці шчыра
Павучаць

Бо шлях прайшлі
Не горш чым я
І можа больш у 
Іх быцця....

І слёзы там
І боль была
Каханне, радасць
І нуда

І вось
Я, кволы старычок
Чым падтрымаць 
Іх зараз б мог?

Праз усё жыццё
Адно дабро
У ахапку ўзяць
Мацней абняць

Суцешыць
Супакоіць іх
Хоць хтоб не правы
быў з іх

Сказаць, што моцна 
Так люблю
І што турботы 
Пацярплю

Бо як у люстэрке 
Паглядзі
У дачушках
Дзеянні маі

Свае б мне словы
не забыць
Каб сябрам-папай 
Вечна быць

Дзеці, спаць!!!

Дзеці, спаць!!!
А яны не хочуць. І вось што рабіць?
Неяк так пабудавалі мы свой лайфстайл, што пакуль дзеці не заснуць мы з Дашай знаходзімся ў завіслым стане. Калі дзеці доўга не засыпаюць, гэта нас напружвае. І мы ўплываем на іх, каб яны хацелі спаць. Не боўталіся туды сюды, не шумелі, не задавалі пытанняў па дзясятаму разу. А ляжалі з закрытымі вачамі і дрыхлі. 
На наша напружванне яшчэ накідваецца, тое што спачатку ім чытае Даша, потым я чытаю Ксюше... А потым пачынаецца, хачу пісяць, а што ты думаеш, не выключай святло, а ўключы музыкі. 
Ну вось неяк і падзяліўся.
Пытанне ў мяне да самога сябе: Ну навошта я так іх пушу? Не падабаецца мне гэта. Можа ёсць ідэі, што можна паспрабаваць?

Чайкоўскі і Жопа

Чайкоўскі ўкалыхвае мяне, пакуль дзеці  бушуюць у ложках.
Сёння яны мяне запыталі: "Тата, чаму ты кажаш заўсёды, што даш нам пад жопу?"
Ну што мне было адказаць, сказаў, што я так жартую. Бо больш у мяне не засталося ў інструментарыі рэчаў, каб неяк на вас уплываць. 
Доўгі час Люба не ведала, што такое куток і як атрымаць па жопе. Алеж за апошні тыдзень перапала. Напэўна, таму, што цяжка калі ўсе хварэюць і разам дома знаходзяцца без выхаду на вуліцу. Хаця Люба так і засталася бясстрашнай на любыя пагрозы. І я шчыра гэтаму рады. 
Яшчэ сёння я быў на бацькоўскім сходзе ў школе, і распавядаў пра свае крытэрыі і мэты да адукацыі старэйшай дачкі. Зразумела, што мэты школы і мае не супадаюць. Алеж з настаўнікамі мы атрымалі паразуменне, будзем неяк паралельна рухацца. 
Усіх абдымаю, не забывайце жыць.

Гуляем разам

Пару месяцаў таму, далі Ксюшэ адзін з старых тэлефонаў. Каб слухала на ім аудыяказкі з "Кніжнага Возу". Бо колькі можна ўжо мой цягаць дзеля гэтай справы? І з таго часу, пачалі здарацца цікавыя падзеі. Заўсёды шумныя дзеці, то спевы / танцы, то разборкі, то нейкі грукат, то аўдыяказкі на ўвесь дом. А тут бывае хопа, і цішыня. Хммм.... Мы адразу адчулі, штосьці не тое. Раз другі засталі іх за гульнямі. Ну нібы дазволілі, алеж не часта. Тэрмінаў не вызначалі. І калі бывала маўчанне такое затрымаецца доўга, то ішлы забіраць тэлефон на зарадку. Аднойчы Ксюша адмовілася даваць мне тэлефон на зарадку, і пасля я схаваў адзіны кабель які мог яго зарадзіць. Тыдзень не было аўдыёказак, потым я вярнуў кабель для зарадкі і прызнаўся, што гэта я схаваў. Вось было крыкаў і абвінавачванняў у мой бок! Ух! Алеж неяк пражылася, і справа пайшла па старому сцэнару. Ну нібы так і добра. Час ад часу ў штосьці гуляюцца.
Алеж сёння, ва ўсёй гэтай падзеі адбыліся каардынальныя змены. Я нават ужо і не ведаю, як так здарылася. Хутчэй за ўсё Ксюша запытала ў мяне, ці не мог бы я дапамагчы ў адной гульне. Я адклікнуўся на ўра. Аказалася матэматычная гіпер казуалка дзе трэба есці рыб на якіх меншыя лічбавыя значэнні. І трэба было ўзровень прайсці выкарыстоўваючы складанне і памнажэнне. Я прайшоў, а потым яшчэ доўга тлумачыў логіку. Потым прайшоў адзін узровень яшчэ адной гульні, дзе герою трэба было пераскокваць і пазбягаць агню і шыпоў. Ксюша была ў захапленні. Я стаў давераным у гульнях, неякім неімаверным супер мега экспертам, які папраходзіў тыя ўзроўні над якімі яны з Любай так доўга безвынікова біліся.  Гэта было ўсё раніцай, перад школай.
А потым увечары мне паказалі і ўсе астатнія гульні. Механікі ў асноўным тры ў рад.
І ведаеце, гэта ўсе тыя гульні, што так назойліва вылазілі ракламай з усіх дырак. Вось не чакаў, што прыйдзецца ў іх паіграць. Я адчуў нейкую новую еднасць з ёй.
Дзякуй Ксюша, што даверыла мне месца ў гэтай частке твайго жыцця.

Пазбяганне адказнасці

Я заўсёды пазбягаў адказнасці.
Адказнасць для мяне - гэта віна.
Не прыняў адказнасць - не вінаваты.

Апошні год, я атрымаў шанец зняць с сябе любую навязаную адказнасць (дзякуй любімая). Змогу пажыць у такім стане, прыглядзецца да яго, звыкнуцца з палёгкай, упэўненасцю, прыманнем.

І вось ведаеце, пачало вяртацца жаданне браць на сябе адказнасць. У тым, што мне сапраўды блізка.

За гэтыя дні пачатку навучальнага года, я з ўдзячнасцю і радасцю збіраю дзяцей у школу і садок. Раблю Ксюше фрызуру. Разумею, што гэта важна. Што адказна прыехаць у час. Сабраць сабойку. Даць дзецям нейкі час на павольнае прасыпанне. Забраць з школы і садка. Распытаць, як жа там у іх было. Парэфлексаваць і данесці да настаўнікаў чаканні і прэтэнзіі маіх дзяцей. Ніколі не думаў, што буду да школы так адносіцца.

Вось распытваеш, распытваеш, а потым ноччу аказваецца, што польскія дзеці прагаласавалі большасцю галасоў, каб Ксенія была старастай. І яна пра гэта толькі зараз узгадала. А я наліўся гонарам. Вось і паспрабуй пасля такога пакутваць ад таго, што ты ў чужой краіне.

І вось яшчэ, распачаў тэрапеўтычныя групавыя сустрэчы "Мае пачуцці ў эміграцыі."

Неяк цёпла ад першай, а з іншага боку адказна. Гэта добрая адказнасць. Я ўдзячны, што ў мяне ёсць магчымасць, прыняць яе на сябе.

Выпрабаванне культуры

"Цукеркі, цукеркі, цукеркі! Дай нам цукерак!!! Цукеркі!"
Так звычайна Люба сустракае чырвоны фургон суседа. Раней дзядуля-сусед даваў ёй цукеркі па сваёй волі, а зараз гэта яго імя. Зараз ён навучыўся казаць "няма" і ўцякаць.

А сёння, нашыя польскія сябры згадзіліся патрымаць нашых дзяцей у сябе, пакуль я быў на бацькоўскім сабранні ў садку. Такія госці для дзяцей заўсёды праходзяць весела і радасна. Толькі скончваюцца цяжка. І ў гэты раз Люба не хацела ўхадзіць па мірнаму. Яна ва ўсю глотку крычыла: "падарункі! падарункі! падарункі!". Плакала і патрабавала. Палякі не ведаюць, што значыць слова "падарункі" і я імкнуўся хутчэй звярнуць Любу ў ахапку і ўцячы нават не абуўшыся. Хутка развіталіся, выбеглі на вуліцу. Амаль, амаль ... праносілася ў маіх думках. Алеж трэба было вярнуцца за нашым гаршком.

Пакуль я вяртаўся, Ксюша дапамагла Любе знайсці паразуменне, пераклаўшы ўсім, што Падарнукі гэта Прэзэнты. У паветры пачало арацца: "прэзэнты! прэзэнты!". Нашы сябры ўжо беглі за прэзэнтамі. Алеж я іх сваечасова спыніў.

Запіхаў Любу ў машыну. Перавеў дух. Закрыў дзверы і забраў ініцыятыву. Зараз ужо крычаў я.

Толькі праз хвілін 10, я прышоў у сябе. Праглынуў сорам. Пачаў шкадаваць дзяцей і разважаць над тым, што адбылося.

Сітуацыя аказался для мяне звыш складанай.
Словы "Люба ты не павінна так рабіць!" ужо не з'яўляюцца прадстаўнікамі абсалютнай ісціны.
Люба хоча прэзентаў. Люба кажа пра гэта адкрыта. Люба патрабуе гэта.
Я не хачу заставіць яе не хацець падарункаў.
Я не хачу заставіць яе маўчаць аб тым, што яна жадае.
Тады чаго я хачу?
Я хачу, каб яна лепш разумела іншых людзей і іх эмацыйны стан???

Алеж ці Любіны гэта праблемы, што да яе словаў ставяцца так сур'ёзна (прычым перш за ўсё я)?
Ці гэта Любіна праблема, што тата вырашыў, што яна павінна быць вельмі ўдзячнай і карэктнай дзяўчынкай, а калі не будзе такой то гэта вельмі і вельмі жудасна?
Ці можа гэта я вырашыў, што я адказны за дыскамфорт які яна прыносіць іншым людзям? 

Пішу зараз гэта, і кошкі скрабуць па сэрцу. Бо вельмі прывыклася быць чалавекам, які не турбуе іншых, не робіць ім клопатаў, чалавекам карысным і неканфліктным.

Няўжо жыццё, гэта проста быць добрым, неканфліктным, агібаючым вуглы, счытваць пажаданні іншых людзей? Больш падобна да шляху атрымання адабрэння. Такія людзі як я карысны для грамадства. Яны "малайцы". Іх заўсёды пахваляць. Яны добра падпітваюцца "славалюбствам" і пакутуюць ад ягож.

Алеж ёсць і іншыя людзі: Сакрат, К'еркегор і далей па спісу. Тыя, хто ўсім стаялі пасярод глоткі са сваёй праўдай і адсутнасцю карэктнасці. Якія арыентавалісь на шчырасць і сапраўднасць. Нават і перш за ўсё Хрыстос быў настолькі незручным, што многія жадалі Яго хуткай смерці.

Дарагая мая дачка. Спадзяюся, ты і далей будзеш казаць тое, што сапраўды жадаеш. І не звяртай ўвагі, што ў гэтыя моманты так няёмка твайму "хвораму" тату.



P.S.: “Прыйшлі рабы́ гаспадара́ дома і сказалі яму: гаспадар! хіба́ не добрае насе́нне пасеяў ты на по́лі сваім? адкуль жа на ім пустазе́лле? Ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. а рабы́ сказалі яму: дык хочаш, мы пойдзем, вы́палем яго Але ён сказаў: не, каб, выпо́лваючы пустазе́лле, вы не павырыва́лі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва́; а ў час жніва́ я скажу жняца́м: вы́берыце перш пустазе́лле і звяжы́це яго ў снапы́, каб спалíць яго; а пшаніцу збяры́це ў жы́тніцу маю́.”
- Паводле Матфея 13

Калі вырываць ці таптаць пустазелле ў сэрцы дзіця, то вытапчацца і пшаніца шчырасці і сапраўднасці. Мяркую, што трэба засяродзіцца на ўзрастанні добрай пшаніцы любячага і шчырага сэрца маёй дачкі. А пустазелле прыбярэцца, калі прыйдзе час. Хаця напэўна ўсё ў міл’ёны разоў складаней і не падападае пад такія простыя гіпотэзы.

Спіс дзіцячых кніг

Вельмі раю гэтыя кніжкі (у асноўным скандынаўскіх пісьменнікаў).
Чыталі праз гугл пераклад старонак на планшэце + па ходу правіў тыповыя памылкі перакладчыка.

Ганна-Катрын Вестлі
- Маляня і Шчэпкін – серыя кніг
- Тата, мама, бабуля і восем дзяцей - серыя
- Гюро - серыя
- Аўрора - серыя
- Уле-Аляксандр - серыя

Астрыд Ліндгрэн
- Расмус, Понтус і Расцяпа
- Эміль з Ленебергі
- Міа, мой Міа
- Малыш і Карлсан (трылогія)
- Пэпі Доўгаяпанчоха
- Мы ўсе з Бюлербю
- Дзеці з Гарластай вуліцы. Аповесці
- Бойкая Кайса
- Расмус-валацуга
- Браты Ільвінае сэрца
- Роні, дачка разбойніка
- Каляды ў Смоландзе ў даўнія-прадаўнія дні

Бода Шэфер
- Сабака з імём Мані

Енс Сігсгара
- Палле адзін на свеце

Йорн Рыэль
- Хлопчык, які хацеў стаць чалавекам

Лундэ Мая
- Снежная сястра

Марыя Грыпэ
- Сесілія Агнес - дзіўная гісторыя
- Гнаявой жук лётае ў прыцемках
- Дзеці шкловыдзімальніка

Моні Нільсан-Брэнстрэм
- Цацыкі - серыя

Мэры Нортан
- Здабывайкі - серыя

Рунэ Белсвік
- Прастадурсан

Свэн Нурдквіст
- Пэтсан і Фіндус
- Мама Му

Ціма Парвела
- Эла ў першым класе + серыя

Турб'ёрн Эгнер
- Карыус і Бактэрыус

Ульф Старк
- Маленькі Асмадэй
- Хай танчаць белыя мядзведзі
- Дзівакі і зануды
- Мой сябар Персі, Бафала Біл і я
- Дыктатар

Ксюшыны пачуцці, калі Любе прыйшла новая сукенка.

Ксю: Я адчуваю сябе вельмі, немагу вытрамаць таго, што ў Любы цяпер сукенка. Мне вельмі сумна, што ў Любы новая сукенка. Таму што ў Любы такая прыгожая сукенка. Таму што мне не прыслалі. У мяне няма такой прыгожай сукенкі няма. Адчуваю, што мне вельмі дрэнна. Таму што ў мяне няма сукенкі ці іншай адзенні такой прыгожай як у Любы. Мне крыўдна, што ў Любы гэта ёсць а ў мяне няма.

Па: Ты думала, чаму табе крыўдна?

Ксю: Я сама не ведаю, алеж пачуцці так даюцца, што зусім нельга адказаць як на гэты пачуцці, ці што яны значаць? Ці навошта яны так працуюць? Ніколі не ведаеш, у жыцці заўсёды загадкі.

Па: Было б цікава разгадаць гэтую загадку?

Ксю: Думаю так.

Па: Гэта як дэтэктыў?

Ксю: Так алеж значна цяжэй. Ніколі яе не разгадаеш.

Па: А калі мы паспрабуем, яе разгадаць з табой?

Ксю: Я не ведаю што атрымаецца калі разгадаем.

Па: Можам купіць торт, калі разгадаем!

Ксю: У чэсць чаго?

Па: Што мы вялікія дэтэктывы.

Ксю: Я думаю яны зрабілі так (маюцца на ўвазе чалавечкі ў Ксюшынай галаве фільм "Галаваломка"), каб мне было вельмі так сумна, так крыўдна што ў яе ёсць сукенка.

Па: Навошта так хацелі зрабіць? Якая ад гэтага карысць?

Ксю: Калі гэта хтосьці з іх крыўда ці сум, яны не разумеюць карысць, яны думаюць толькі што ім сумна зза гэтага.

Я разгадала, загадку, што гэта зусім не карысна мне. Проста яны сумна крыўдныя, і працуюць па чарзе.

Яму хацелася пасумаваць. Ён любіць сумаваць, таму вырашыў пасумаваць.

Па: А як там радасць пажывае?

Ксю: Бываюць такія часы калі і радасць сумная. Калі было агідна і страшна. І радасць на гэта магла зпрацаваць. Ну што, мы адгадалі?

Па: Не ведаю, алеж я думаю, што чалавечкаў няма ў нашай галаве.

Ксю: ООО, як так! Алеж мусіць быць штосьці, што павінна кіраваць намі! Мы не можам кіраваць самі сабой! Калі б іх не было, як бы мы маглі выказваць сум, ці што мы радасныя, злыя, ці агіду?

Па: Ну я лічу, што мы гэта і ёсць, што гэта сапраўды мы ўсё адчуваем. Што б ты магла яшчэ адчуваць у гэтай сітуацыі?

Ксю: Я хацела, каб я была радасная. Каб радасць прыйшла, алеж замест радасці прыйшоў сум. Я не змагла яго ўбраць.

Па: Чаму ты лічыш, што павінна была прыйсці радасць?

Ксю: Люба, мая сястра, я яе люблю, хачу за яе радавацца, алеж не магу.

…. вырашылі працягнуць іншым днём, пакуль разгадку не разгадалі …

Чалавек які хоча спаць

Павлова другой ночы. Рэзкая ўспышка свету застаўляе мяне прачнуцца і хутка зарыентавацца ў прасторы. А... ўсё добра. Гэта дзеці. Як і дамаўляліся, каб пабудзілі мяне, калі захацяць спаць. Яны сёння праспалі ў машыне і раніцу і вечар. Таму ноччу яны гралі ў лега пакуль мы спалі. Пабудзіўшы мяне, Ксюша запытала пра чытанне кніг. А Люба вырубілась у той момант, калі галава дакранулся да падушкі. Мяне качае, вочы яшчэ не зусім разліпаюцца. Пішу гэты тэкст, і чакаю пакуль Ксюша засне.

Прывітанне гэтаму міру, ад самастойных-сумленных дзяцей. Я заўсёды верыў, што чалавек хоча спаць, і засне калі яму будзе трэба. Заўтра Дашы распавяду.

Чарговыя прыгоды з дзецьмі

Мы прападалі
Па марах блукалі
У пясках ляжалі
Скурай абгаралі

Глядзелі зоркі
Трошачкі спявалі
Зашмат нажралі
І танцавалі

З дзяцьмі паблізу
З Дашаю далёка
Цягнулісь вечна
Тры дні яе палёта

Заходы сонца

Час ад часу ў мяне здараюцца заходы сонца.
Жывеш, жывеш, а потым хопа-жопа, і ты ў цемры.
Любімыя свабодалюбівыя дзеці, рэзка становяцца непаслухмянымі ворагамі.
Творчая атмасфера дома - бардаком.
А я сам - раз'юшаным монстрам.

Вось гэта апошняе, пужае мяне больш за ўсё, і чым больш я пужаюся, тым больш раз'юшаным станаўлюся. Ніжняя губа ў такія моманты ў мяне амаль адвальваецца, бо зубы моцна сціскаюць яе. У такія моманты, звычайна, не здараецца нічога добрага. Алеж ва ўсім гэтым вурдалацтве, промні сонейка прабіваюцца і апаляюць мяне (як у фільмах пра вампіраў). Вось яно тады ў моманце баліць яшчэ больш. Ідзе барацьба.

Звычайна такія станы доўжацца ад 5 да 10 хвілін, хаця час замірае і нагадвае вечнасць.
А потым сонца зноў выходзіць і сагравае мяне сваімі промнямі.
Пачынаюцца абдымашкі, шкадаванні адзін другога. Скончваецца любоўю, каштоўнасцю і прыняццем. І мяне ў тым ліку.

І зноў ідзе жыццё, і мы ведаем, што любім адзін аднаго, хаця ніхто з нас не дасканалы.

P.S. Гневаючыся, не грашыце: сонца няхай не заходзіць пры гневе вашым. (Пасланне да Эфесян)

Пустата Вакуума

Госпадзі… як усё складана ў гэтым жыцці… але як жа праз усё гэта пранізваецца чалавек да чалавека, сустрэчы і расстанні, паўната і пустэча, чуласць і холаднасць.

У пустаце вакуума можна быць глухім, калі ты ў ім адзін.

Алеж калі гэты стан сустракае цябе, а ты не адзін. То ты добра чуеш і бачыш бліжняга, які разам з табою ў вакууме. Броўнаўскі рух дзяцей сведчыць аб тым, што жыццё ёсць, яно існуе, яно грае на струнах душы.

Вецер жыцця

Вецер знасіў нас з возера, хвалі выглядалі як мора, дзеці рылі траншэі, капалі ямы, шукалі маленькія каральчыкі. Я ледзь не плакаў ад гэтага моманту. Жыццё здувала нас, мы адчувалі паветра якім дыхаем. Правілы, законы, абмежаванні ў гэты момант уступалі жыццю, уступалі разуменню каштоўнасці кожнага моманту. Усе гэта часова. Усе можа быць скончана ў любую хвіліну. І нават калі б адмералі поўных 100 год, гэтага б было мала. Мала дзеля такіх момантаў, мала дзеля жыцця. Шэлест пакеціка на ветру, рухае гадзінннікавую стрэлку. Гэта стрэлка набліжае нас да канца. Як я хачу сустрэцца зноў. Зноў у вечнасці: І няхай там будзе ругань, ной, скаргі і ор. Я навучуся любіць і гэта.

Вецер здувае нас.

Ноч з дзьвух яе бакоў.

Вось мы прачынаемся, жыццё нараджаецца, адкрывае свае таямніцы, хочацца пабыць аднаму, хочацца напітацца сэнсам жыцця, яго прыгажосцю. Адчуць сябе ва ўсім гэтым. Пачаць бачыць жыццё як яно ёсць, пачаць бачыць сябе.

…Потым ідзе ўсякае рознае…

І вось хвіліны калі сонейка хаваецца за елку. Калі дзеці выходзяць з душа, і супраць іх жадання запіхваюцца ў ложкі. Заціхаюць гульні. І мы пачынаем чытаць. Пагружаемся ў казачную гісторыю, у жыццё іншых людзей і нас саміх. Гэта прызма дня, прызма нашага жыцця. Выкрываюцца сэнсы, адносіны, пачуцці і мары.

А потым пад настойлівае "Ну калі-ласка, чытай яшчэ" ідзе абяцанне працягнуць заўтра.

Уключаюцца калыханкі (да сёняшняга дня гэта былі беларускія калыханкі). І можна бачыць, як пагружаныя ў свае разважанні дзеці набліжаюцца да сну. А я пішу гэты тэкст, ці які іншы.

Каштоўны час, каштоўнае жыццё, у паветры лётае сэнс, у маўчанні адкрываецца глыбіня.