ENG БЕЛ РУС

ЖАДАННЕ З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ

Пошукі сапраўднага вечнага Жадання, якое праходзіць праз усю маю існасць вызываючы мяне да Жыцця.

Па заснежанаму лесу

А вось ведаеце, я пайшоў у лес. І проста ішоў. А потым проста абняў дрэва. А потым мае ўспаміны вярнулі мяне ў дзяцінства і поўны асалоды зрабіў сняжок, кідануў яго ў дрэва, а потым яшчэ адзін, і яшчэ. І вось не трапіў ні разу. Супакоіўся і пайшоў трасці галінку ялінкі каб снег пасыпаўся. А потым яшчэ раз абняў дрэва. І на заканчэнне разбіў гурбу снегу. Мне вельмі спадабалася. Адна гадзіна ў лесе, а столькі цяплыні. Столькі простага і радаснага.

Каякінг пад снегам

Шмат, шмат розных падзей.
Алеж я падзялюся з вамі сваёй вандроўкай на каяку пад снегам.

Калі ў вас ёсць пытанні, задавайце.
З радасцю падзялюся ўражаннямі.

Працяг пра Гуртоўню

У працяг публікацыі пра Гуртоўню

Сёння зноў быў у Гуртоўні. 
Набываў гародніну.
Падзяліўся з прадаўцом сваімі пачуццямі адносна гэтага месца, як мне тут добра і душэўна.
Пасля гэтага абняліся 😏.
Сеў у машыну, сфоткаў гуртоўню звонку, і паехаў.

Зламаны не да канца

Эрых Фром прасочвае шлях, якім мы губляем вастрыню ўнутранага пачуцця:

Акрамя таго, ужо на ранняй стадыі выхавання дзіцяці вучаць праяўляць пачуцці, якія зусім не з'яўляюцца яго пачуццямі. Яго вучаць любіць людзей (абавязкова ўсіх), быць некрытычна прыязным, усміхацца і г. д. Калі ў працэсе выхавання ў дзяцінстве чалавек „зламаны“ не да канца, то пасля ціск соцыўма, як правіла, завяршае справу. Калі вы не ўсміхаецеся, пра вас кажуць, што вы "не вельмі прыемны чалавек", а вы павінны быць дастаткова прыемным, каб прадаць свае паслугі ў якасці афіцыянта, прадаўца ці лекара. Толькі той, хто знаходзіцца на самым версе сацыяльнай піраміды, і той, хто ў самым нізе яе - хто прадае толькі сваю фізічную працу, - можа дазволіць сабе быць не асабліва "прыемнымі". Прыязнасць, весялосць і ўсе іншыя пачуцці, якія выяўляюцца ва ўсмешцы, становяцца аўтаматычным адказам; іх уключаюць і выключаюць, як электрычную лямпачку.

Неабароненае жыццё маніць сабою

Гэтае хрумкае і неабароненае жыццё маніць сабою. Прыцягвае працягваць жыць, скрозь усе выпрабаванні. Адгукаецца музыку жыцця ва ўсім нашым целе. Жываносная музыка, узвышае нас сваімі настроямі і руйнуе сваёй цішынёй. Пакуль хтосьці перастаўляе трэк, мы можам звар'яцець. Бо чаканне мелодыі і мёртвая цішыня невыносна перажываецца намі, даводзіць нас да адчаю. Алеж дастаткова яшчэ пачакаць, каб па ўсім целе разліліся новыя рытмы ўзываючыя нас да жыцця. 

Усё гэта абстрактныя словы, якімі я спрабую за штосьці зачапіцца.

Алеж вось іншыя справы: Раніцай быў чарговы эксперымент па запяканню яйках у баклажанах, баклажаны ўнутры выбраны нібы лодачкі, і надрэзаны для лепшай дыфузіі масла. Кожную раніцу, спрабую штосьці змяняць у сваім аўтарскім рэцэпце. Алеж чарговы раз недасольваю. Пасля абед набылі сабе зімовыя пухавікі. Было радасна. Я апошні раз быў у такім ЖОЎТЫМ І ДУТЫМ можа толькі ў 1-2 класе. Уяўляў сябе тады качком, бо пухавік даваў такую форму. Зараз адчуваю сябе вельмі добра сагрэтым. Алеж вельмі яркім, кіслотна лімонным. Звычайна калі еду ў машыне то шугаюся такіх людзей, думаючы што гэта супрацоўнікі міліцыі. А з іншага боку, падумаў сёння, што калі за мной будзе гнацца міліцыя, то мне будзе цяжка згубіцца ў натоўпе. Алеж у нас ні натоўпаў тут ні той міліцыі якая гоніцца. Таму варыянт нейкі нерэальны. Пайшлі та куртку не мне набываць, а набылі мне. Рад, такім неспланаваным падарункам. Вось яно жыццё, сюрпрызы, і звязка з дзяцінствам. А калі па-сапраўды, то проста ціхая радасць. І дзеці акупіравалі сабе ванну, выкарыстоўваюць яе як гульнявы пакой нумар 6. Нікуды ад іх не дзецца. Падумваем пра такія паралонавыя панелі графітавага колеру для гукаізаляцыі. Бо шумавое забруджванне вельмі моцнае. А на вячэру, Даша парадавала карамельна-міндалевымі-сэрцамі ў форме квадратаў. Было вельмі смачна.

Ну вось неяк так.

Унутранае ўсведамленне

Ой як адгукнулася, прям перачытваю. Вось і з вамі падзялюся.

"Раз унутранае ўсведамленне з'яўляецца такім непасрэдным праяўленнем нашай сапраўднай прыроды, чаму ж мы не выкарыстоўваем сваё ўнутранае пачуццё ўвесь час, на працягу ўсяго нашага жыцця? 
Як я ўжо выказаў здагадку, па большай частцы наша ранняе выхаванне вучыць нас ігнараваць - часткова ці цалкам сігналы нашага ўнутранага пачуцця. 
Бацькі і настаўнікі з лепшых памкненняў імкнуцца «сацыялізаваць» дзіця так, каб яго ўласныя жаданні, пачуцці і схільнасці не прывялі да канфлікту з навакольным светам."

"Навука быць жывым" Джэймс Б'юджэнталь

Прыгожыя малюнкі

Набыў сёння добрую асадку, шарыкавую з чарніламі, 0.7 таўшчыня.
Увечары хадзіў глядзеў на яе, трымаў у руках. 
Дзённікі, штодзённікі, планы, таймлайны - гэта ўжо не пра мяне.
Філасофія сваім катком праехалася, таму планаваць бессэнсоўнае не вельмі та і хочацца.
Хадзіў мацаў у руках. Паклаў перад сабой ліст паперы. 25 год таму, перада мной быў часта сшытак у клетачку. Настаўнікі каля дошкі нешта распавядалі, а я вадзіў асадкай па старонцы, вымалёўваючы нейкія геаметрычныя фігуры, збольшага пачынаў з 3D-кубіка, які потым разрастаўся ў іншыя бакі, то ствараючы нейкую сіметрыю, то звальваючыся ў крывыя лініі іншых вымярэнняў. Я вось быў заўсёды незадаволены, што атрымоўваецца, штосьці непрыгожае. На сцяну не павесіш. Стылі змешваюцца. Нават ідэі ці задумы ў гэтым маляванні няма. Нічога няма, акрамя самога малюнка, асадкі якая хадзіла за рукой выбіраючы траекторыю свайго руху вельмі спантанна і не спланавана. Я шмат разоў так рабіў, вельмі вельмі шмат разоў. А зараз я амаль забыўся на гэта.

І вось на маім лістку пачалі вымалёўвацца формы з дзяцінства. Праз хвілінку падышлі дзеці, і пачалі распытваць, што я малюю? Я маўчаў і не рэагаваў на іх. Яны амаль скакалі па мне, патрабуючы адказу. Потым супакоіліся, узялі сабе асадкі і лісткі. Селі і пачалі маляваць у новай для іх стылістыцы. 

Зараз, для мяне гэта "прыгожа". Па іншаму прыгожа. Прыгожа, таму, што такі малюнак не робіцца для сцвярджэння Супер-Эга. Менавіта супер-эгу патрэбны добрыя сіметрычныя лініі, геніяльныя канцэпцыі, прываблівыя спалучэнні фарбаў. Бо за ўсім гэтым пляскат у далоні і прызнанне. Ідэалізацыя, крэатыўнасць і мёртвая дасканаласць. А вось проста каб вадзіць асадкай па паперы, гэта для сябе. Для душы. Незразуметыя лініі, якія прабіваюць свой шлях. Падобна на жыццё.

Несправядлівасць гэтага свету

Апошнія дні, прыходзіцца размаўляць пра войны.
Пра несправядлівасць гэтага свету і пакуты на жыццёвым шляху людзей.
Алеж я трохі пра іншае. Няхай усе войны і хваробы на свеце скончацца. 
І нават пасля гэтага, я буду пакутваць назіраючы за жыццём адзінотных людзей. Людзей, якім няма з кім раздзяліць свайго жыцця, ці хацяб дня. Людзі, якія прысутнічаюць у свеце нібы ў іншым вымярэнні. Знаходзяцца ў адным пакоі з іншымі, алеж ніякім чынам не могуць зачапіцца за чалавечае цяпло, стаць сваім, блізкім. Блукаюць яны адзінотна. І рады яны з кім-небудзь раздзяліць свой час. І бывае такое здараецца, алеж так летуценна. Нібы міраж аазіса. Ён узнікае і згасае ў іх жыцці, у іх няма магчымасці падысці да крыніцы гэтай жыватворчай вады настолькі блізка, каб напіцца з яе. Яны блукаюць па бязводнай пустыні, блукаюць паміж аазісамі і не адважваюцца падысці і папіць вады. Яны прагнуць жыцця, прагнуць збавіцца адзіноты... 

P.S.: Напісаў і зразумеў, што гэта толькі маё ўяўленне. У некаторых гэта асэнсаваны глыбінны выбар. К'еркегор мне суддзя.

- - - 
Карціна "Аматарка абсенту" 1901 Пабла Пікаса
Адзінотная жанчына. Жанчына блізка сядзіць да сцяны. Як у вельмі замкнёнай прасторы. Гэта ўзмацняе адчуванне пагружанасці ў сябе. Яшчэ яе адзінота падкрэслена чыстым сталом, на якім, акрамя чаркі і сіфона, нічога няма. Нават абруса.
Толькі люстэрка ззаду яе. У якім адлюстроўваецца размытая жоўтая пляма. Што гэта?
Там адлюстроўваецца тое, што адбываецца ў кафэ. Перад позіркам гераіні - танцуючыя вясёлыя пары. Падказку аб гэтым нам дае сам Пікасо ў пастэльнай версіі «Аматаркі абсенту».
Апісанне карціны запазычана з блогу "Гісторыя жывапісу" Аксаны Капенкінай (Оксана Копенкина).

Гуртоўня

Сёння мяне зноў ускалыхнула пачуццё цяплыні, радасці, блізкасці.
Такое бывае, калі я прыходжу закупіць гародніну не ў Bedronku ці Lidl, а да звычайных мужыкоў у Гуртоўню Важывы (склад гародніны). Там усё вельмі аўтэнтычнае. Вялікія вароты, да якіх прыязджаюць вялікія грузавыя маршруткі, каб набіраць тавар оптам. Алеж і звычайныя людзі там могуць закупацца. Вось адціскаеш ручку, штурхаеш гэтыя дзверы. Ліецца радыё. За драўляным сталом каля вялікіх ваг і мяшкоў з бульбай, сядзіць адзін з дзядзек. Я кажу: Дзень добрыя! А яны мне "Чэсць". 

Я кажу: Дзень добрыя! А яны мне "Чэсць". Бывае вітаемся паціскаючы адзін аднаму руку. І я іду па складам з торбай сваёй выбіраць садавіну/гародніну, бывае набываю мёд. Коштаў нідзе не напісана. Алеж я ведаю, тут будзе танней за ўсё, таму проста набіраю. Бывае падыдуць да мяне, параяць дзе там што на складзе добрае ляжыць. Бывае пад час збору ўраджаю ў торбу, слухаю іх размовы паміж сабой. Простыя, звычайныя, родныя гэтыя людзі. Улетку яны спецыяльна для мяне пачалі набываць шмат баклажанаў. І кожны раз, як я прыходзіў, яны мне пра гэта нагадвалі. Мы для цябе там мех баклажанаў узялі, не забудзь набыць! А бывае і проста маўчаць. Потым з усімі катомкамі падыходжу да вялікіх ваг. Выкладаю усё па чарзе, імкнуся называць кожны тавар па-польску, алеж заўсёды раблю тыповыя памылкі. Яны мякка выпраўляюць. Яблыкі! А, яблушко. І так далей. Вучуся ў іх польскай нібы ў дзіцячым садку з карткамі. Яны бяруць лісток, і на ім асадкай крамсаюць: брокалі, печаркі, яблучко, папрыка... і вагу кожнага тавару насупраць. Потым на калькулятары перамнажаюць усе кошты, запісваюць каля вагі. Потым на калькулятары плюсуюць усё што атрымалася. І я шчаслівы, даю 100 злотых за гару добрай карыснай ежы. І атрымоўваю рукапісны лісток-рахунак.

Сёння, калі я пасля доўгага перапынку да іх прыйшоў, то адчуў штосьці вельмі неверагоднае. Хацеў гэтага дзядзьку так па-сяброўску абняць. Бо перапаўняла мяне цеплыня гэтага месца. Нажаль не атрымалася, новыя пакупнікі прыйшлі і сапсавалі мае планы. Таму я проста зрабіў здымак гэтага палюбіўшагася мне месца.

Чайкоўскі і Жопа

Чайкоўскі ўкалыхвае мяне, пакуль дзеці  бушуюць у ложках.
Сёння яны мяне запыталі: "Тата, чаму ты кажаш заўсёды, што даш нам пад жопу?"
Ну што мне было адказаць, сказаў, што я так жартую. Бо больш у мяне не засталося ў інструментарыі рэчаў, каб неяк на вас уплываць. 
Доўгі час Люба не ведала, што такое куток і як атрымаць па жопе. Алеж за апошні тыдзень перапала. Напэўна, таму, што цяжка калі ўсе хварэюць і разам дома знаходзяцца без выхаду на вуліцу. Хаця Люба так і засталася бясстрашнай на любыя пагрозы. І я шчыра гэтаму рады. 
Яшчэ сёння я быў на бацькоўскім сходзе ў школе, і распавядаў пра свае крытэрыі і мэты да адукацыі старэйшай дачкі. Зразумела, што мэты школы і мае не супадаюць. Алеж з настаўнікамі мы атрымалі паразуменне, будзем неяк паралельна рухацца. 
Усіх абдымаю, не забывайце жыць.

Кранаючы вечнасць

Кранаючы вечнасць.
Філасофія дапамагае зразумець бессэнсоўнасць шмат чаго ў жыцці.
Гэта як асфальтаўкладчык, які сваім катком закатывае ўсё на сваім шляху. 
Была куча ўсяго, стала нічога. А потым глядзіш у бязмежна роўную мёртвую паверхню, і адзначаеш для сябе, што там сям прабіваюцца жывыя парасткі. Парасткі якіх не было бачна за кучай хлама, алеж якія не загінулі пад гэтым катком. І светла і радасна на душы.
І парасткі яныж іншыя, чым асфальт. Яны выжылі насуперак філасофіі, алеж яна дапамагла ачысціць прастору, каб можна было іх убачыць.

Канвертар для паразумення.

Бываюць у нашым жыцці, тыя сія дасягненні, значныя падзеі, неверагодныя рэчы.
Але як жа так перадаць падзею, каб іншыя людзі маглі яе зразумець?
Бо кожны з нас нарадзіўся ў сваіх абставінах, дакладна разумее што для яго і яго атачэння з'яўляецца ўніверсальнай валютай каштоўнасці.

Для чалавека, які потам і крывёю здабываў грошы і эканоміў на сабе, такой валютай могуць быць грошы за адзінку часу. І іх канвертар проста пералічыць усё ў выдаткі і прыбытак. Адыме адно ад другога, і скажа ваў!

Іншы чалавек, які імкнецца набраць больш фоловераў ды лайкаў, пастараецца канвертнуць нашу падзею ў колькасць падабаек. І ўжо гэтая лічба, дапаможа яму зразумець грандыёзнасць падзеі.

Будуць тыя, для каго больш важна: Ты чый? Наш ці чужы? Калі чужы, то ўсе твае дасягненні памножацца на -1. І чым лепш, тым горш.

А ёсць і іншыя, яны глядзяць, як гэта падзея датычыцца іх, якая ім з яе карысць? І ўсё што іх не датычыцца, памножыцца на нуль.

Спадзяюся, сустракаюцца і людзі, якія запытаюць: 
Скажы, а для цябе гэта, што значыць? Чаму табе гэта важна? Што ў гэтай падзеі з'яўляецца дыяментам для цябе і чаму? 
Толькі яны змогуць крануць прыгажосць чалавечай душы. Толькі яны сустрэнуцца з чалавекам, і хоць штосьці змогуць зразумець. 

Вось напісаў я і зразумеў, што і мне цяжка задаваць гэтае пытанне: 
А чаму гэта важна для цябе? ...  Ух, ёсць пра што падумаць.

P.S. Калі кажаш дарослым: «Я бачыў прыгожы дом з ружовай цэглы, у вокнах у яго герань, а на даху галубы», яны ніяк не могуць уявіць сабе гэты дом. Ім трэба сказаць: «Я бачыў дом за сто тысяч франкаў», і тады яны ўсклікаюць: «Якая прыгажосць!»
— Маленькі прынц (Антуан дэ Сэнт-Экзюперы)

Мэты на 100 год

Эфектыўныя мэты на 10 год наперад, проста дзіцячы садок, у параўнанні з тым каб ставіць уласныя мэты на 100 год на перад. З аднаго боку ўсё прадказальна. З іншага, пасля такой мэты, можна неяк спускацца да больш кароткіх прамежкаў часу. Тады можа і жыццё па іншаму пражывацца будзе, без нейкіх там ілюзій эфектыўнасці.

Цяжкія кнігі

Кранаеш якую небудзь цяжкую кнігу. 
Канцэнтрацыя экзістэнцыяльных думак на адну старонку зашкальвае. 
Цікава, напружана... І хопа, закрываеш кнігу, адкрываеш што-небудзь іншае. Збягаеш у лёгкасць і пустую цікаўнасць. Што гэта? Да чаго гэта? Пужаюць новыя пытанні? 
Пужае, што зараз будуць абнулены не так даўно атрыманыя адказы, якімі я яшчэ не паспеў нарадавацца. 
Ці я не гатовы? Ці я баюся? ....
Ці мяне прыціскае складанасць і непрадказальнасць гэтага свету, адна адзіная ісціна якога ў тым, што ёсць смерць. Хаця дзякуй Богу, ёсць яшчэ і Жыццё.
Ну добра, папісаў, набраўся храбрасці, пайду далей чытаць.

Фільм Inception 2010

Фільм Inception 2010
Цікавы канчатак, дзе мы так і не ведаем быў Кобб у рэальнасці, ці застаўся ў лімбе.
Справа ў тым, што знаходзячыся ў нібы кантралюемым сне мы будзем мець стасункі "нібы" з нашымі блізкімі, з іх праекцыямі ў нашай галаве. З іх вобразамі. Мы будзем гутарыць нібы з імі, алеж на самой справе самі з сабою. Мы не адкрыем у іх нічога новага, акрамя таго, што мы пра іх ужо нібы ведаем. У нас там размова закранулася аднойчы, што бывае жывы чалавек перашкаджае мець з ім стасункі, а калі ён памірае, то можна цалкам аддацца ўспамінам і ўзаемаадносінам з ім унутры самога сабе. Сумныя гэта рэчы. І фільм цікавы. Нібы пра матрыцу, якую мы самі сабе ствараем калі жывём у сне. 
Рэальнасць прыгожа тым, што вакол нас людзі. Кожны з іх цэлы сусвет. Чалавек якога мы ніколі не зможам спазнаць, адкрыць да канца ці прадказаць яго дзеянні ці матывы. Знаходзячыся з жывым чалавекам, мы можам, калі захацім, адкрываць неабсяжнасць і прыгажосць чалавечай душы. 
І ведаеце, нават тут, у рэальнасці, мы можам жыць проста ўнутры нас саміх. Адмаўляцца ад таго, каб бачыць і адкрываць іншых людзей. Мы можам навесіць кожнаму чалавеку прымітыўны стыкер, і ўжо мець стасункі не з чалавекам, а з тым, што мы пра яго думаем. І будзе ісці жыццё, а мы будзем проста самі ў сабе. Мы нібы заб'ем усіх вакол нас. А стасункі будзем ладзіць з тымі вобразамі якія ў нашай галаве. Нам сапраўдныя людзі будуць увогуле не патрэбны. Мы так і не дакранёмся да іх глыбіні.

Сабака Паўлава

Бліжэй да вечара збіраемся тэрмінова праехацца па крамах, бо заўтра нічога працаваць не будзе. У Польшчы свята.
Хутка апранаем дзяцей, прадзіраемся да выхаду, правяраем ці ўсё ўзялі.
Праз пару хвілін здаецца ўжо выйдзем.
Тут на маім тэлефоне званіць будзільнік. Ігнарую яго, займаюся выхадам. 
Так, праверылі ўсё гатова. Можна выходзіць. 
Хмм... Любы няма.
Дзе Люба?
Люба распранулася і зайшла ў душ, пачала мыцца. 
Мы ў шоку.
Толькі потым звязалі гэта з тым, што можа як тыдзень у мяне стаіць будзільнік перад сном, чуючы які дзеці ідуць у душ мыцца. Гэта каб доўга іх туды не засоўваць.
Алеж на гэты раз быў фальстарт (іншы будзільнік у іншы час).
Вось так бывае. Смяяліся доўга.

А ты як сумуеш?

Працоўны дзень. 
У календары з'явілася паўгады таму запланаваная дата. 
Ехаць трэба ў іншы горад. Даўно там не былі, таму запланавалі яшчэ тыя сія справы.
І вось справа за справаў, поўнае расчараванне і марнаванне часу. Бывае канешне праблісквала штосьці радаснае і светлае. Алеж збольшага сум, раздражненне і абыякавасць да жыцця. Даўно не трапляў у такія становішчы. Перажываў цяжкавата. Узгадаў як раней, такое здаралася часцей, і праходзіла значна цяжэй. Раней было проста невыносна, хацелася праваліцца, ці проста замерці - заснуць і забыць усё як страшны сон.
Адчуваў, што хочацца выгаварыцца. І ўсё да Дашы з пытаннямі: а ты як адчуваеш усю гэтую сітуацыю? А ты як сумуеш? А табе наколькі цяжка? 
І праз гэта, неяк стала лягчэй. 
А потым мы звярнулі з дарогі ў лес і перад намі адкрыліся прыгожыя краявіды возера. І на сэрцы стала добра. І жыццё заграла іншымі фарбамі. 
Вось такая тэрапія лесам і возерам. Можна ставіць каля тэлевізара стакан з вадой. Уключаць відэа з лесам і возерам. Вада будзе заражацца і мець карысную энергію для барацьбы з апатыяй і бессэнсоўнасцю.

Фабрыка чалавечнасці

Фабрыка чалавечнасці - нейкае дзіўнае спалучэнне словаў.

Можам з вамі паразважаць над такім дыялогам?

Саша: Мне вельмі цяжка, я чалавек вельмі дрэнны, нікчэмны, нікому не патрэбны. У мяне нічога не атрымоўваецца, колькі моцы я не прыкладаю. 
Алекс: Паслухай! Я ведаю цябе даволі доўга. Ты цудоўны чалавек і вельмі каштоўны для мне!
Саша: Мне канешне прыемна. Алеж мне насраць, што ты там пра мяне думаеш. Я служу толькі свайму "вялікаму Іншаму" ("Большому Другому" по Лакану).  

Звычайна, калі мы штосьці павінны рабіць, ці кімсьці быць. І гэта нават не абмяркоўваецца. То можна задаць пытанне: А суддзі хто? - І вось гэты незразумелы "вялікі Іншы" і будзе тым суддзёй над намі і ўсімі нашымі дзеяннямі.

А хто суддзя твайго жыцця?

Бонус
- - - - - 
Словы: пра цеплыню, прыняцце, глыбіню і сэнс. 
Яны лётаюць вакол мяне, лётаюць і не даюць пакою. І даўно ўжо так.
І сёння з іх пачаў выбудоўвацца даволі дзіўны і новы праект. 
Спадзяюся хутка мы зможам прыадкрыць занавес.
А пакуль адзначым гэтую дату.

Што патрэбна людзям для жыцця?

Што патрэбна людзям для жыцця?
- Чалавечае цяпло, давер, магчымасць адкрыцца і быць прынятым, магчымасць выказвацца і быць пачутым, сустрэць і ўбачыць у другім сапраўднага чалавека, дазволіць сабе палюбіць і прыняць яго нягледзячы ні на якія перашкоды. 

Што людзі робяць кожны дзень?
- Становяцца больш незалежнымі, закрытымі, абароненымі, дасягаюць поспехаў у канкурэнцыі з іншымі людзьмі, сцвярджаюць сябе ў параўнанне з іншымі, зайздросцяць інстаграмамскаму жыццю іншых, не прымаюць сябе і не адчуваюць сябе абаронена.

Чаму так адбываецца? 
Намі кіруе страх, непрыняцце саміх сабе і недавер да іншых людзей.
Мы не прымаем сябе, часамі не любім. Таму лічым, што і іншыя людзі ні ў якім разе нас не прымуць такімі якімі мы ёсць зараз. І што адзіны шлях атрымаць іх прыняцце і паразуменне, гэта стаць моцнымі. Заставіць іншых людзей нас прымаць. 

Шлях да любові, ён другі.