ENG БЕЛ РУС

ЖАДАННЕ З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ

Пошукі сапраўднага вечнага Жадання, якое праходзіць праз усю маю існасць вызываючы мяне да Жыцця.

Нешта нявыказанае захрасла ў горле

Вось нібы хочацца сфармуляваць, неяк ахапіць розумам, адчуць да канца, асэнсаваць у канцы та канцоў. Але замест гэтага проста камяк. І такая моцна трывога, нейкая спешка ў тым каб узяць аловак, ці пачаць пісаць. І яно выйшла з мяне. Здаецца, штосьці важнае. З алоўкам я сядзеў, сядзеў і толькі загагулі выйшлі. Вось зараз спроба пісаць. Спроба падступіцца да таго, што кліча і не падпускае.

І яшчэ ў гэтай справы ёсць такая дрэнная акалічнасць, перад ёй губляе каштоўнасць розная іншая дзейнасць. Вось здаецца і тое можна, і гэта... а думка круціцца - не хачу, трэба штосьці з гэтым камяком зрабіць. Нібы трэба зараз вырашыць, штосьці вельмі важнае ў жыцці.... а што, невядома.
Ці можа хочацца неяк спрасціць жыццё, каб не было яно складаным такім, каб стала больш празрыстым.... пішучы разумею, што не хачу спрашчэння. Лепш ужо навучыцца працаваць з тым, што ўсё не проста. Неяк зжывацца з гэтым. У гэтым ёсць свая прыгажосць.

Першы пацалунак

11 год таму адбыўся наш першы пацалунак, а пасля адбылася шмат чаго рознага. Углядаючыся ў бяскрайні ўнутраны сусвет маёй каханай я адкрываю для сябе гэты свет і прыгажосць чалавечнасці.

Розны досвед Бога

У працяг учорашняй думкі пра блізнят і маму. Мы можам сутыкнуцца з праблемай, што людзі шукаюць зусім рознага Бога. І як жа можна прымірыць гэтых людзей, калі іх погляды на Бога дыяметральна супрацьлеглыя?

Для прыкладу возьмем мяне.
Звычайны чалавек. Але наколькі па-рознаму я адкрываюся для розных людзей. Нават дочкі раскрываюць мае розныя якасці, і для іх ува мне каштоўны розныя рысы. Для Дашы я буду не такім, як для супрацоўніцы польскага ўжонда. Я розны для маіх бацькоў, для маіх сяброў, для кліентаў, і г.д. І няма ніякага Косці, якіб умясціўся ў бачанне аднаго чалавека, хоць нават і самага блізкага.
А Бога канешне моцна завузілі і адарвалі ад кантэксту і асабістага досведу кожнага чалавека.

Бог такі, якога мы шукаем?

Гучыць неяк няёмка, але вось невялічкая аналогія з майго светапогляду.
Калі б я распавёў вам пра блізнятак, якія ва ўзросце трох год згубілі любімую маці. І на працягу свайго жыцця шукалі яе. І хоць іх успаміны пра маці могуць адрознівацца, ці было б лагічна сказаць, што іх маці падобна да той якую шукае кожны з іх?

Якога Бога я шукаю?

Я шукаю Бога які заўважае мае памылкі, але суцяшае, прымае, супакойвае. Які тлумачыць мне, што са мной адбылася. Які кажа, не бойся - гэта не канец. Жыві і імкніся любіць. У цябе яшчэ ёсць час. Я люблю цябе і прымаю разам з тваёй недасканаласцю. Я люблю намеры твайго сэрца, і разумею твае дзіцячыя памылкі і няўважлівасць. Я не суджу цябе так строга, як ты судзіш сябе. Я ўвогуле не суджу цябе. Я спачуваю табе, калі ты адчуваеш пакуты сумлення. Я радуюся тваёй радасці. Я тут, каля цябе, ты не адзін. Усё жыццё ты ведаў, што я з табой. Хоць і ўяўляў ты мяне па рознаму, і думаў пра мяне рознае. Але я тут, з табою, і я не патрабую ад цябе дасканаласці. Я разглядаю намеры сэрца і радуюся добрым намерам, і спачуваю намерам якія сыходзяць ад страху, няўпэўненасці і болю. Я адчуваю тваё жыццё і спачуваю табе.

І так, я магу быць не ўсе магутным....
Не крыўдуй на мяне, калі што....

Грэх ці Любоў?

У мяне тут невялічкія разважанні пра Іісуса Хрыста, і як Евангельская аповесць змяніла маё ўспрыманне жыцця.

Я разумею, што жыў па правілах закону даволі доўга. І правілы гэтыя заўсёды казалі пра асуджэнне. Толькі дасканалы, мог пазбегнуць асуджэння. Калі ты парушаеш Закон, то ты вінаваты. Страх перад законам, страх памылкі, жыццё вымяраецца бяздзейнасцю. Выйсце з гэтага стану - смерць. Няма чалавека - няма памылак. Няма чалавека - няма парушэння закону.
А хто той сверхчалавек, які імкнецца не парушаць і не парушае?
На мой погляд - фанатык, прагматычны ідэаліст. Чалавек які ў аснове свайго жыцця паставіў адно адзінае жаданне - не памыляцца і не быць асуджаным. Вось пішу зараз і ў мяне дрыжыкі па целу. Так я імкнуўся жыць, такія рэакцыі і патэрны паводзін выпрацоўваў унутры сябе.

Альтэрнатыва, якую прынёс для мяне Іісус Хрыстос:
Будзьце вольныя ад граху, хопіць ставіць яго на першае месца. Калі вока ваша толькі на гэты грэх і глядзіць - то гэтым і напаўняецца ўсё вашае жыццё.
І вось Іісус ходзіць па зямлі, размаўляе з "грэшнікамі", не звяртаючы ўвагі на іх грахі. Не дзелячы людзей па гэтаму крытэрыю. Ён нібы кажа - гэта не важна. Не гэта ёсць самім жыццём. Ён кажа Любіце. Ён Любіць.

І ў жыцці сваім я бывае сутыкаюся з выбарам - парушыць закон ці любіць.
Выканаць абавязак, ці пайсці з дзецьмі пагуляцца. Канцэнтравацца на злым ці на добрым. Ці адмаўляцца ад добрага, з-за таго што разам з добрым - злое.

Бо з кожнай добрай справай, з кожнай справай любові ідзе разам зло і грэх. І я лічу, што мне не варта спыняць любоў, з-за таго што каля яе зло. Але трэба весці барацьбу са злом, каб у нашай любові яго было ўсё менш.

Вось мужык валяецца п'яны, падышлі да яго, паднялі, дапамаглі дайсці да дому. Ён заваліўся ў хату і пабіў жонку, наараў на дзяцей.
Ці сталі мы саўдзельнікамі злачынству?

Зачыталіся на вуліцы

На двары +21, мы сядзім і чытаем, чытаем і не можам спыніцца...

Даша праходзіла міма, завісла з намі на пару гадзін, пакуль не скончылі кнігу. Прыходзілася перапыняцца, каб праплакацца ў асабліва ўрачыстыя моманты. Увогуле, атрымалася цудоўна і ўрачыста! Мілікі насіліся ў елках, Ксюша гушкалася на арэлях, а Люба была капітанам карабля, футбалістам і галоўнай шумелкай нашага мерапрыемства. Таму прыходзілася голасна чытаць на ўсю аколіцу. Суседзі не слухалі, святкавалі Пасху.

Кніга называлася "Прадзелкі двайнят" Эрыха Кестнера.
Там сапраўды цікава, а падзяліцца хочацца такой фразай бацькі:
"На чацвёртым паверсе злева мы будзем шчаслівыя ўчатырох, а на чацвёртым паверсе справа я буду шчаслівы адзін, але ад вас мяне будзе аддзяляць толькі сценка."  - такія яны творчыя натуры, да і не толькі творчыя. Якім так патрэбен час у адзіноце.

Папа і Мама

Апошнія тыдні думаю, пра сваю няўдзячнасць бацькам.
Хутчэй наадварот, пра той патэнцыял удзячнасці, які хочацца нейкім чынам вызначыць.
Я люблю сябе, і бачу што ёсць ува мне глыбінная прыгажосць, радасць, дабро, любоў. Мне вельмі ад гэтага ўсяго цёпла і прыемна. І я дакладна разумею і адчуваю, што мае папа і мама, падарылі мне гэта ўсё. Што я напоўніўся тым, што яны захавалі і ўзрасцілі ў сваім сэрцы. Тым, што яны адчувалі ў адносінах да мяне, адзін аднаго і гэтага свету. Дзякуй вам мама і папа, за тое, што вы ў мяне ёсць. За маё жыццё і за нашу з вамі любоў.

P.S. На фотаздымках папіна фотапаляванне на лятаючага ката, і маміны кветкі. Я натхнёны, тым як вы ўспрымаеце прыгажосць. І радуюся, што вы часцяком шпацыруеце па лесу разам. Ваш Косця.

Дзень адраджэння Ч1: Люба

Учора, вярнуўся сэрцам да сваіх мэт і жаданняў.
Сёння ўсё гэта распачала дзень.

04:00
- Папа, папа ... мне страшна...
- Люба, што здарылася?
- Мне прысніўся страшны сон...
- Добра, давай я лягу з табою спаць
04:20
- Папа, так цёмна, я не бачу цябе, я бачу толькі чорную пляму замест цябе.
- Чорная пляма, гэта і ёсць я.
- Ну добра, мой мілы папічка.
04:30
- Папічка, а давай размаўляць....
- Не, хачу спаць
04:40
- Папічка, ты ў мяне такі тоўсты, мы не ўмяшчаемся....
- ну добра, сяду каля ложку
04:50
- Папічка, мне баліць жывот
- На вось табе вады
05:00
- Папічка, няма чым дыхаць
- Ну давай прачысцім нос...
05:10
(... пайшоў гатаваць прамыўку для носу...)
- Ксюша, Ксюша! Добрай раніцы, ужо светла, уставай!!! (Шторы шыр шыр, святло Кляц!)
- Аааа, Люба! Спаць!!! Ксюша, Спаць!!! Аааа!!!!

Ксюша заснула адразу, а Люба ляжала і глядзела, як я пішу нататку пра Культуру сораму.... Яно ўсё канешне напружана ў 4 раніцы, але гэтае пяшчотнае "папічка" мяне вельмі кранае.... Недзе а палове шостай Люба заснула.... Працяг дня ў наступнай нататцы.

Працяг дня

Дзень адраджэння Ч2: Лес / Туман

Першая частка

.... каля паловы шостай Люба заснула
А ў акенцы быў непраглядны туман.
У мяне захапіла сэрца, але не так як раней.
Мне было страшна...

- Ці захавалася маю любоў да туманаў, скрозь такі прамежак часу?
- Ці класціся спаць, ці ісці правяраць, як я зараз адчуваю прыгажосць?
Страшна, праясняць рэальнасць сваіх пачуццяў.

Але я сабраўся і пайшоў.
Я ішоў, і прыслухоўваўся да самога сябе.
На пачатку нічога не адчуваў, было холадна, пачаў кашляць.
Адсутнасць пачуццяў ціснула на мяне, і панікёрская думка: "няўжо ты больш не адчуваеш" адбівалася ў такт пульсу.
Але вось я зварочваю з асфальту на такі полу прылесак, і адчуваю невялічкую ўзрушанасць. Раблю фотку. І далей іду па свайму маршруту.

Калі ўжо выйшаў на веларолерную трасу, то адчуў сябе цалкам зацікаўлена. Бо пачаў бачыць камяк сонца.... Яно праз туман вельмі такое бясформеннае.
 
Працягваў паглыбляцца ў лес, з якога потым я выйду на палянку.



А вось і палянка з сонейкам прабіваецца пад галінкамі дрэва...



Боўтаўся там па палянцы, глядзеў то на сонейка, то на лес. І напрыканцы сфоткаў мох. Які ён зараз прыгожы! Бо травы яшчэ няма, а ён на дрэвах асабліва яркі, такі нават сочны. Я яго люблю мацаць. Ён бывае сухі, мокры, пушысты... Кожны раз цікава, а які ён сёння...

І на прыканцы маленечкае відэа (запісваў як прадмову да роліка па-расейску).

Культура сораму

Культура сораму (сямейная марная слава "тщеславие") забівала каханне. І я вельмі ўдзячны Богу, што зараз падаецца яна губляе свае апоры...

Што я маю на ўвазе, калі кажу культура сораму?
Гэта вонкавае спаборніцтва, на тэму Што іншыя людзі думаюць пра маю сям'ю? Культуру калі вельмі важна "паказваць" як шчасліва, добра і прыгожа жыве твая сям'я. У гэтай культуры не выносіцца смецце з хаты "сор из избы" і ўсе моцы накіраваны на вонкавую карцінку. Праз жыццёвыя гісторыя іншых людзей, я як і некаторыя ўзненавідзеў гэтую  культуру. Культуру падвойных стандартаў, холаднасці, жорсткасці і ІМІТАЦЫІ! Як жа я цярпець не магу імітацыю. Імітацыя забівае сапраўднасць.

Пытанне: А што людзі падумаюць? - Напэўна, забіла не адзін мільён не народжаных дзяцей.

Стрыманая рэакцыі ў адносінах да неадэкватных начальнікаў, скалечыла потым у дамах немала жонак і дзяцей.

Гэтае сранае вонкавае "прыгожае", каб людзі нічога не падумалі... , часта забівае неабароненае ўнутрашняе.

І ўсе насіцелі гэтага "добрага выгляду", імкнуліся выхаваць з сваіх дзяцей такіх жа служыцелей ідала вонкавасці.

У культуры раней не было прагаворванне сваіх эмоцый у Я-выказваннях. Таму прыходзілася людзям камунікаваць праз розныя формы асуджэння і перамыванне косткаў усім астатнім. І гэта было страшна. Вось і хацелася, каб пра "мяне, нас, нашу сям'ю" казалі толькі добрае... А што там унутры, да гары яны гарам - не так важна...

Мяне і зараз трыгерыць усе такое, не адпусціла яшчэ.

Ад коўчынга, да Жыцця!

Я вярнуў сябе жыццё назад
Паляцеў у Жаданыя прасторы....

Вось менавіта сёння так і атрымалася. Учора раскапаў нататку 10 месячнай даўнасці пра мае планы Жыць і дапамагаць іншым людзям адшукваць іх уласнае Жаданне. І коўчынг як прамежкавую стадыю на гэтым шляху, як інструмент які дасць мне нейкую базу і інструменты, з якімі я змагу працаваць бяспечна для кліента. Але па дарозе, тое-сеё перамянілася. Я пачаў глядзець на сябе праз прызму коўча. Іншымі словамі я завузіў сябе да коўча і коўчынгавай працы. 

І ў маім жыцці паўсталі пытанні, як раздзяліць час паміж гэтымі блокамі:
  • ляснымі шпацырамі, каякінгам, догімі размовамі з Дашай, гульнямі з дзецьмі, чытаннем кніг, пісаннем вершаў і правядзеннем тэрапеўтычных груп
  • працай ў якасці коўча, дзе праз коўчынгавыя размовы я дапамагаю людзям павялічваць асэнсаванасць і адказнасць у іх рэальнасці, мэтах і жаданнях
  • продаж і прасоўванне сваіх паслуг, праз маркетынг, развіццё брэнду і г.д.

І неяк мне стала няёмка, бо я ўбачыў, што праца яна неяк супрацьпастаўляецца жыццю. Бо яна нібы з-за працы жыцця становіцца менш. А жыццё, гэта менавіта тое, чым я магу дзяліцца з людзьмі.

І я вярнуўся да больш шырокай канцэпцыі самога сябе.  Да сваёй каштоўнасці. Да свайго Жадання.

І вось атрымаліся ў мяне такія высновы:

  • Мая каштоўнасць як спецыяліста (коўча, экзістанцыйнага суразмоўцы ці як мы там яшчэ гэта назавём) будзе тым больш, чым больш ува мне будзе Жыцця! 
  • А маё жыццё, яно складаецца з усяго вельмі простага: з любові да Дашы, дзяцей, іншых людзей. З любові да прыгажосці, прыроды, З любові да самога сябе.
  • Любоў яна ў мяне праз слуханне, праз бачанне, праз адчуванне... Праз "трепет" каля усяго цудоўнага, што ў гэтым свеце мне так палюбіалася.
 

А на практыцы іх можна перакласці ў наступныя дзеянні:

  • вярнуць сабе больш жыцця, больш глыбокага пражывання самых простых момантаў і стасункаў (тут усе гэтыя лясы, туманы, світанкі, каякі, вершы ды нататкі).
  • арганізацыя і правядзенне тэрапеўтычных груп да 6 чалавек. Для мяне гэта: Слухаць з "трепетам" і дапамагаць групе кіравацца правіламі, каб захаўваць бяспечную прастору для ўсіх удзельнікаў. У такіх групах людзі ўзбагачаюць адзін аднаго сваёй чалавечнасцю, адкрытасцю і глыбінёй. Такі фармат - цуд. Пакуль у мяне дзве любімых тэмы: "Мае пачуцці ў Эміграцыі" і "Крызіс светапогляду". Групы на беларускай і рускай мовах. Тут падрабязней: https://listeners.space/by/
  • ну і канешне хочацца пасадзіць людзей да сябе ў каяк на світанку і паказаць як сонейка прабівае туман і адлюстроўваецца ад вады, бо гэтаж неверагодна проста, плыць у цішыні пад спевы птушак, ласіныя нейкія рыканні і бывае плёскат баброў ці выдр... Ці па лесу павадзіць, паабдымаць дрэвы, адчуць пахі, гукі, смакі.... Відэа, як я гэта раблю можа пабачыць тут: https://www.youtube.com/watch?v=d210Ikg1h9I&list=PLKoHw53ogrZjiPF2QIhrmdjnFxA1_1FgR (там яшчэ асонба пра лес ёсць)
  • Ну і зразумела, можна і паразмаўляць адзін на адзін пра глыбокае, жаданае, сэнсоўнае. І гэта ўжо пра коўчынг. І вось тут можна забукаць мой час: https://topmate.io/fmensk/824741?coupon_code=fmensk 
    Але каб пра такое размаўляць, трэба напітваццам жыццём, трэба жыць!
    Таму і коўчынг паслугі мае, яны на прыканцы спісу. Яны ўжо як нешта дадатковае, хоббі мабыць, для тых, каму гэта сапраўды патрэбна. Для тых, каму адклікаецца Жаданне Жыць і адчуваць Жыццё.

Вось неяк так адгукнуўся сёняшні дзень, дзе я вярнуў сабе жыццё!
І вось вам здымак з сёняшняга лесу!


 

 

 

Вершык пра ўнутрашнія хвалі

Хвалі хвалююцца...
Людзі турбуюцца...
Жыцці спыняюцца...
Усё аднаўляецца...

Унутры штормы бушуюць
Яны звонку людзей катуюць
Праз нашыя дзеянні-словы
Вострыя воды топяць параходы

Быў страх
Разрываў унутры
Шукаў сябе выйсце
І стрэліў, глядзі!

І трапіў у таго
Хто праходзіў міма
Той боллю прачуўся
Віной абярнуўся

З пакутамі выйшаў
І ўжо шторм яго
Праз дзесяць хвілін
Пранзе іншае сэрца злом

І так тыя хвалі
Ліюцца праз край
Нідзе не сціхая
Сціраюць рай...

Чаму патрэбны канспекты ў коўчынгу?

Тры гады таму, чытаў кнігу "How to take smart notes".
Адным з важных момантаў, якія я для сябе адзначыў, было чытанне кнігі з алоўкам. Падкрэсліванне цікавых месцаў і мелкія словы на палях. Калі кніга дачытана, то потым праходзім па нататках на палях і пераносім іх у стацыянарныя нататкі (напрыклад на камп’ютары).

Вось такія нататкі, дапамагаюць мне адзначыць тое, што звычайна мозг сцірае з памяці. І калі нататак не рабіць, то ўсе моманты кнігі якія супярэчылі маім поглядам, ці падрывалі іх, былі паспяхова забыты. І на выхадзе я казаў: Цудоўная кніга, цалкам супадае з маімі поглядамі. (Вось такі самападман).

Гэта прадмова, да таго, што на мой погляд вельмі карысна рабіць канспект у коўчынг сесіях і дасылаць кліенту.
Бо коўчынг сесія пашырае асэнсаванасць і робіць выклік цякучым пазіцыям кліента. І вось адкрыўшы ўсё гэта, кліент з лёгкасцю зможа забыць усё гэта. Бо ўтрымліваць у памяці і разважаць над няпростымі рэчамі, не так камфортна.

Аднойчы, мяне коўчылі і даслалі мне канспект. Нешта падштурхнула мяне заглянуць у яго праз месяц. Якое было маё здзіўленне, што мой прагноз на месяц наперад не збыўся. І тое, што я лічыў зменіць маё жыцця, гэтае жыццё не змяніла. Без канспекту, памяць бы сцерла ўсе гэтыя размовы і разважанні. І не было б у мяне сутыкнення з рэальнасцю, а замест гэтага проста стваралася б псеўдарэальнасць пад мой запыт.

Выкарыстоўвайце пісьмовыя практыкі, і дасылайце канспекты вашым кліентам, калі гэта мае рацыю!

Чаму мы выбіраем Віну?

Быў у мяне сябар (на год 10 старэйшы), які хварэў на залежнасць ад алкаголю. Вельмі добры быў чалавек. І я хацеў выратаваць яго ад хваробы. Калі ён трапляў у першую частку запою, то я рабіў пастку каля яго дому. Сядзеў як паляўнічы прытаіўшыся па некалькі гадзін, каб перахапіць яго па дарозе ў краму за новай бутэлькай. Аднойчы гадзіны чатыры прачакаў. А потым фізічна не даваў яму магчымасці набываць алкаголь і піць. Ішоў з ім дадому і кантраляваў каб ён працверазеў. Бывае тое сёе не атрымоўвалася і я пачуваў сябе вінаватым.

Нататка - пра віну, але гэты тэкст як маленькая ілюстрацыя.
Віна, гэта тое пачуцце якое доўгі час падточвала мае жыццёвыя сілы. Якое як бачу не пакідае шмат каго з людзей.

Але чаму я выбіраў адчуваць віну? Што гэта мне давала? Што ў гэтым добрага ў канцы та канцоў?

Учора я пачуў словы якія ўскалыхнулі мяне.

Віна менш таксічная і менш руйнуючая за бяссілле і бессэнсоўнасць.
Лепшае, за тое пачуцце, што ты ўвогуле ў гэтым свеце нічога не можаш змяніць. Што ты проста механізмік які робіць сваю справу і ад цябе НІЧОГА не залежыць.

У такім кантэксце - выбіраць віну, настолькі відавочна. Віна гэта жыццё, віна гэта Маё значэнне і ўплыў на ўвесь свет. Гэта значыць, калі б раней я паступіў па іншаму - усё б змянілася! І гэта залежыць ад мяне. І хоць я вінаваты за мінулыя ўчынкі, я яшчэ паступлю па іншаму і ўсё ў гэтым свеце змяню!

Колькі тут надзеі, колькі тут сэнсу ад майго жыцця. Не тое, што ад бяссілля і бессэнсоўнасці. Бо думка, што я тут пыл на зямлі, яна проста знішчальная, няма тут не надзеі ні сэнсу.

- - -
Цяжка пісаць тэкст па другому колу. На жаль першае напісанне загінула ў багах IT-карпарацыі. Трохі злуюся і крыўдую.  І пачуваю сябе вінаватым, бо мог захаваць тэкст перад публікацыяй. Бо гэта ад мяне залежала. Я маю такую надзею.

Штосьці ёсць у гэтым свеце!

Ішоў дождж, мы ехалі, дзеці гутарылі на заднім сядзенні.
Я глядзеў праз шкло, праз кроплі, праз паветра. Углядаўся ў дрэвы. 

Ксюша запытала: "А сусвет бяскрайні?"
Я адказаў: "Мабыць так, як мінімум ніхто пакуль не бачыў яго краю."

І тады мяне пратараніла думка, як гэта ўвогуле ўсё існуе? Як так атрымалася, што штосьці ёсць у гэтым свеце. Ну вось, як так!!!??? Бо вельмі лагічна, калі б ну нічога не было. А яно ёсць! І гэтая таямніца ніколі не будзе раскрыта. Ніяк да яе не наблізіцца. Ну і ладна, гэтае разуменне можа быць зусім пустым і непатрэбным. Але само існаванне чагосьці, а тым больш таго што тут вакол нас, яно проста захапляльна. І ведаеце, нават кропелькі на вачах праступілі, ад таго, што ўсё гэта ёсць. Нейкі Цуд, Цуд відавочны і невытлумачальны. Цуд які робіць магчымым усе іншыя цуды і неверагоднасці. Жывем! 
P.S. Спім!
P.P.S. На фотаздымку гульня, якая ў нашым доме называецца "Веселье" (з вымаўленнем на белмоўны манер). Яе вельмі любяць дзеці, і не вельмі мы з Дашай.

Верыць у смертнасць, і не верыць у смерць.

Як успрыняць, што ўсяму можа быць канец?
Як звыкнуцца з тым, з чым звыкацца не хочацца?
Ці лепш ісці насуперак логікі, практыкі, досведу, насуперак усяму, што крычыць аб смерці. 
Верыць у смертнасць, і не верыць у смерць.
Мець спадзяванне на тое, на што немагчыма спадзявацца. 
Але як хочацца, як хочацца не верыць у смерць, калі момант пранізаны каханнем. Калі цёплая радасць і прыгажосць расплываецца ў імгненні. Затрымліваецца і вабіць жадаць вечнасці. І вось глядзіш у такі момант у твар смерці і думаеш, як можна такое спыняць? Навошта такое спыняць? Калі-ласка я хачу, каб такое ніколі не скончвалася. Я хачу працягваць любіць....

Мы хавалі ад дзяцей, тое пра што перажывалі.

Вось не раз чуў такое: "Мы хавалі ад дзяцей, тое пра што перажывалі.”
Што імкнуцца схаваць? - Канфлікты паміж мужам і жонкай, незадаволенасць жыццём, незадаволенасць працай, праблемы, абясцэньванні, нейкія тупіковыя сітуацыі.
А вось як па мне, прагаворваць дзецям тое, што зараз адбываецца. І што з'яўляецца сапраўднай прычынай майго эмацыйнага стану. Гэта цудоўна. Гэта нібы легалізацыя, пачуццяў. Легалізацыя нервовасці. Па маім назіранням, дзеці адчуваюць сябе ў такім значна ўтульней, чым калі яны бачаць толькі праяўленні, а пра прычыны ім трэба здагадвацца. Бо неразуменне прычын, параджае ў дзецях вялікую фантазію. Яны ж могуць і ўсё прыняць на сябе, вырашыць, што яны вінаватыя. Ці што адбываецца штосьці бескантрольна страшнае, настолькі, што і казаць пра гэта нельга. І паказваць, што ты гэта бачыш таксама нельга. І вось жыццё, паціху пераўтвараецца ў імітацыю. Дзе людзі бачачы, робяць выгляд, што яны сляпыя. 

Дарэчы пісаць - гэта таксама добрае пражыванне складаных станаў.

Група “Крызіс Светапогляду”

Група “Крызіс Светапогляду” датычыцца ў першую чаргу рэлігійнага, ці іншага істотнага пераасэнсавання.  

Для тых хто зышоў з мінулага, але яшчэ не адчувае сябе ўпэўнена ў новым светаадчуванні.

Удзел у групе за ахвяраванне, можна арыентавацца на 5$ / сустрэча.
Падрабязнасці тут:
https://listeners.space/by/grupa-kryzis-svetapoglyadu/

Каго закранула, напішыце мне ў асабістыя паведамленні. Абмяркуем.

Апяць

- Кушаць! Кушаць!
- Тата, а што ты прыгатаваў? 
- Я прыгатаваў "апяць".
- Апяць што?
- Апяць тое самае.

Вось што ні прыгатуй, усё сустракаецца словам "апяць". 
Алеж "апяць" можа быць радасным, а можа быць сумным.
Сёння "апяць" магло быць сумным, таму прыйшлося гэтаму "апяць" надаць інстаграмны выгляд.