Наколькі каштоўны станы, калі ўсё страчвае сэнс. Калі мэты, дзеянні, якасці і планаванне - здаецца пустым месцам. Калі хочацца адключыцца ад інтэрнэту і пабыць без соцыўма. Пабыць, каб штосьці адчуць і зразумець. Каб нібы прышвартаваць каяк да берага, і паўглядацца ў карты мясцовасці. Лепш зразумець, так а ці туды нас нясе рака? Куды ўвогуле нас усіх нясе? Наколькі нашае веславанне ўплывае на маршрут? Ці плынь настолькі моцная, што ўсе барахтанні - гэта проста імітацыя і самаўнушэнне? І ці магчыма сапраўды выйсці на бераг? Астатнія та імкліва нясуцца, час ідзе, спыняючыся на беразе - губляеш час.
Сёння дзень, калі я адчуў сваю немач, слабасць, памылковасць і недасканаласць. Сваю віну. Віну якая не цісне, але якая вяртае мяне да маёй чалавечнасці.
Словы, тэкста, канцэпцыі, сэнсы - гэта ўсё мова. Можна круціцца ў ёй колькі заўгодна. Гэта ўсё нібы як паралельны сусвет, які мала дзе звязаны з рэальным жыццём.
Вось зараз, у гэтым падаўленым, спыніўшымся стане адчуваю сябе жывым. Адчуваю сябе дакранаючымся да чагосьці трагічнага. Смакую гэта. Цяжка разабрацца, што ўнутры.
Будаваць з дзецьмі дом з дошак? - Ці гэтага я хачу? - Што ў гэтым жыццёвага?
У гэтым будзе жыццё, бо менавіта гэта адгукаецца мне з дзяцінства. Менавіта пра будаванне машыны з дошак я марыў. Шліфаваць і пілаваць дошкі давала мне столькі натхнення і радасці. А потым спрабаваць збіваць іх паміж сабой. Гэта дотык да чагосьці сур'ёзнага і сапраўднага. Дотык да радасці. Дотык да дзядулі які займаўся ўсім гэтым са мной.
Заўтра з дзецьмі паедзем шукаць дошкі. Астатняга хапае. І будзем будаваць нейкія домікі для іх цацак.
А можа проста пілаваць, пілаваць, пілаваць, і біць, біць, біць!
У перакладзе з дрэўнегрэцкай «ГРЭХ», гэта «промах міма мэты».
Заклікі - “не грашыць”, “перастаць грашыць” часта трансліруюцца і распазнаюцца як спыненне дзеянняў.
Але каб трапіць у мэту, трэба дзейнічаць. Трэба “не перастаць грашыць”, а пачаць “трапляць у мэту”. Набліжацца да дзеянняў, якія будуць прыводзіць вас да жаданага, а не ўводзіць ад яго.
Два апошнія дні быў у вельмі падаўленым стане. Згубіў адчуванне жыцця. Неяк перанёс сябе ў кантэкст праектаў, дзейнасці, эфектыўнасці. Шмат думаў пра ўсё гэта. Хутка вакацыі, але з пункту гледжання эфектыўнасці-прадуктыўнасці, яны нічога не даюць. Таму глядзеў на будучыя вандроўкі, пра прызму скептыцызму, холаднасці, бессэнсоўнасці.
Стан складаны, няма агню ў вачах, памылкі ў вядзенні груп, выхад з коўч пазіцыі (
Кладуся спаць, стаўлю гадзіннік на 5 раніцы. Даўно рана не прачынаўся. Ледзь падымаюся ў вызначаны час. Ледзь раскачваюся і выпіраюся на шпацыр. На вуліцы халадзень. Халодная раніца - добры знак. Знак таго, што будзе туман. Ажыўляюся. Сустракаю прыгожае сонейка праз туман. Сустракаю казулю. Радуюся.
Узгадваю, што значыць жыць. Што значыць успрымаць прыгажосць. Быць адкрытым да гукаў, пахаў, цікавых сустрэч. Да ўсяго таго, што прыгажосцю сустракае і натхняе мяне. Пачынаю марыць аб вандроўках. Каб паспець нажыцца, набыцца ў прыгажосці, быць адкрытым да гэтага цудоўнага бессэнсоўнага жыцця.
Ужо не першы раз, адны з самых цяжкіх эмацыйных станаў сустракаюць мяне, калі я хачу знайсці простае рашэнне, ці простае бачанне для першапачаткова складанай сітуацыі.
Калі асэнсаваў гэта, то стала прасцей.
Вырашыў не ўвязвацца ў гэтую інтэлектуальную справу - спрашчэнне складанага. Выбіраю ўвязвацца ў няпростыя справы, акцэнтаваць маю ўвагу на канчатковую мэту і выбар першага кроку.
Хацеў бы падзяліцца з вамі відэа пра “Негвалтоўную Камунікацыю” і маімі думкамі на гэты конт.
Відэа, раю для прагляду:
Думкі:
- Калі чалавек не можа сумленна выказаць сябе, пайсці супраць меркавання супольнасці, культуры, традыцыі. То ён можа быць як мімікрыруючы Жыраф (тэрміналогія з відэа). Хто баіцца праявіць сябе ў свет. Яму патрабуецца прыняцце, але ён здраджвае самому сабе. Яму цяжка любіць, бо няма прасторы для гэтага. Яго дзеянні падобныя на любоў, але ў іх няма свабоды,ён дзейнічае не па сваім вольным выбары, а як бы з-за страху.
- Каб выйсці з гэтага стану, чалавеку патрэбна адвага. На гэты перыяд часу, візуальна ён становіцца як Шакал. Ён абараняе свае межы, і спрабуе не прагнуцца пад ціскам соцыўма. Такі чалавек, шмат каго раніць, але ў яго ёсць адвага не падладжвацца пад соцыўм і традыцыі. Ён нібы шчыры і раскрываецца, але гэта яшчэ не канец.
- У гэтай свабодзе быць любым, чалавек можа любіць. Любіць для мяне значыць адкрываць сваю ўразлівасць, слухаць і імкнуцца зразумець іншага. Вонкава, гэта можа не адрознівацца ад стадыі нумар адзін. І іншымі людзьмі гэта будзе расцэнена проста як слабасць і баязлівасць (але гэта не важна, хоць і бывае балюча).
Стадыя адвагі і інтэнцыі ў любоў суправаджаецца двума тыпамі дзеянняў:
- Пастарацца не параніць іншага чалавека, не дадаць яму траўмы, ствараць для яго бяспечнае асяроддзе. Выказванне пачуццяў і жаданняў з пункту гледжання гэтай задачы будзе падобна на Жырафа. Тут для мяне асноўны сэнс - клопат аб тым, каго я кахаю. Беражлівыя адносіны.
- Пастарацца выслухаць і зразумець чалавека, які набраўся адвагі і праяўляе сябе ў пазіцыі Шакала. Убачыць за яго колкімі і балючымі словамі - яго боль, яго страх, яго жаданне. Шмат калі Шакал, хоча каб яму адпомсцілі, адрэагавалі болем на боль, каб апраўдаць свае дзеянні, ён спецыяльна наганяе градус, дадумвае і пражывае тое - які ж ён дрэнны.
Але гэта яго ідэя на самаразбурэнне. Я шукаю сілы, каб праз гэты боль убачыць чалавека. І ў сваёй уразлівасці зразумець яго.
Ну і вядома, у нашай высока кантэкстнай культуры, часта здараецца па-іншаму:
У словах Жырафа - бачаць проста замаскіраванага Шакала. Чалавека які толькі мяняе форму, але мае тыя самыя мэты. Я думаю, шмат хто з нас можа асацыяваць гэта з мякка-салодкімі танальнасцямі людзей, якія ціснуць на віну. - але ўсёж гэта не адно і тое ж.
Для мяне, Рэальны Жыраф - гэта чалавек які адкрывае сваю ўразлівасць.
Ну і вядома, мне здаецца, што глыбока чуць кожнага незалежна ад яго Жырафа - Шакальскага стану, вельмі важная справа, можа нават важней чым тое, з якой формы мы выказваем свае думкі.
Штосьці хочацца, але гэтае штосьці не можа прыняць форму. Толькі цікае ў галаве: штосьці хочацца, штосьці хочацца… Звычайна ў такія моманты іду штосьці сажраць. Таму дарэчы і важу 105 кг пры тым што шпацырую па лесу штодня. Зараз ісці есці не хочацца. Таму пачаў проста пісаць. Ціліканне пачало супакойвацца. Больш асэнсоўваю. Гэтае ціліканне казала мне: хочацца праявіцца ў гэтым свеце. Хочацца, штосьці гэтаму свету сказаць. Але няма ні слоў, ні сэнсаў якія б гэты свет не ведаў і без мяне.
Адно што гэты свет не зможа даць, так гэта самога мяне. Жывога Косці, а не маіх ідэй і канцэпцый. Як цяжка мне бывае супакоіцца, каб проста быць і жыць. Каб не скочвацца ў забыццё ўсяго таго любімага, што са мной ужозараз.
Таму калі-ласка, каму патрэба падтрымка ад жывога Косці, то я праект запіліў "Бот Прасторы Слухання".
Дзе вы можаце выказацца (галасавым паведамленнем), калі вам цяжка, а я ці іншыя валанцёры выслухаюць вас і дашлюць адказ. Каб паспрабаваць, пішыце сюды: @listeners_space
Паднятыя тэмы: 1:47 Што такое "Слуханне"? 5:28 Ці ўкожнага ёсць патрэба ў тым, каб быць выслуханым? 11:36 Што перашкаджае чалавеку слухаць іншага? 19:41 Што зменіцца, калі пачаць па іншаму ставіцца да слухання? 28:25 Як слуханне можа дапамагчы ў жыццёвых пытаннях? 36:00 Як слухаць тых, хто вельмі шмат кажа? 42:52 Калі слуханне гэта ахвяра? 46:33 Якія памылкі ёсць на шляху слухання? 51:53 Высновы сустрэчы. 54:28 Слуханне рушыць шаблоннае ўспрыманне чалавека.
Адчуваю як (закон, правілы, мантры, аўтаматычныя дзеянні) уплываюць на сэнсы. Як сэнсы дэградуюць да звычак. Як калектыўнае, руйнуе індывідуальнае. Паспрабую ўявіць як было 2 тысячы год таму. Калі людзі спрабавалі сказаць адзін аднаму пра тое, што Іісус Хрыстос ажыў пасля смерці. Можна было праслыць ідыётам, убачыць шчырае здзіўленне і недавер з боку слухача. Перад тым як сказаць, раз 100 узважыш, ці варта.
Ну і галоўнае пытанне, якое можа зруйнаваць усё, што ў тыя часы, што ў сённяшнія: "А мне, што з таго?".
І вось сапраўды, у сённяшніх вітаннях адзін аднаго "Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!" людзі не адказваюць на галоўнае пытанне: "А мне што з таго?", "Ці гэта ўвогуле мяне датычыцца?", "Калі Ўваскрэс, то што?", "Калі не Ўваскрэс, то што?".
Вось з нейкімі такімі думкамі ўваходжу ў свята Уваскрэсення Іісуса Хрыста.
- - -
Праз 5 гадзін...
- - -
Навошта Богу спатрэбілася Ўваскрасаць?
Ведаеце, школьныя тэолагі ўсё расклалі па палічках, звязаўшы прыход Іісуса Хрыста, Яго смерць і уваскрэсенне ў чарговы закон. Падпарадкаваўшы ўсё нейкім правілам, метафізіцы і г.д.
А я дазволю сабе, выказаць мае вольныя думкі на гэты конт.
Зайду з некаторай адлегласці. Ці сустракалі вы людзей, якія імкнуцца не ўступаць ва ўзаемаадносіны, каб не пакутаваць ад расставання? Я сустракаў. Да я і сам лаўлю сябе на думках аб смерці ў самыя пяшчотныя моманты жыцця, калі любоў да Дашы пранікае ўсяго мяне. Калі бачу штосьці неверагодна прыгожае і павольна дыхаю. Гэтая думка пра смерць, як пра расставанне з усім тым, што табе так палюбілася. Яна спыняе жаданне любіць, прытупляе адчуванне прыгожага. Нібы абараняе мяне ад расчаравання і болю які прыйдзе са смерцю і расставаннем.
І вось прыйшоў Іісус і жыў жыццё на зямлі, і памёр і Ўваскрэс! І працягнуў тую любоў, якую пачаў. Любоў не зруйнавалася! Законы прыроды трохі пакалашмаціла, а любоў засталася!
Сёння, для меня ўваскрасенне Іісуса, гэта дазвол - любіць да канца.
Любіць, маючы надзею, на тое, што расставанне з любімымі будзе частковым, а не канчатковым.
Віншую вас з Уваскрасеннем Іісуса і надзеяй на нашае асабістае ўваскрасенне!
Зноў і зноў, я ўвязваюся ў размову з таксічнымі людзьмі. Менавіта пасля таго, як яны праяўляюць сваю таксічнасць. Зноў і зноў, хачу перамагчы злосць і знявагу, паважнай размовай і пошукам кампрамісу. Адкрыццём сваёй неабароненасці і добразычлівасці суразмоўцу.
І ў чарговы раз, цярплю крах на гэтым шляху. Прыслухоўваюся да сваіх пачуццяў. Адчуваю сябе знясілена і брудна. Але сам жа ўвязваюся ў гаўно, ад якога іншыя трымаюцца далей. Што я думаю наконт сябе? Няўжо разлічваю дастукацца да чалавечнасці, там дзе яна не мае месца, ці хутчэй не мае магчымасці праявіцца. Думаю пераадолець за некалькі паведамленняў і каментароў тое, з чым некаторыя змагаюцца праз усё жыццё? Так, сапраўды так. І ведаю навошта раблю. Бо маю жаданне перамагчы. Маю жаданне адчуць наканец перамогу на такім слізкім і адчайным шляху. Нібы наканец сцвердзіць гэты працэс, які пачаўся так даўно ў маім жыцці.
Разумеючы гэта зараз, і бачачы вынікі сваіх дзеянняў я станаўлюся свабаднее. Ува мне зараджаецца думка пра тое, што не варта ўвязвацца ў гэтую барацьбу. Не варта, мятаць бісер уласнай душы перад свіннямі. Іншымі словамі перад людзьмі, якіх гэты бісер толькі раздражняе і не нясе ніякай каштоўнасці. Якія імкнуцца скарыстацца адкрытасцю каб як мага глыбей укалоць у самыя неабароненыя зоны. Напэўна яны сцвярджаюць так сваю перамогу над смерцю. Напэўна такім чынам яны намагаюцца падзяліцца тым болем, які адчуваюць самі.
Але скончана, спадзяюся гэта добрая навука. Гэта падобна да таго, як я скончыў сваю барацьбу з алкаголем, думаючы, што магу ўжываць яго культурна і церпячы ад гэтага раз за разам.
Паспрабую пазбягаць нявартых размоў з таксічнымі людзьмі, з той жа ўпартасцю!
Учора, вярнуўся сэрцам да сваіх мэт і жаданняў. Сёння ўсё гэта распачала дзень.
04:00 - Папа, папа ... мне страшна... - Люба, што здарылася? - Мне прысніўся страшны сон... - Добра, давай я лягу з табою спаць 04:20 - Папа, так цёмна, я не бачу цябе, я бачу толькі чорную пляму замест цябе. - Чорная пляма, гэта і ёсць я. - Ну добра, мой мілы папічка. 04:30 - Папічка, а давай размаўляць.... - Не, хачу спаць 04:40 - Папічка, ты ў мяне такі тоўсты, мы не ўмяшчаемся.... - ну добра, сяду каля ложку 04:50 - Папічка, мне баліць жывот - На вось табе вады 05:00 - Папічка, няма чым дыхаць - Ну давай прачысцім нос... 05:10 (... пайшоў гатаваць прамыўку для носу...) - Ксюша, Ксюша! Добрай раніцы, ужо светла, уставай!!! (Шторы шыр шыр, святло Кляц!) - Аааа, Люба! Спаць!!! Ксюша, Спаць!!! Аааа!!!!
Ксюша заснула адразу, а Люба ляжала і глядзела, як я пішу нататку пра Культуру сораму.... Яно ўсё канешне напружана ў 4 раніцы, але гэтае пяшчотнае "папічка" мяне вельмі кранае.... Недзе а палове шостай Люба заснула.... Працяг дня ў наступнай нататцы.
Вось менавіта сёння так і атрымалася. Учора раскапаў нататку 10 месячнай даўнасці пра мае планы Жыць і дапамагаць іншым людзям адшукваць іх уласнае Жаданне. І коўчынг як прамежкавую стадыю на гэтым шляху, як інструмент які дасць мне нейкую базу і інструменты, з якімі я змагу працаваць бяспечна для кліента. Але па дарозе, тое-сеё перамянілася. Я пачаў глядзець на сябе праз прызму коўча. Іншымі словамі я завузіў сябе да коўча і коўчынгавай працы.
І ў маім жыцці паўсталі пытанні, як раздзяліць час паміж гэтымі блокамі:
ляснымі шпацырамі, каякінгам, догімі размовамі з Дашай, гульнямі з дзецьмі, чытаннем кніг, пісаннем вершаў і правядзеннем тэрапеўтычных груп
працай ў якасці коўча, дзе праз коўчынгавыя размовы я дапамагаю людзям павялічваць асэнсаванасць і адказнасць у іх рэальнасці, мэтах і жаданнях
продаж і прасоўванне сваіх паслуг, праз маркетынг, развіццё брэнду і г.д.
І неяк мне стала няёмка, бо я ўбачыў, што праца яна неяк супрацьпастаўляецца жыццю. Бо яна нібы з-за працы жыцця становіцца менш. А жыццё, гэта менавіта тое, чым я магу дзяліцца з людзьмі.
І я вярнуўся да больш шырокай канцэпцыі самога сябе. Да сваёй каштоўнасці. Да свайго Жадання.
І вось атрымаліся ў мяне такія высновы:
Мая каштоўнасць як спецыяліста (коўча, экзістанцыйнага суразмоўцы ці як мы там яшчэ гэта назавём) будзе тым больш, чым больш ува мне будзе Жыцця!
А маё жыццё, яно складаецца з усяго вельмі простага: з любові да Дашы, дзяцей, іншых людзей. З любові да прыгажосці, прыроды, З любові да самога сябе.
Любоў яна ў мяне праз слуханне, праз бачанне, праз адчуванне... Праз "трепет" каля усяго цудоўнага, што ў гэтым свеце мне так палюбіалася.
А на практыцы іх можна перакласці ў наступныя дзеянні:
вярнуць сабе больш жыцця, больш глыбокага пражывання самых простых момантаў і стасункаў (тут усе гэтыя лясы, туманы, світанкі, каякі, вершы ды нататкі).
арганізацыя і правядзенне тэрапеўтычных груп да 6 чалавек. Для мяне гэта: Слухаць з "трепетам" і дапамагаць групе кіравацца правіламі, каб захаўваць бяспечную прастору для ўсіх удзельнікаў. У такіх групах людзі ўзбагачаюць адзін аднаго сваёй чалавечнасцю, адкрытасцю і глыбінёй. Такі фармат - цуд. Пакуль у мяне дзве любімых тэмы: "Мае пачуцці ў Эміграцыі" і "Крызіс светапогляду". Групы на беларускай і рускай мовах. Тут падрабязней: https://listeners.space/by/
ну і канешне хочацца пасадзіць людзей да сябе ў каяк на світанку і паказаць як сонейка прабівае туман і адлюстроўваецца ад вады, бо гэтаж неверагодна проста, плыць у цішыні пад спевы птушак, ласіныя нейкія рыканні і бывае плёскат баброў ці выдр... Ці па лесу павадзіць, паабдымаць дрэвы, адчуць пахі, гукі, смакі.... Відэа, як я гэта раблю можа пабачыць тут: https://www.youtube.com/watch?v=d210Ikg1h9I&list=PLKoHw53ogrZjiPF2QIhrmdjnFxA1_1FgR (там яшчэ асонба пра лес ёсць)
Ну і зразумела, можна і паразмаўляць адзін на адзін пра глыбокае, жаданае, сэнсоўнае. І гэта ўжо пра коўчынг. І вось тут можна забукаць мой час: https://topmate.io/fmensk/824741?coupon_code=fmensk Але каб пра такое размаўляць, трэба напітваццам жыццём, трэба жыць! Таму і коўчынг паслугі мае, яны на прыканцы спісу. Яны ўжо як нешта дадатковае, хоббі мабыць, для тых, каму гэта сапраўды патрэбна. Для тых, каму адклікаецца Жаданне Жыць і адчуваць Жыццё.
Вось неяк так адгукнуўся сёняшні дзень, дзе я вярнуў сабе жыццё! І вось вам здымак з сёняшняга лесу!
Ішоў дождж, мы ехалі, дзеці гутарылі на заднім сядзенні. Я глядзеў праз шкло, праз кроплі, праз паветра. Углядаўся ў дрэвы.
Ксюша запытала: "А сусвет бяскрайні?" Я адказаў: "Мабыць так, як мінімум ніхто пакуль не бачыў яго краю."
І тады мяне пратараніла думка, як гэта ўвогуле ўсё існуе? Як так атрымалася, што штосьці ёсць у гэтым свеце. Ну вось, як так!!!??? Бо вельмі лагічна, калі б ну нічога не было. А яно ёсць! І гэтая таямніца ніколі не будзе раскрыта. Ніяк да яе не наблізіцца. Ну і ладна, гэтае разуменне можа быць зусім пустым і непатрэбным. Але само існаванне чагосьці, а тым больш таго што тут вакол нас, яно проста захапляльна. І ведаеце, нават кропелькі на вачах праступілі, ад таго, што ўсё гэта ёсць. Нейкі Цуд, Цуд відавочны і невытлумачальны. Цуд які робіць магчымым усе іншыя цуды і неверагоднасці. Жывем! P.S. Спім! P.P.S. На фотаздымку гульня, якая ў нашым доме называецца "Веселье" (з вымаўленнем на белмоўны манер). Яе вельмі любяць дзеці, і не вельмі мы з Дашай.