Прыборка
Сёння мы прынеслі ахвяру богу чысціні.
Пошукі сапраўднага вечнага Жадання, якое праходзіць праз усю маю існасць вызываючы мяне да Жыцця.
Сёння мы прынеслі ахвяру богу чысціні.
Люба будуе з лега інтэрактыўныя гульні, прыносіць іх потым Даше, каб яна гулялася. Сама вяртаецца да будоўлі і адным вокам сочыць, каб мама працягвала гуляць. Калі Даша не актыўна гуляецца, то нагадвае ёй: Гуляйся мама! Я хаваюся на канапе, каб мяне не прымусілі гуляць. Даша ўціхара збягае, грозячы мне каб не здаў яе Любе. Учора была прыборка.
Нешта ўчора позна затрымаліся, і пачалі чытаць дзецям бліжэй да 9 вечара, спачатку Даша коміксы, потым я пра жыццё ў лесе, потым касмічная музыка, і нарэшце бліжэй да паловы адзінаццатай дзеці паснулі.
У мяне вочы ўжо сліпаліся, але хацелася яшчэ пабоўтацца, паглядзелі дзве серыі “Fresh Off the Boat”. Увогуле мы любім серыялы / фільмы / анімэ пра азіятаў. Вельмі характэрнае ў іх праяўленне. Часам можна там пазнаць сябе і сваю культуру.
Я ўжо амаль адрубаюся, проста няма моцы. А Даша прапаноўвае, слухай а паехалі ў макдональдс калі яшчэ працуе. (бо ў нашым мястэчку ноччу ўвогуле нічога больш не працуе). Прапанова была такая незвычайная і заманлівая, што я хутка прабудзіўся. Дзецям камеру паставілі, каб за імі сачыць. А самі апрануліся і скаканулі ў машыну.
На палове шляху нас спыніла міліцэйская машына, уключыўшы мігалкі. Аказалася, што перагарэў адзін з задніх габарытаў і лямпачка на нумары. Я смакаваў сваю сустрэчу з гаі. Але трошачкі хваляваўся. Доўга міліцыянты вывучалі ўсе мае дакументы, а асабліва тэрмін калі скончваюцца правы. А ім яшчэ 15 год да сканчэння! Адправілі з мірам, пажадаўшы ўсяго найлепшага!
Справа ў тым, што апошнія два з паловай гады я ездзіў з пратэрмінаванымі правамі якія ніяк не мог замяніць. І за гэты час мяне ніводнага разу не спынілі. Кожны раз праязджаючы міма машыны гаі, маё сэрца замірала, праступаў халодны пот. Штрафы вялікія. А калі я ездзіў з каякам на даху, то калі бачыў машыны гаі, спыняўся і разварочваўся, каб аб’ехаць іншай дарогай.
Мая справа з правамі ў Польшчы, гэта проста велізарны юрыдычны тупік. Яны мне старыя не маглі памяняць, і не маглі дазволіць вучыцца на новыя (бо старыя былі ў базе). І шмат я лістоў пісаў, і сенатар за мяне заступаўся, і розныя юрысты, і вось як 3 месяцы таму мне канчаткова сказалі - нічога зрабіць не можам, толькі едзьце ў Беларусь.
Але месяц таму я злятаў у Грузію, каб здаць там на правы (вучыцца не трэба, внж не трэба). Плаці ды здаваць. Атрымалася праўда не з першага разу, таму прыйшлося злятаць яшчэ раз, гэта была ўжо паспяховая спроба.
Я ўдзячны Богу, што ён неяк аберагаў мяне ўвесь гэты час.
І яшчэ больш удзячны Яму, за тое, што ён навучыў мяне жыць, парушаючы правілы і законы.
Бо жыццё не заўсёды можа ў іх умясціцца, а вось прабіць гэтыя бар’еры бывае складана.
А з Дашай мы добра адзначылі сустрэчу з міліцыянтамі ў макдаке і паехалі да дому. Праспалі праўда да 11 дня, але гэта таго было варта.
Люблю цябе родная, цікава мне з табою жыць!
Іісус прынес добрую думку, як па мне:
Не чалавек дзеля суботы, а субота дзеля чалавека.
Я працягну:
Не чалавек дзеля хрысціянства, а хрысціянства дзеля чалавека.
І нават:
Не чалавек дзеля Бога, а Бог дзеля чалавека.
- - -
Выйдзіце з пад таталетарызму хрысціянства і Бога.
І тады хрысціянства і Бог змогуць стаць для вас крыніцай жывой вады.
Сёння мне прысніўся ад. Калі я прачнуўся я ўжо быў у ім. Я ведаў, што сам ішоў туды, што гэты ад я стварыў сваімі рукамі для сябе самога. Адчулася яго рэальнае існаванне. Мяне ніхто не мучыў, ніякай знешняй небяспекі. Але, але гэта было невыносна. Проста нясцерпна і жудасна горка. Я бачыў ад, і пакуль яго адчуванне не зусім сцёрлася з маёй памяці я буду імкнуцца не трапіць туды ў рэальнасці.
Я пачаў весці групавыя анлайн-сустрэчы для беларускамоўных дзетак.
Мэта сустрэч - даць прастору для знаёмства, сяброўства, глыбокай размовы.
Мая асабістая мэта - паслухаць дзяцей і тое, як яны адказваюць на глыбокія пытанні. Як рэфлексуюць накот сябе і сваіх пачуццяў. Адкрыць для сябе больш шчыры свет і больш зразумець у гэтым жыцці.
Сустрэчы праходзяць зусім не так, як з дарослымі. Большую частку часу паміж выказваннямі яны дурачацца, падбіраюць сабе розныя анлайн-вобразы і смяюцца. А я сяджу і слухаю, чакаючы моманта, калі можна будзе задаць ім новая пытанне і выслухаць адказы і фідбэк адзін да аднаго.
Так і жывем 😁
Бываюць складаныя і вельмі непрыемные моманты жыцця, хочацца каб хутчэй праляцелі.
У мяне сёння была такая гадзіна. Мяне моцна штарміла, трывога прарывалася, цяжка было супакоіцца.
Я паспеў паразважаць, наконт жыцця. Уявіў, калі б гэтыя хвіліны былі апошнімі хвілінамі жыцця. І ці згадзіўся б я жыць, калі трэба былоб жыць менавіта ў такіх умовах, у гэтай сітуацыі.
І я пачаў шукаць вачамі тое, што напаўняла бы мяне жыццём у гэтай сітуацыі. Праз сцены трывогі шукаў прыгожае, натхняючае, глыбокае. Углядаўся ў твары людзей, асабліва дзяцей. Якія яны ўсе жывыя! Радасныя і сумныя! Прыгожыя!
Прага жыцця, перамагае ўсе перашкоды. Мару не сутыкнуцца з абставінамі, якія б перавесілі гэтую прагу.
Чалавек пакутуючы, гэта чалавек які стаіць перад вельмі важным пытаннем: калі жыццё не прыносіць задавальнення і не такая прыемная рэч, то што яно? То дзеля чаго яно?
Чалавек пакутуючы, філосаф па сваёй прыродзе.
З павагай да ўсіх людзей якія пакутуюць і шукаюць адказы.
Напісалася падчас праслухоўвання Баха і Шапэна.
P.S. але гора тым, хто задаволіўся знойдзенымі адказамі.
Тэма, якая ў мяне цяпер у тэрапіі.
Доўг перад тымі, хто мне гэта жыццё ў той ці іншай ступені даў.
Жыццё як крэдыт, перад тварам тых, хто выносіць адзнаку - ці варта было гэтаму жыццю быць. Час абмежаваны, трэба паспець!
Рэч даволі глыбокая і можа быць для чалавека як кіруючы ім Сэнс.
Я вылучыў некалькі тыповых віртуальных Персон сфарміраваных у маей галаве (яны не супадаюць з рэальнымі, але маюць большы ўплыў), перад якімі трэба апраўдвацца, яны могуць пераплятацца ў сваіх чаканнях.
Распачнём...
Тут усе проста, трэба апраўдаць чаканні бацькоў з пункту гледжання іх уўялення пра жыццё. На працягу жыцця бачыш, каго бацькі паважаюць і ставяць у прыклад, а да каго выказваюць сваю непавагу і непаразуменне. Могуць услых марыць пра свае чаканні да таго, як ты павінен жыць і чаго дасягнуць. Калі бацькоўская любоў, цеплыня і прыняцце карэлююць з тым наколькі ты адпавядаеш чаканням, то дасягнуць усяго намечанага - значыцца стаць любімым, Жаданым і не вінаватым за сваё існаванне.
У нейкі этап асэнсоўваецца, што бацькі не абсалют, могуць памыляцца. І дзеянняў ад нас чакае грамадства, трэба для людзей штосьці такое добрае зрабіць. Каб гэтыя людзі прызналі, што ты варты таго, каб жыць на гэтай зямлі. Можаш быць экоактывістам, валанцёрам, працаваць на сацыяльных праектах і нейкім чынам укладацца ў іншых. Звычайна апраўдвацца прыходзіцца тым, што ў трэндзе грамадства, што грамадства прызнае як карыснае і вартае.
Нацыя чакае герояў. Нацыя ўхваляе герояў! І калі герояў не хапае, то сама стварае герояў. Нацыі патрэбны героі, яна чакае гераізма ад кожнага з нас.
Аднойчы мяне запыталі, "Так хто ты, калі не беларус?"
Мол калі ўбраць, што ты беларус, то нічога не застанецца.
У цікаўнасці нацыі, каб нашае жыццё пайшло на карысць нацыі. І мы шукаем апраўдання ў вачах Нацыі, нашага імпакту для Нацыі, як таго што жыло да нас і будзе жыць пасля нас. Каб атрымаць сваю несмяротнасць у памяці Народа. Тады нацыя будзе сцвяржаць, што такія як мы варты таго, каб жыць.
Падобна да нацыі, проста група выбіраецца па іншых крытэрах. Тут можна належыць да рэлігійнай, прафесійнай, гендарнай і любой іншай групы якая таксама будзе не супраць, калі ты паслужыш інтарэсам групы. А што ты зрабіў для праваслаўя, жанчын, цемнаскурых ці ЛГБТ?
Гэты пункт самы складаны. На апраўданні жыцця перад Богам могуць добра паразіціраваць рэлігійныя лідары і арганізацыі, выдаючы свае цікаўнасці за волю і чаканні Бога (глядзіце мінулыя пункты).
- - -
Але маёй душы тут больш за ўсё адклікаюцца наступныя словы (прыводжу ў арыгінале):
Б. Гребенщиков: «Перед Господом НЕТ оправданий. Он САМ оправданье».
Сябры, крок за крокам я ўсё больш пераходжу ў афлайн.
Чытаю папяровыя кніжкі, раблю запісы на паперы.
Паставіў перад сабой мэту, дацягнуць узровень ангельскай да C1, каб у наступным годзе можна было паступіць у англійскі ўніверсітэт і атрымаць масцерс як Экзістэнцыйны коўч (2 гады) ці псіхатэрапеўт (4 годы).
Падцягваю слоўнікавы запас - нарэзаў картак з цвёрдай паперы (як раней былі перфакарты), выкарыстоўваю для фіксацыі і паўтарэння новых словаў.
Замовіў оксфардскія воркбукі - сяджу з алоўкам, займаюся граматыкай.
Цікавы стан, знаёмы і салодкі з дзяцінства.
Пазычана з начных разважанняў аднаго нарцыстычнага-шызоіда.
“Хочацца выйсці з гэтай інтымнай не абароненай прасторы ўласных уяўленняў пра жыццё і асабістае жаданне. У сацыяльную прастору, дзе я як Алхімік ствару штосьці што зробіць з мяне Гітлера. Штосьці што падпарадкуе іншых людзей майму бачанню свету. Штосьці што заменіць іх маленькія жаданні, на маё жаданне. Менавіта гэтая замена і прызнанне зробіць маё жаданне глыбокім і вялікім. Дазволіць мне ўстаць ва ўсю моц і больш не сумнявацца. Каб Іншыя галасы заглушылі голас страху і пакуты трывогі ў маім сэрцы. Каб у мяне забралі свабодную волю прымаць рашэнні. Каб я забраў гэтую свабодную волю ў іншых людзей. Каб мы перасталі пакутваць ад віны, і нічога не трэба было больш вырашаць, і не было больш ніякай адказнасці. А можна было проста смакаваць сваё Эга - лепшае ў гэтым свеце, смакаваць сваё мінулае ў якім было прынята правільнае рашэнне - вызваліўшае ўсіх людзей і мяне самога ад гэтай невыноснай свабоды. Каб можна было ўжо памерці застаючыся жывым і нічога ў гэтым свеце не змянялася а проста застала ў моманце прытарна салодкага стану прымання пахвалы.”
і яшчэ…
Размова паміж ідэальным і не ідэальным Кастусём:
- Прывітанне, ты хто?
- Я ідэальны Кастусь.
- Не веру, такога не існуе.
- Ну тады я пайшоў.
Успышкі святла і грукат. Не ў першы раз, адзін і той жа час. Даша просіць закрыць вакно. Мне патрэбен час, каб зарыентавацца ў прасторы. Завісаю перад вакном, даўгачаканая прахалода - прыгожая маланка і моцны дождж, надыхацца бы. Прачынаюся, прыходжу ў сябе.
Ломка. 4 гадзіны таму я зышоў з інтэрнэта да канца лета. Заблочыў усе соцсеткі і мессенджеры. Пакінуў толькі сакрэтны для кліентаў, бацькоў і Дашы. Хачу, чаго небудзь новенькага і цікавага. Механічна правяраю тэлефон. Асалода расцякаецца па целу. Кліент напісаў пра свае думкі. Дакінуў мне дафаміна, праз маленькую шчылінку. І вось я ўжо бадзёры. Пераходжу з крышкі ўнітаза да ноўта, каб напісаць нататку. Бо ўсё вакол і ўнутры мяне палыхае святлом і грукатам. Як магу я дапамагчы чалавеку, ад якога адмовіліся іншыя псіхатэрапеўты? На што я разлічваю? Як высока заходжу ў сваіх марах, і це не прыйдзецца ляцець долу разбіваючыся аб рэальнасць? Супакойваю сябе: "Я проста суразмоўца". Але прадчуваю, што ўсё значна складаней, чым я магу сабе пра гэта ўяўляць.
Свой дафамін я атрымаў. Цікава, колькі грошай перавесці кліенту за маё задавальненне? Колькі чалавек на свеце, гатовыя былі бы плаціць, каб стаць важнымі ў жыцці іншых людзей? Каб ім давяралі нешта сакравеннае, чаго не могуць сказаць нікому іншаму? Мне падаецца, я забіраю свой асноўны ганарар ад працы, менавіта праз гэты стан. Я сцвярджаю сваю постаць і яе значэнне ў гэтым свеце, праз адчуванне маёй адметнасці. Праз вобраз чалавека, якому хочацца давяраць.
Завіс над гэтай апошняй фразай, пераглядаю, думаю. Што падумаюць людзі якія будуць чытаць? Як гэтыя словы будуць зразуметы, маімі кліентамі? Ці не страчу я іх давер? Напэўна, я не лічу сябе чалавекам, якому можна давяраць.
Вярнуўся ў ложак. А за вакном ужо святлей. Навальніца сціхла ў імгненне. Трэба спаць. Нейкія гукі з дзіцячага пакою. Падымаюся. Люба ўткнулася ў сцяну. Паправіў яе. Апрануў майку-шорты і выперся на вуліцу.
Цёпла. Яшчэ трохі капае. Няма мэты куды ісці. Проста іду. Чую гукі скрыпкі. Нейкая зусім адчайная і сумная гісторыя. Падыходжу ў упор. Гэта рыпанне рэкламнага сцягу каля Брыко. Якое яно мілагучнае сёння. Машына праехала. А я іду, прадчуваючы магчымыя прыгоды. Але не душы. Вось невялічкія могілкі ў парку. Зайду. У парку ідзе дождж. Тыя кроплі, што затрымаліся на лісцях дрэў валяцца ўніз ад парываў ветру.
Што адбудзецца? Куды я іду? Які сігнал ад Бога, змагу разглядзець гэтым разам? Ці можна было б яго адчуць не выходзячы з ложку?
Ах, ведаў што лава мокрая. Хаця на гэтае і разлічваў. Зараз мокрая жопа. Ці гэта сігнал? Не, але вельмі хочацца. Вельмі хочацца дакрануцца, да чагосьці невымоўнага. Разарваць матэральнасць гэтага свету, прабіцца да жыцця.
Выходжу з парку. Дзве басаногія жанчыны машуць таксісту. Іду дадому.
- Папа, чаму фея не забрала мой сёняшні ліст?
Узгадваю свае думкі за апошні тыдзень, наконт феі і дзеда мароза. Узгадваю як шчаслівыя дзеці ўрываліся раней ў пакой з крыкамі: "Ура, ад феі падарунак! Ад феі ліст!" А я безэмацыйна адказваў: "Добра. Цудоўна. Пакажы, што там яна вам прынесла?" Як можна, з каменным тварам рэагаваць на цуд гэтага жыцця?!!! Добра яшчэ, што не сімуляваў захапленне і здзіўленне! Гэта ж найвялікшае спаганнене цудаў, чуючы пра цуд - згаджацца і не рыпацца з месца. Нават не ўяўляю, як гэтая бацькоўская рэакцыя можа ўмяшчацца ў сэрцы дзіцёнка.
Доўгае маўчанне, выдыхаю і нарэшце я вырашаюся.
- Ксюша, фея гэта я.
Ксюша ціха плача, па яе шчацэ цячэ слязінка суму і крыўды. Яна нібы і ведала, што гэта я. Але мела надзею.
Ах як жа ёй і мне хочацца, каб былі сапраўдныя цуды. Каб містычнае, разрывала сумны свет матэрыалізму.
Мы абняліся і ціха плакалі.
А потым доўга разважалі, як жа нам з ёй знайсці сапраўдныя цуды.
Думка пра тое, што праз 4 дні я выдзярну сябе з сеткі, мяне натхняе.
Цікавасць і страх, ад нечага новага акрыяе.
Я з смакам займаюся адключэннем сябе ад розных актыўнасцей. Даведаўся як ва ўсіх менеджарах і на пошце зрабіць аўтаматычныя адказы, пра тое, што я афлайн і калі я вярнуся.
Раніца задалася добра. Прачнуўся а пятай і пайшоў на сцежку. З учорашняга дня пачаў марыць пра непрамакальную надуўную торбу для рэчаў. Каб скласці ў яе абутак, адзенне, тэлефон. Пераплыць на іншы бок возера і пашпацыраваць далей.
Торбы ў мяне такой няма, але захацеў купнуцца. Нават адплыў трохі далей ад берага. Было вельмі няёмка, калі бліжэй да сярэдзіны возера нейкія водарасці пачалі казытаць жывот. Адразу перадумаў кудысьці пераплываць. Пра надуўную торбу ўжо не мару.
А потым завіс па справах у кампе на ўвесь дзень. Адчуваў нейкае расчараванне, што прыходзіцца ў ім сядзець. Дзецям наабяцаў з тры кораба на сёння, а па сутнасці толькі крычаў з пакою: "Хутка прыйду, амаль дарабіў".
Добрая нота, што ўвечары ўжо цалкам усёй сям'ёй паехалі на возера + пікнік. Калі падсумаваць, то атрымаецца мокра-цёплае-чытанне-кніг-пад-радасныя-крыкі-дзяцей-і-плёсканне.
Заўтра едзем на поўнач, купацца ў салёнай вадзе.
Я Косця, у маім жыцці ёсць жонка Даша і дзве дачкі Ксюша і Люба.
Мы жывем разам, але я доўгі час быў IT-гастэрбайтерам. Чалавекам, які знаходзячыся ў адной фізічнай прасторы з сваімі блізкімі, адсутнічаў ментальна.
І вось прыйшло лета:
- ад світанку да заходу сонца амаль 17 гадзін
- зусім блізка, каля мяне мае любімыя
- і ўсе ўмовы каб быць з імі тут і зараз
А лета скончыцца, і я вярнуся ў інтэрнэт. І буду далей рабіць праекты, праводзіць актыўнасці, набіраць новыя групы, пісаць публікацыі. Усяму свой час.
Мой чэлендж стартуе праз 5 дзён, таму, калі маеце да мяне якія справы, пішыце хутчэй. Я як раз зараз планую закрыць незакрытае.
P.S. Я не ў якім разе не адмяняю ўжо ідучыя групы "крызіс светапогляду", "мае пачуцці ў эміграцыі", "мастэрмайнд для коўчей". Гэтыя астраўкі маёй інтэрнэт прысутнасці са мной у запланаваны час.
Тры гады таму гралі ў футбол ва Ўкраіне камандай бяздомных супраць каманды братчыкаў.
Каманда бяздомных мужыкоў і дзядоў, трохі кульгавых і пахучых са мной разам выйграла ў маладых хлапчукоў брацтва.
Напэўна тады, я вырашыў, што гэтая група мне бліжэй за рэлігійна-структураваную.
З Любай у парке робім домік каля дрэва.
- Люба, навошта цягнеш гэтае смецце?
- Гэта не смецце, гэта сок (на банку зпад піва). Да і ўвогуле папа, смецце бывае добрае для гульні.
Нацягаўшы шмат усякага, кажа: “Ну вось і добра! Як дома!”
Новы для мяне погляд на эфектыўнае жыццё.
Можа быць, людзі якія дасягаюць эфектыўнасці, сістэмнасці, вынікаў - хакаюць жыццё.
Знаходзяць падыход, у якім заглушаюць для сябе адчуванне бессэнсоўнасці таго, што адбываецца ў гэтым свеце.
Можна сказаць ламаюць антэну. Уключаюць адзіную знаёмую песню грамчэй.
А сігнал усё роўна ідзе.
І не дае пакою чалавечай душы.
Наколькі каштоўны станы, калі ўсё страчвае сэнс. Калі мэты, дзеянні, якасці і планаванне - здаецца пустым месцам. Калі хочацца адключыцца ад інтэрнэту і пабыць без соцыўма. Пабыць, каб штосьці адчуць і зразумець. Каб нібы прышвартаваць каяк да берага, і паўглядацца ў карты мясцовасці. Лепш зразумець, так а ці туды нас нясе рака? Куды ўвогуле нас усіх нясе? Наколькі нашае веславанне ўплывае на маршрут? Ці плынь настолькі моцная, што ўсе барахтанні - гэта проста імітацыя і самаўнушэнне? І ці магчыма сапраўды выйсці на бераг? Астатнія та імкліва нясуцца, час ідзе, спыняючыся на беразе - губляеш час.
Сёння дзень, калі я адчуў сваю немач, слабасць, памылковасць і недасканаласць. Сваю віну. Віну якая не цісне, але якая вяртае мяне да маёй чалавечнасці.
Словы, тэкста, канцэпцыі, сэнсы - гэта ўсё мова. Можна круціцца ў ёй колькі заўгодна. Гэта ўсё нібы як паралельны сусвет, які мала дзе звязаны з рэальным жыццём.
Вось зараз, у гэтым падаўленым, спыніўшымся стане адчуваю сябе жывым. Адчуваю сябе дакранаючымся да чагосьці трагічнага. Смакую гэта. Цяжка разабрацца, што ўнутры.
Нібы прасветам і надзеяй - душа прагне большага!