СВАЕЧАСОВА - гісторыя пра мае правы.
Нешта ўчора позна затрымаліся, і пачалі чытаць дзецям бліжэй да 9 вечара, спачатку Даша коміксы, потым я пра жыццё ў лесе, потым касмічная музыка, і нарэшце бліжэй да паловы адзінаццатай дзеці паснулі.
У мяне вочы ўжо сліпаліся, але хацелася яшчэ пабоўтацца, паглядзелі дзве серыі “Fresh Off the Boat”. Увогуле мы любім серыялы / фільмы / анімэ пра азіятаў. Вельмі характэрнае ў іх праяўленне. Часам можна там пазнаць сябе і сваю культуру.
Я ўжо амаль адрубаюся, проста няма моцы. А Даша прапаноўвае, слухай а паехалі ў макдональдс калі яшчэ працуе. (бо ў нашым мястэчку ноччу ўвогуле нічога больш не працуе). Прапанова была такая незвычайная і заманлівая, што я хутка прабудзіўся. Дзецям камеру паставілі, каб за імі сачыць. А самі апрануліся і скаканулі ў машыну.
На палове шляху нас спыніла міліцэйская машына, уключыўшы мігалкі. Аказалася, што перагарэў адзін з задніх габарытаў і лямпачка на нумары. Я смакаваў сваю сустрэчу з гаі. Але трошачкі хваляваўся. Доўга міліцыянты вывучалі ўсе мае дакументы, а асабліва тэрмін калі скончваюцца правы. А ім яшчэ 15 год да сканчэння! Адправілі з мірам, пажадаўшы ўсяго найлепшага!
Справа ў тым, што апошнія два з паловай гады я ездзіў з пратэрмінаванымі правамі якія ніяк не мог замяніць. І за гэты час мяне ніводнага разу не спынілі. Кожны раз праязджаючы міма машыны гаі, маё сэрца замірала, праступаў халодны пот. Штрафы вялікія. А калі я ездзіў з каякам на даху, то калі бачыў машыны гаі, спыняўся і разварочваўся, каб аб’ехаць іншай дарогай.
Мая справа з правамі ў Польшчы, гэта проста велізарны юрыдычны тупік. Яны мне старыя не маглі памяняць, і не маглі дазволіць вучыцца на новыя (бо старыя былі ў базе). І шмат я лістоў пісаў, і сенатар за мяне заступаўся, і розныя юрысты, і вось як 3 месяцы таму мне канчаткова сказалі - нічога зрабіць не можам, толькі едзьце ў Беларусь.
Але месяц таму я злятаў у Грузію, каб здаць там на правы (вучыцца не трэба, внж не трэба). Плаці ды здаваць. Атрымалася праўда не з першага разу, таму прыйшлося злятаць яшчэ раз, гэта была ўжо паспяховая спроба.
Я ўдзячны Богу, што ён неяк аберагаў мяне ўвесь гэты час.
І яшчэ больш удзячны Яму, за тое, што ён навучыў мяне жыць, парушаючы правілы і законы.
Бо жыццё не заўсёды можа ў іх умясціцца, а вось прабіць гэтыя бар’еры бывае складана.
А з Дашай мы добра адзначылі сустрэчу з міліцыянтамі ў макдаке і паехалі да дому. Праспалі праўда да 11 дня, але гэта таго было варта.
Люблю цябе родная, цікава мне з табою жыць!