ENG БЕЛ РУС

ЖАДАННЕ З ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ

Пошукі сапраўднага вечнага Жадання, якое праходзіць праз усю маю існасць вызываючы мяне да Жыцця.

Трымайся прынцэса

Жыла была дзяўчынка. 
Дзяўчынка, якая радавалася і сумавала.
Яна была напоўнена рашучасцю і страхам.
Усёю душою яна патрабавала прыняцця і адабрэння.
І яе сэрца прымала на сябе раны, яны балелі ёй.
І сваімі рукамі, яна раздзірала свае раны, каб бліжэй убачыць іх, і яе боль станавіўся невыносным.

Алеж не ведала, тая маленькая дзяўчынка. 
Што яна была апорай і апошняй надзеяй для іншых людзей.
Што як за апошнюю галіначку, чапаліся за яе такія ж як яна сама. 
Марылі аб сяброўстве з ёй, аб яе ўвазе і прыняцці.
Не ведала тая малышка, што ўжо зараз, яна выратоўвае жыцці, хаця і сама на валаске. 
Трымайся прынцэса, і ў табе Хрыстос! І ты свет міру!

 

Маўчанне

У працяг тэмы маўчання.
Хочацца напісаць, штосьці маленькае. 
Яно і раней было на гарызонце, але зараз гэтае правіла для майго жыцця больш відавочна:
Больш маўчу - больш чытаю.
Больш маўчу - больш слухаю, лепш чую і разумею іншых.

Атрымоўваецца, неяк цікава.
Я чалавек, які любіць нястрымана і шмат распавядаць.
Але мая карысць для іншых людзей праяўляецца праз маўчанне ў гутарках. У гэтым стане я максімальна ўважліва слухаю, і мабыць хоць трошачкі глыбока разумею іншых людзей. Бо менавіта гэта тонкае "разуменне" і патрэбна тым, хто са мной размаўляе. Яно патрэбна і мне. 

"Споведзь" Талстога дачытаў. Спадабалася. Кніжка невялічкая, раю пачытаць. Яна пра пошукі сэнса жыцця.

Хатка ў лесе

А вось і відэа на 2 хвілінкі пра нашу перазагрузку ў лесе.

Слухалі цішыню і дзяцей

Апошнія суткі мы з Дашай шмат маўчалі.
Прыехалі і жылі ў доміку ў лесе. Глядзелі на вогнішча. Слухалі цішыню і дзяцей.
І было гэта вельмі натуральна - сядзець да маўчаць, адчуваць адзін аднаго.
А яшчэ будавалі з дзецьмі шалаш з галінак паміж дрэвамі. 
Увогуле, уся гэтая вандроўка, аддаеца ўспамінамі дзяцінства.
Бацькоўскім комінам у якім я смажыў сасіскі і падкідваў дровы пасярод ночы.
Друкавальная машынка як у дзядулі, тут яна была трохі сапсаваная. Алеж пакуль вучыў дзяцей ёю карыстацца, то крок за крокам я ўзгадваў што як і для чаго. І як я гэта рабіў далёка ў дзяцінства, калі з дедам друкавалі яго вершы і іншыя лісцікі.
Шалашы ў лесе, нагадалі нашы зімовыя паходы ў лес з бацькамі і іх з сябрамі. Калі да ночы палілі касцёр, а з зімовых лапак мы дзеці маглі будаваць сапраўдныя дамкі.

Праз цішыню, успаміны і цяпло.

Чытаю зараз "Споведзь" Талстога... адгукаецца.

Важныя-пустыя словы?

Я шмат кажу і пішу пра глыбіню. Але ці хоць кранаю я яе? Ці не спажываю і не транслюю які-небудзь сурагат, ужываючы вельмі важнае слова?

Гэта можна параўнаць з вітаннем адзін аднаго: Хрыстос Уваскрэс! Але ці магу я асэнсаваць, што значаць гэтыя словы? Ці можа вымаўляючы гэтыя словы, мне хапае папсовага ўяўлення пра іх сэнс? А можа і не да сэнсу. Ці ўвогуле маюць яны значэнне для майго жыцця, і калі да, то якое менавіта?

Гэта я ўсё да таго, каб не дыскрэдытаваць нейкія важныя словы. Каб важныя словы мелі сакральны-неадкрыты сэнс. Былі тайнай, якую можна адкрываць праз усё жыццё. Былі крыніцай змен і натхнення. Крыніцай самапазнання.

Кожны дзень, магу задаваць сябе пытанне:
Што для мяне глыбіня? 
Што для мяне Хрыстос Увасркэс?

А ў адказ пару думак… цішыня… І пакуты няведання.

Добрая думка для асэнсавання

Зноў жа - жывеш, робіш, ідзеш да мэты.
А потым узнікае думка. 
Думка, якая можа паставіць пад пытанне, любое з тых дзеянняў, якія ты заўсёды на аўтамаце рабіў. Вось яно - золата! Гэта неверагодна добрая думка, якая вядзе да асэнсавання, якая вядзе да пытанняў.
А пытанні падштурхоўваюць нас да асэнсаваных рашэнняў.
Такім чынам з'яўляецца адказнасць, як "адказ на пытанне". 
І адказнасць дзеяннямі, рашэннямі, усім жыццём.

Пакуль ты па накатаная чалавек, хрысціянін, беларус, муж, бацька, праграміст, бізнесмен ці псіхатэрапеўт. Ну ёсць і ёсць. Нібы частка мяне. 
А ў адзін момант узнікне думка: 
- А ці магу я быць, не беларусам? 
- А ці магу я быць, не хрысціянінам? 
- Ці магу я быць не мужам? 

Асэнсаваныя адказы: так, я магу нікім з іх не быць.
І ў кожнай з гэтых роляў, у мяне ёсць выбар: быць ці не быць.
А калі ёсць магчымасць выбару і адказу, тады яго можна і зрабіць.
Вось і пачынаецца, што кожны раз калі пытанне ёсць, мы выбіраем сябе. 
Кожны раз выбіраем сябе нанава. Часта аўтаматычна, а часам асэнсавана.
Асэнсаваны выбар сябе - іскра свабоды ў міры дэтэрмінізму. 
Вось гэта і ёсць жыццё.

Ну хоць на выходных ты не бубні

"Ну хоць на выходных ты не бубні."
З такіх словаў у нас з'явілася дамоўленасць, што ў мяне не будзе ніякіх сазвонаў на выходных. Такім чынам мая сям'я атрымае права на цішыню.
Бо і сапраўды, новая спецыяльнасць цалкам грунтуецца на камунікацыі. 
І размоў стала вельмі шмат. Размаўляю я гучна, так што на адзін паверх ніжэй мае словы даносяцца як манатоннае бубненне. 
Але ёсць і другі негатыўны бок. Я стаў менш чытаць, менш гуляць і зусім перастаў плаваць на каяку. Эстэтычнай прыгажосці, пахаў і вонкавых адчуванняў стала менш. А яны натхняюць і падтрымліваюць мяне. Гэта вялікая частка майго жыцця і сапраўды неразумна ад яго адмаўляцца. 

А ты, мой дарагі чытач, што важнае губляеш у сваім жыцці з-за прагматызму і недахопу часу?

Кропкі росту

Люблю сесіі якія атрымоўваюцца, дзе бачна што я дапамагаю. Алеж кропкамі росту, кропкамі больш глыбокага разумення сябе і іншых з’яўляюцца тыя сесіі, якія скончваюцца фрустрацыяй, разуменнем складанасці свету і наіўнасці маіх аднабаковых поглядаў. Візуальна - правал, а па сапраўды, новая ступень дзе трэба пераадольваць сябе і каррэктаваць карціну свету. 
Адчуваю удзячнасць да жыцця.
Удзячнасць і сэнс цяжкіх эмацыйных станаў, дзе руйнуецца эга і будуецца чалавечая чуласць.

9 год мы танчым з Дашай

9 год мы танчым з Дашай
Пачыналі з яркіх Па
Ну а зараз набліжаясь
Абдымаемся любя

Ёсць падтрымка
Разуменне
Глыбіня
І страсць

Дзве дачкі
Марскія свінні 
І жадання сласць.

- - - 
Мы вянчаліся 9 год таму ў Мінскім кафедральным Саборы.
Жывем!

Мае пачуцці ў эміграцыі

Заўтра Пятніца а 9:00 па Варшаве.
Анлайн-сустрэча
"Мае пачуцці ў эміграцыі".
Каму цікава далучыцца - пішыце ў каменты ці @fmensk.

Праблемы з школай

Першая рэальна складаная сітуацыя ў Польшчы.

Два тыдні таму, Ксюша захапілася правапісам. Самастойна брала школьны сшытак і пісала, пісала, пісала. Вочы гарэлі. Была ў гэтым канкурэнцыя і жаданне. Паказвала мне з захапленнем. Хвалявалася, што мабыць іншыя дзеці паспелі напісаць значна больш. Але хто ж яшчэ мог прапісаць на паўгады наперад? 
Гледзячы на Ксюшу, я ўзгадваў як за два дня рашыў усе хатнія заданні ў падручніку па хіміі. Пасля гэтага мяне падтрымалі, і пачалася мая кар'ера хіміка.

Дзеці папярэджвалі Ксюшу, што пісаць наперад нельга. Казалі пра гэта Ксюше, а Ксюша мне. Мы не звярнулі на гэта вялікай увагі. 

А вось сёння здарыўся бум. 
Мала таго, што на Ксюшу накрычала настаўніца. Так яна яшчэ і заставіла яе сціркай сцерці ўсё сваю працу наперад. Мая дачка была раздаўлена. Я быў раздаўлены. Невыносна і хочацца крычаць. Хочацца біцца. Палову дня, гэты агонь кіпеў ва мне. Ксюша плакала, я крычаў унутры. Потым я шукаў шляхі вырашэння сітуацыі. Бо невядома, чым можа скончыцца прамы канфлікт. Ксюше вельмі падабаюцца дзеці, з якімі яна вучыцца. Вымалёўваецца шлях, які трэба паспрабаваць. Дабіцца мірнага паразумення з настаўніцай. Каб у яе не было дрэннага стаўлення да Ксюшы, а пры гэтым Ксюша зноў адносілася да яе з даверам. І зноў палюбіла пісаць. 

Працяг у каментары.

Задаволены сваім выбарам прафесійнай дзейнасці

Аднойчы, мяне папрасілі дапамагчы зразумець якую менавіта кар'ерную магчымасць рэалізаваць. На чым менавіта сканцэнтраваць увагу. Чалавек які запытаў, быў крутым спецыялістам і працаваў з шырокім дыяпазонам задач.
Але пост не пра гэта.

У яго быў вельмі востры Крытэрый паспяховасці такога выбару:
"Прачынаючыся кожны дзень, я хачу быць задаволеным сваім выбарам прафесійнай дзейнасці."

Для мяне гэта гучала вар'яцкі і нерэальна. Я не мог паверыць сваім вушам! Як можна такога чакаць?
- - - 
Алеж вось ужо другі месяц. Так атрымоўваецца, што некалькі разоў на тыдзень я задаю сабе пытанне: 
"Што я хацеў бы рабіць, калі б жыць мне засталося 1 месяц?"
І з радасцю, я сцвярджаю! 
Акрамя часу з сям'ёй, я хачу каб у мяне адбываліся ўсе тыя размовы і сустрэчы псіхалагічнага характару, якія зараз я праважу. Каб я мог размаўляць з тымі людзьмі якім магу дапамагчы. Каб адбываліся індывідуальныя кансультацыі. Каб праходзілі тэрапеўтычныя сустрэчы для беларусаў. 

І вось сёння, мне падалося, што я нейкім чынам дакранаюся да таго, на што і не мог разлічваць. Што кожны дзень, я рад выбранаму мной прафесійнаму шляху. 
Хаця эмацыйныя арэлі бываюць, але яны больш пра маю прафнепрыгоднасць і пра тыя памылкі, якія я раблю пад час працы.

Сёння раніцай мой любімы туман саступіў месца сустрэчэ "Мае пачуцці ў эміграцыі", і я рад гэтаму.

Усіх абдымаю!

Людзі, розныя людзі. 

Такія прыгожыя, добрыя, натхнёныя, цёплыя, чалавечныя, недасканалыя, радасныя і сумныя.
Ужо не першы раз адчуваю радасць, калі сустракаю недасканалых - чалавечных людзей.
Радуюся і сваёй недасканаласці. У гэтай недасканаласці ёсць нейкая добрая чалавечнасць. Прыемна быць з такімі людзьмі. Самому прыемна быць такім чалавекам. Чаму ж так шмат моцы мы прыкладаем каб зрабіць з сябе дасканалых тэрмінатараў? Якія трымаюць пад кантролем усё сваё жыццё. Прыкладаем так шмат моцы, каб удасканаліцца і выразаць з свайго жыцця ўсё слабое і не дасканалае. 
Не прымаем мы сабе ў такім звычайным, натуральным і добрым стане. У стане, проста чалавека. 
Хацеў бы я паставіць у кожным горадзе помнік звычайнаму чалавеку! 
Photo: Ordinary Men
Thomas J Price
Exhibition Jun 22 – Sep 02 2019

Калі няма чаго рабіць

Калі няма чаго рабіць, прыходзіць чысціня ў дом.
Калі няма натхнення, прыходзіць парадак.

Як можа чалавек натхнёны, чалавек з вачамі якія гараць, марнаваць свой час на ўладкаванне рэчаў на сваі мейсцы, марнаваць час на стварэнне больш бяспечнага асяроддзя? 

Не, гэта ўсё толькі тым і для тых, хто пагасіў свае вочы.

Мелодыя грае - жыццё ідзе

Жыццё ідзе, плыве, цячэ.
Грае Шапэн. Ён мне запаў у душу вельмі даўно.
Ёсць у ім нейкая такая трагічнасць, надрыў, прорва перажыванняў.
Несканчальны сум, безнадзейнае гараванне.
Чаму ён мне блізкі, хоць маё жыццё так не падобна на яго творы?
Я завіс... не маю адказу.... лётаюць тыя сія думкі.
Можа, такі ў жыцці вітае гэты трагізм? Гэтая навісаючая цемра? 
Праз якую я прабіваюся і з якой сутракаюся зноў і зноў.
І толькі жаданне жыцця, любові і вечнасці прарываецца праз глыбінную бессэнсоўнасць.

Вось напрыклад Nocturnes, Op. 9: No. 1 in B-Flat Minor 

Такая вандроўка, па закуточках душы. Ціхая, безнадзейная, нейкім чынам пранізаная адсутнасцю чакання. Алеж мелодыя грае - жыццё ідзе. У простых, складаных, "пустых" момантах жыцця - ва ўсім гэтым жыццё ёсць. Няхай і не такое бурлівае, але жыццё. Жыццё якое не падпітвае эга, не дае надзей, не напаўняе энэргіяй, не дае росту і іншай "карысці". Гэтая "карысць" як морква ў асла, куды нас толькі не круціць, куды толькі не вядзе. А вось яно жыццё ў самым правальным дне. У самай безнадзейнай пустэчы марнавання часу. Паветра ўдыхаецца, час спыняецца, жыццё жывецца.

А вось мелодыя надзеі. Мелодыя натхнення. Чакання перамен. 
Douze études, Op. 25: No. 1 in A-Flat Major "Aeolian Harp"

Мужыкі і дзеці

Мне падаецца, што дзеці мацнейшыя за нас, барадатых мужыкоў. Вось напрыклад, яны могуць цярпець папрокі, указанні, прыніжэнні якія пастаянна атрымоўваюць ад нас. Напэўна ім гэта трохі (ці не трохі) баліць. Алеж яны хутка пераступаюць і ідуць далей.
Іншая справа з барадатымі мужыкамі, бо барадатыя мужыкі таксама дзеці, якіх у дзяцінстве ганялі, якім указвалі, якіх прыніжалі. Потым з свайго дзяцінства яны крок за крокам абрасталі рознымі слаямі псіхалагічнай абароны, імкнуліся стаць моцнымі і непадступнымі. Каб ніколі зноў, не адбылося тое прыніжэнне дзяцінства. Вось мы і ходзім са сваімі барадамі, баючыся любой непавагі. Вось мы - дзеці зноў, дзеці з барадамі, якія ўсё жыццё імкнуліся стаць моцнымі, каб пазбегнуць крытыкі і прыніжэння. І дарэмна ўсё гэта. Бо сыпецца ўся наша надутая моц пры лёгкім ветрыку не адабрэння і крытыкі. І што страшней, мы самі ўзрошчваем гэта ў сваіх дзецях,  “выхоўваючы” іх з непавагай, ганьбой і крытыкай.

P.S. Мы, барадатыя мужыкі, лёгка крыўдзімся. Алеж наша помста жорсткая і балючая. Таму ўсё наша атачэнне носіцца з намі як з пісанай торбай, каб ненарокам не закрануць і не пакрыўдзіць нашу тонкую дзіцячую душу. Нажаль мы не такія, мы мала думаем пра тонкія дзіцячыя душы дзяцей. Кола замкнулася.

Герман Гесэ "Сцяпны Воўк"

І яшчэ на сёння.

Вось Герман Гесэ піша ў сваім "Сцяпным воўку", якія натуральныя і шчырыя жывелы. Як па-сапраўднаму яны выглядаюць кожнае імгненне свайго жыцця. Не гуляюць у чалавечыя гульні, і як гэта прыгожа!

Але для мяне, Чалавек, які не адлюстроўвае, а часам і сам не разумее, што адчувае, у гэтай "чалавечай неспраўднасці" ёсць вялікі і глыбокі. Можна сказаць, такая недасканаласць і падманчывасць, якая сведчыць пра штосьці глыбокае. Глыбокія інтэнцыя і невырашальныя жаданні. За кожнай не натуральнасцю, можна разглядзець жаданне значна большага і больш прыгожага, чым тое, што дае натуральнасць. Хоць часам, гэтае жаданне і перакручана і зменена да непазнавальнасці.

Бойка маіх дзяцей за ляльку - глабальнае праяўленне жыцця і любові да яго. Гэтая бойка, у мільёны разы прыгажэйшая за халоднае маўчанне небыцця.

Жыццё ліецца

Жыццё ліецца праз розныя формы як горны ручай. Не шукае сабе ўладкаванай трубы, ці аднаго адзінага русла. Не вымывае калейкі, каб у будучым ліцца лепш, дакладней і ўладкаваней. Яно прабіваецца, творыць, рушыць, змяняе і пераўтварае. Усё гэта адбываецца адначасова. 
З аднаго боку псіхалагічны дыскамфорт - адсутнасць кантролю, немагчымасць планаваць і выбудоўваць абаронены шлях. З іншага, адчуванне жыцця, якога так нехапае ў вышкаленых, спланаваных і абароненых еўрапейскіх абставінах.
Усход вучыць нас жыць і адчуваць жыццё па іншаму. Ісціна недзе побач.

Слухаць і чуць іншага

Слухаць і чуць іншага.
Для мяне гэта пра недавер да самога сябе. Пра недавер да інтуіцыі, якая шэпча табе працяг пачатай Дашай фразы. Пра недавер да жгучага жадання навесіць ярлыкі і сцвердзіць свае думкі. Так бывае гарыць, што да праўды няма справы, усё ўжо вырашана ў мімалетных думках. 

І колькі ўжо разоў адны і тыяж граблі. Самае лёгкае ўставіць слова не ў тэму. Ужо цяжэй, абясцэньванне чужых пачуццяў і сітуацыі. Ну і крытычна, калі нават і не заўважыў, што кагосьці глабальна не пачуў і магчымасці такой болей не будзе.