ENG БЕЛ РУС

жыццё (93)

<p>Хочацца надышацца, хочацца нааарацца, хочацца жыць. На поўныя грудзі. Успрымаючы ўсё што тут адбываецца. Пражываць так, каб кранала.</p>

Прыборка

Сёння мы прынеслі ахвяру богу чысціні.

СВАЕЧАСОВА - гісторыя пра мае правы.

Нешта ўчора позна затрымаліся, і пачалі чытаць дзецям бліжэй да 9 вечара, спачатку Даша коміксы, потым я пра жыццё ў лесе, потым касмічная музыка, і нарэшце бліжэй да паловы адзінаццатай дзеці паснулі.

У мяне вочы ўжо сліпаліся, але хацелася яшчэ пабоўтацца, паглядзелі дзве серыі “Fresh Off the Boat”. Увогуле мы любім серыялы / фільмы / анімэ пра азіятаў. Вельмі характэрнае ў іх праяўленне. Часам можна там пазнаць сябе і сваю культуру.

Я ўжо амаль адрубаюся, проста няма моцы. А Даша прапаноўвае, слухай а паехалі ў макдональдс калі яшчэ працуе. (бо ў нашым мястэчку ноччу ўвогуле нічога больш не працуе). Прапанова была такая незвычайная і заманлівая, што я хутка прабудзіўся. Дзецям камеру паставілі, каб за імі сачыць. А самі апрануліся і скаканулі ў машыну.

На палове шляху нас спыніла міліцэйская машына, уключыўшы мігалкі. Аказалася, што перагарэў адзін з задніх габарытаў і лямпачка на нумары. Я смакаваў сваю сустрэчу з гаі. Але трошачкі хваляваўся. Доўга міліцыянты вывучалі ўсе мае дакументы, а асабліва тэрмін калі скончваюцца правы. А ім яшчэ 15 год да сканчэння! Адправілі з мірам, пажадаўшы ўсяго найлепшага!

Справа ў тым, што апошнія два з паловай гады я ездзіў з пратэрмінаванымі правамі якія ніяк не мог замяніць. І за гэты час мяне ніводнага разу не спынілі. Кожны раз праязджаючы міма машыны гаі, маё сэрца замірала, праступаў халодны пот. Штрафы вялікія. А калі я ездзіў з каякам на даху, то калі бачыў машыны гаі, спыняўся і разварочваўся, каб аб’ехаць іншай дарогай.

Мая справа з правамі ў Польшчы, гэта проста велізарны юрыдычны тупік. Яны мне старыя не маглі памяняць, і не маглі дазволіць вучыцца на новыя (бо старыя былі ў базе). І шмат я лістоў пісаў, і сенатар за мяне заступаўся, і розныя юрысты, і вось як 3 месяцы таму мне канчаткова сказалі - нічога зрабіць не можам, толькі едзьце ў Беларусь.

Але месяц таму я злятаў у Грузію, каб здаць там на правы (вучыцца не трэба, внж не трэба). Плаці ды здаваць.  Атрымалася праўда не з першага разу, таму прыйшлося злятаць яшчэ раз, гэта была ўжо паспяховая спроба.

Я ўдзячны Богу, што ён неяк аберагаў мяне ўвесь гэты час.

І яшчэ больш удзячны Яму, за тое, што ён навучыў мяне жыць, парушаючы правілы і законы.

Бо жыццё не заўсёды можа ў іх умясціцца, а вось прабіць гэтыя бар’еры бывае складана.

А з Дашай мы добра адзначылі сустрэчу з міліцыянтамі ў макдаке і паехалі да дому. Праспалі праўда да 11 дня, але гэта таго было варта.

Люблю цябе родная, цікава мне з табою жыць!

Штормы

Бываюць складаныя і вельмі непрыемные моманты жыцця, хочацца каб хутчэй праляцелі.

У мяне сёння была такая гадзіна. Мяне моцна штарміла, трывога прарывалася, цяжка было супакоіцца.

Я паспеў паразважаць, наконт жыцця. Уявіў, калі б гэтыя хвіліны былі апошнімі хвілінамі жыцця. І ці згадзіўся б я жыць, калі трэба былоб жыць менавіта ў такіх умовах, у гэтай сітуацыі.

І я пачаў шукаць вачамі тое, што напаўняла бы мяне жыццём у гэтай сітуацыі. Праз сцены трывогі шукаў прыгожае, натхняючае, глыбокае. Углядаўся ў твары людзей, асабліва дзяцей. Якія яны ўсе жывыя! Радасныя і сумныя! Прыгожыя!

Прага жыцця, перамагае ўсе перашкоды. Мару не сутыкнуцца з абставінамі, якія б перавесілі гэтую прагу.

Чалавек пакутуючы

Чалавек пакутуючы, гэта чалавек які стаіць перад вельмі важным пытаннем: калі жыццё не прыносіць задавальнення і не такая прыемная рэч, то што яно? То дзеля чаго яно?

Чалавек пакутуючы, філосаф па сваёй прыродзе.

З павагай да ўсіх людзей якія пакутуюць і шукаюць адказы.

Напісалася падчас праслухоўвання Баха і Шапэна.

P.S. але гора тым, хто задаволіўся знойдзенымі адказамі.

Апраўдацца за жыццё...

🙏 Уступ:

Тэма, якая ў мяне цяпер у тэрапіі.

Доўг перад тымі, хто мне гэта жыццё ў той ці іншай ступені даў.

Жыццё як крэдыт, перад тварам тых, хто выносіць адзнаку - ці варта было гэтаму жыццю быць. Час абмежаваны, трэба паспець!

Рэч даволі глыбокая і можа быць для чалавека як кіруючы ім Сэнс.

Я вылучыў некалькі тыповых віртуальных Персон сфарміраваных у маей галаве (яны не супадаюць з рэальнымі, але маюць большы ўплыў),  перад якімі трэба апраўдвацца, яны могуць пераплятацца ў сваіх чаканнях.

Распачнём...

 

1️⃣ Сэнс: Апраўдацца за жыццё перад Бацькамі

Тут усе проста, трэба апраўдаць чаканні бацькоў з пункту гледжання іх уўялення пра жыццё. На працягу жыцця бачыш, каго бацькі паважаюць і ставяць у прыклад, а да каго выказваюць сваю непавагу і непаразуменне. Могуць услых марыць пра свае чаканні да таго, як ты павінен жыць і чаго дасягнуць. Калі бацькоўская любоў, цеплыня і прыняцце карэлююць з тым наколькі ты адпавядаеш чаканням, то дасягнуць усяго намечанага - значыцца стаць любімым, Жаданым і не вінаватым за сваё існаванне.

 

2️⃣ Сэнс: Апраўдацца за жыццё перад Грамадствам

У нейкі этап асэнсоўваецца, што бацькі не абсалют, могуць памыляцца. І дзеянняў ад нас чакае грамадства, трэба для людзей штосьці такое добрае зрабіць. Каб гэтыя людзі прызналі, што ты варты таго, каб жыць на гэтай зямлі. Можаш быць экоактывістам, валанцёрам, працаваць на сацыяльных праектах і нейкім чынам укладацца ў іншых. Звычайна апраўдвацца прыходзіцца тым, што ў трэндзе грамадства, што грамадства прызнае як карыснае і вартае.

 

3️⃣ Сэнс: Апраўдацца за жыццё перад Нацыяй

Нацыя чакае герояў. Нацыя ўхваляе герояў! І калі герояў не хапае, то сама стварае герояў. Нацыі патрэбны героі, яна чакае гераізма ад кожнага з нас.

Аднойчы мяне запыталі, "Так хто ты, калі не беларус?"

Мол калі ўбраць, што ты беларус, то нічога не застанецца. 

У цікаўнасці нацыі, каб нашае жыццё пайшло на карысць нацыі. І мы шукаем апраўдання ў вачах Нацыі, нашага імпакту для Нацыі, як таго што жыло да нас і будзе жыць пасля нас. Каб атрымаць сваю несмяротнасць у памяці Народа. Тады нацыя будзе сцвяржаць, што такія як мы варты таго, каб жыць.

 

4️⃣ Сэнс: Апраўдацца за жыццё перад Групай аднадумцаў

Падобна да нацыі, проста група выбіраецца па іншых крытэрах. Тут можна належыць да рэлігійнай, прафесійнай, гендарнай і любой іншай групы якая таксама будзе не супраць, калі ты паслужыш інтарэсам групы. А што ты зрабіў для праваслаўя, жанчын, цемнаскурых ці ЛГБТ?

 

5️⃣ Сэнс: Апраўдацца за жыццё перад Богам

Гэты пункт самы складаны. На апраўданні жыцця перад Богам могуць добра паразіціраваць рэлігійныя лідары і арганізацыі, выдаючы свае цікаўнасці за волю і чаканні Бога (глядзіце мінулыя пункты).

 

- - -

Але маёй душы тут больш за ўсё адклікаюцца наступныя словы (прыводжу ў арыгінале):

Б. Гребенщиков: «Перед Господом НЕТ оправданий. Он САМ оправданье».

Разважанні нарцыстычнага-шызоіда

Пазычана з начных разважанняў аднаго нарцыстычнага-шызоіда.

“Хочацца выйсці з гэтай інтымнай не абароненай прасторы ўласных уяўленняў пра жыццё і асабістае жаданне. У сацыяльную прастору, дзе я як Алхімік ствару штосьці што зробіць з мяне Гітлера. Штосьці што падпарадкуе іншых людзей майму бачанню свету. Штосьці што заменіць іх маленькія жаданні, на маё жаданне. Менавіта гэтая замена і прызнанне зробіць маё жаданне глыбокім і вялікім. Дазволіць мне ўстаць ва ўсю моц і больш не сумнявацца. Каб Іншыя галасы заглушылі голас страху і пакуты трывогі ў маім сэрцы. Каб у мяне забралі свабодную волю прымаць рашэнні. Каб я забраў гэтую свабодную волю ў іншых людзей. Каб мы перасталі пакутваць ад віны, і нічога не трэба было больш вырашаць, і не было больш ніякай адказнасці. А можна было проста смакаваць сваё Эга - лепшае ў гэтым свеце, смакаваць сваё мінулае ў якім было прынята правільнае рашэнне - вызваліўшае ўсіх людзей і мяне самога ад гэтай невыноснай свабоды. Каб можна было ўжо памерці застаючыся жывым і нічога ў гэтым свеце не змянялася а проста застала ў моманце прытарна салодкага стану прымання пахвалы.”

Гістарычны футбол

Тры гады таму гралі ў футбол ва Ўкраіне камандай бяздомных супраць каманды братчыкаў.

Каманда бяздомных мужыкоў і дзядоў, трохі кульгавых і пахучых са мной разам выйграла ў маладых хлапчукоў брацтва.

Напэўна тады, я вырашыў, што гэтая група мне бліжэй за рэлігійна-структураваную.

Эфектыўнае жыццё

Новы для мяне погляд на эфектыўнае жыццё.

Можа быць, людзі якія дасягаюць эфектыўнасці, сістэмнасці, вынікаў - хакаюць жыццё.

Знаходзяць падыход, у якім заглушаюць для сябе адчуванне бессэнсоўнасці таго, што адбываецца ў гэтым свеце.

Можна сказаць ламаюць антэну. Уключаюць адзіную знаёмую песню грамчэй.

А сігнал усё роўна ідзе.

І не дае пакою чалавечай душы.

Душа прагне большага!

Наколькі каштоўны станы, калі ўсё страчвае сэнс. Калі мэты, дзеянні, якасці і планаванне - здаецца пустым месцам. Калі хочацца адключыцца ад інтэрнэту і пабыць без соцыўма. Пабыць, каб штосьці адчуць і зразумець. Каб нібы прышвартаваць каяк да берага, і паўглядацца ў карты мясцовасці. Лепш зразумець, так а ці туды нас нясе рака? Куды ўвогуле нас усіх нясе? Наколькі нашае веславанне ўплывае на маршрут? Ці плынь настолькі моцная, што ўсе барахтанні - гэта проста імітацыя і самаўнушэнне? І ці магчыма сапраўды выйсці на бераг? Астатнія та імкліва нясуцца, час ідзе, спыняючыся на беразе - губляеш час.

Сёння дзень, калі я адчуў сваю немач, слабасць, памылковасць і недасканаласць. Сваю віну. Віну якая не цісне, але якая вяртае мяне да маёй чалавечнасці.

Словы, тэкста, канцэпцыі, сэнсы - гэта ўсё мова. Можна круціцца ў ёй колькі заўгодна. Гэта ўсё нібы як паралельны сусвет, які мала дзе звязаны з рэальным жыццём.

Вось зараз, у гэтым падаўленым, спыніўшымся стане адчуваю сябе жывым. Адчуваю сябе дакранаючымся да чагосьці трагічнага. Смакую гэта. Цяжка разабрацца, што ўнутры.

Нібы прасветам і надзеяй - душа прагне большага!

Домік з дошак

Будаваць з дзецьмі дом з дошак?
- Ці гэтага я хачу?
- Што ў гэтым жыццёвага?

У гэтым будзе жыццё, бо менавіта гэта адгукаецца мне з дзяцінства. Менавіта пра будаванне машыны з дошак я марыў. Шліфаваць і пілаваць дошкі давала мне столькі натхнення і радасці. А потым спрабаваць збіваць іх паміж сабой. Гэта дотык да чагосьці сур'ёзнага і сапраўднага. Дотык да радасці. Дотык да дзядулі які займаўся ўсім гэтым са мной.

Заўтра з дзецьмі паедзем шукаць дошкі. Астатняга хапае. І будзем будаваць нейкія домікі для іх цацак.

А можа проста пілаваць, пілаваць, пілаваць, і біць, біць, біць!

Адпачынак - абнуляе жыццё.

Разумею, жыццё працягваецца, нават калі з яго выпадаю.

Магу адмовіцца ад непатрэбных актыўнасцей пры вяртанні.

Грэх - промах міма мэты

У перакладзе з дрэўнегрэцкай «ГРЭХ», гэта «промах міма мэты».

Заклікі - “не грашыць”, “перастаць грашыць” часта трансліруюцца і распазнаюцца як спыненне дзеянняў.

Але каб трапіць у мэту, трэба дзейнічаць. Трэба “не перастаць грашыць”, а пачаць “трапляць у мэту”. Набліжацца да дзеянняў, якія будуць прыводзіць вас да жаданага, а не ўводзіць ад яго.

Абдымаць дрэвы

Абдымаць дрэвы, тое, чаго я не рабіў яшчэ некалькі год таму. Моцна падтрымлівае мяне.

Казуля ў сонечным тумане

Два апошнія дні быў у вельмі падаўленым стане. Згубіў адчуванне жыцця. Неяк перанёс сябе ў кантэкст праектаў, дзейнасці, эфектыўнасці. Шмат думаў пра ўсё гэта. Хутка вакацыі, але з пункту гледжання эфектыўнасці-прадуктыўнасці, яны нічога не даюць. Таму глядзеў на будучыя вандроўкі, пра прызму скептыцызму, холаднасці, бессэнсоўнасці.

Стан складаны, няма агню ў вачах, памылкі ў вядзенні груп, выхад з коўч пазіцыі (

Кладуся спаць, стаўлю гадзіннік на 5 раніцы. Даўно рана не прачынаўся. Ледзь падымаюся ў вызначаны час. Ледзь раскачваюся і выпіраюся на шпацыр. На вуліцы халадзень. Халодная раніца - добры знак. Знак таго, што будзе туман.
Ажыўляюся. Сустракаю прыгожае сонейка праз туман. Сустракаю казулю. Радуюся.

 

Узгадваю, што значыць жыць. Што значыць успрымаць прыгажосць. Быць адкрытым да гукаў, пахаў, цікавых сустрэч. Да ўсяго таго, што прыгажосцю сустракае і натхняе мяне.
Пачынаю марыць аб вандроўках. Каб паспець нажыцца, набыцца ў прыгажосці, быць адкрытым да гэтага цудоўнага бессэнсоўнага жыцця. 

Жаданне спрасціць жыццё

Жаданне спрасціць жыццё - уводзіць мяне ў ступар.

Ужо не першы раз, адны з самых цяжкіх эмацыйных станаў сустракаюць мяне, калі я хачу знайсці простае рашэнне, ці простае бачанне для першапачаткова складанай сітуацыі.

Калі асэнсаваў гэта, то стала прасцей.

Вырашыў не ўвязвацца ў гэтую інтэлектуальную справу - спрашчэнне складанага. Выбіраю ўвязвацца ў няпростыя справы, акцэнтаваць маю ўвагу на канчатковую мэту і выбар першага кроку.

Негвалтоўная Камунікацыя

Хацеў бы падзяліцца з вамі відэа пра “Негвалтоўную Камунікацыю” і маімі думкамі на гэты конт.

Відэа, раю для прагляду:

Думкі:

- Калі чалавек не можа сумленна выказаць сябе, пайсці супраць меркавання супольнасці, культуры, традыцыі. То ён можа быць як мімікрыруючы Жыраф (тэрміналогія з відэа). Хто баіцца праявіць сябе ў свет. Яму патрабуецца прыняцце, але ён здраджвае самому сабе. Яму цяжка любіць, бо няма прасторы для гэтага. Яго дзеянні падобныя на любоў, але ў іх няма свабоды,  ён дзейнічае не па сваім вольным выбары, а як бы з-за страху.

- Каб выйсці з гэтага стану, чалавеку патрэбна адвага. На гэты перыяд часу, візуальна ён становіцца як Шакал. Ён абараняе свае межы, і спрабуе не прагнуцца пад ціскам соцыўма. Такі чалавек, шмат каго раніць, але ў яго ёсць адвага не падладжвацца пад соцыўм і традыцыі. Ён нібы шчыры і раскрываецца, але гэта яшчэ не канец.

- У гэтай свабодзе быць любым, чалавек можа любіць. Любіць для мяне значыць адкрываць сваю ўразлівасць, слухаць і імкнуцца зразумець іншага. Вонкава, гэта можа не адрознівацца ад стадыі нумар адзін. І іншымі людзьмі гэта будзе расцэнена проста як слабасць і баязлівасць (але гэта не важна, хоць і бывае балюча).

 

Стадыя адвагі і інтэнцыі ў любоў суправаджаецца двума тыпамі дзеянняў:

- Пастарацца не параніць іншага чалавека, не дадаць яму траўмы, ствараць для яго бяспечнае асяроддзе. Выказванне пачуццяў і жаданняў з пункту гледжання гэтай задачы будзе падобна на Жырафа. Тут для мяне асноўны сэнс - клопат аб тым, каго я кахаю. Беражлівыя адносіны.

- Пастарацца выслухаць і зразумець чалавека, які набраўся адвагі і праяўляе сябе ў пазіцыі Шакала. Убачыць за яго колкімі і балючымі словамі - яго боль, яго страх, яго жаданне. Шмат калі Шакал, хоча каб яму адпомсцілі, адрэагавалі болем на боль, каб апраўдаць свае дзеянні, ён спецыяльна наганяе градус, дадумвае і пражывае тое - які ж ён дрэнны.

Але гэта яго ідэя на самаразбурэнне. Я шукаю сілы, каб праз гэты боль убачыць чалавека. І ў сваёй уразлівасці зразумець яго.

Ну і вядома, у нашай высока кантэкстнай культуры, часта здараецца па-іншаму:

У словах Жырафа - бачаць проста замаскіраванага Шакала. Чалавека які толькі мяняе форму, але мае тыя самыя мэты. Я думаю, шмат хто з нас можа асацыяваць гэта з мякка-салодкімі танальнасцямі людзей, якія ціснуць на віну. - але ўсёж гэта не адно і тое ж.

Для мяне, Рэальны Жыраф - гэта чалавек які адкрывае сваю ўразлівасць.

Ну і вядома, мне здаецца, што глыбока чуць кожнага незалежна ад яго Жырафа - Шакальскага стану, вельмі важная справа, можа нават важней чым тое, з якой формы мы выказваем свае думкі.

Калі заўтра паміраць... 

Калі заўтра паміраць
Пра што б я вам хацеў сказаць

Пра любоў, пра дабрыню
Што пакроюць цемру ўсю

Добрым быць, любіць, абняць
Прыгажосць сабой успрымаць

Што ж яшчэ?
Няма сябры!
Усё астатняе панты...

Бранзатанне ў галаве

Штосьці хочацца, але гэтае штосьці не можа прыняць форму. Толькі цікае ў галаве: штосьці хочацца, штосьці хочацца… Звычайна ў такія моманты іду штосьці сажраць. Таму дарэчы і важу 105 кг пры тым што шпацырую па лесу штодня. Зараз ісці есці не хочацца. Таму пачаў проста пісаць. Ціліканне пачало супакойвацца. Больш асэнсоўваю. Гэтае ціліканне казала мне: хочацца праявіцца ў гэтым свеце. Хочацца, штосьці гэтаму свету сказаць. Але няма ні слоў, ні сэнсаў якія б гэты свет не ведаў і без мяне.

Адно што гэты свет не зможа даць, так гэта самога мяне. Жывога Косці, а не маіх ідэй і канцэпцый.
Як цяжка мне бывае супакоіцца, каб проста быць і жыць. Каб не скочвацца ў забыццё ўсяго таго любімага, што са мной ужо  зараз.

Таму калі-ласка, каму патрэба падтрымка ад жывога Косці, то я праект запіліў "Бот Прасторы Слухання".

Дзе вы можаце выказацца (галасавым паведамленнем), калі вам цяжка, а я ці іншыя валанцёры выслухаюць вас і дашлюць адказ.
Каб паспрабаваць, пішыце сюды: @listeners_space

Важнасць Слухання ў жыцці чалавека. Стрым з Міхаілам Самковым.

Паднятыя тэмы:
1:47 Што такое "Слуханне"?
5:28 Ці ўкожнага ёсць патрэба ў тым, каб быць выслуханым?
11:36 Што перашкаджае чалавеку слухаць іншага?
19:41 Што зменіцца, калі пачаць па іншаму ставіцца да слухання?
28:25 Як слуханне можа дапамагчы ў жыццёвых пытаннях?
36:00 Як слухаць тых, хто вельмі шмат кажа?
42:52 Калі слуханне гэта ахвяра?
46:33 Якія памылкі ёсць на шляху слухання?
51:53 Высновы сустрэчы.
54:28 Слуханне рушыць шаблоннае ўспрыманне чалавека.