Уваскрасенне Іісуса
Чарговы раз углядаюся ў свае пачуцці.
Адчуваю як (закон, правілы, мантры, аўтаматычныя дзеянні) уплываюць на сэнсы. Як сэнсы дэградуюць да звычак. Як калектыўнае, руйнуе індывідуальнае. Паспрабую ўявіць як было 2 тысячы год таму. Калі людзі спрабавалі сказаць адзін аднаму пра тое, што Іісус Хрыстос ажыў пасля смерці. Можна было праслыць ідыётам, убачыць шчырае здзіўленне і недавер з боку слухача. Перад тым як сказаць, раз 100 узважыш, ці варта.
Ну і галоўнае пытанне, якое можа зруйнаваць усё, што ў тыя часы, што ў сённяшнія: "А мне, што з таго?".
І вось сапраўды, у сённяшніх вітаннях адзін аднаго "Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!" людзі не адказваюць на галоўнае пытанне: "А мне што з таго?", "Ці гэта ўвогуле мяне датычыцца?", "Калі Ўваскрэс, то што?", "Калі не Ўваскрэс, то што?".
Вось з нейкімі такімі думкамі ўваходжу ў свята Уваскрэсення Іісуса Хрыста.
- - -
Праз 5 гадзін...
- - -
Навошта Богу спатрэбілася Ўваскрасаць?
Ведаеце, школьныя тэолагі ўсё расклалі па палічках, звязаўшы прыход Іісуса Хрыста, Яго смерць і уваскрэсенне ў чарговы закон. Падпарадкаваўшы ўсё нейкім правілам, метафізіцы і г.д.
А я дазволю сабе, выказаць мае вольныя думкі на гэты конт.
Зайду з некаторай адлегласці. Ці сустракалі вы людзей, якія імкнуцца не ўступаць ва ўзаемаадносіны, каб не пакутаваць ад расставання? Я сустракаў. Да я і сам лаўлю сябе на думках аб смерці ў самыя пяшчотныя моманты жыцця, калі любоў да Дашы пранікае ўсяго мяне. Калі бачу штосьці неверагодна прыгожае і павольна дыхаю. Гэтая думка пра смерць, як пра расставанне з усім тым, што табе так палюбілася. Яна спыняе жаданне любіць, прытупляе адчуванне прыгожага. Нібы абараняе мяне ад расчаравання і болю які прыйдзе са смерцю і расставаннем.
І вось прыйшоў Іісус і жыў жыццё на зямлі, і памёр і Ўваскрэс! І працягнуў тую любоў, якую пачаў. Любоў не зруйнавалася! Законы прыроды трохі пакалашмаціла, а любоў засталася!
Сёння, для меня ўваскрасенне Іісуса, гэта дазвол - любіць да канца.
Любіць, маючы надзею, на тое, што расставанне з любімымі будзе частковым, а не канчатковым.
Віншую вас з Уваскрасеннем Іісуса і надзеяй на нашае асабістае ўваскрасенне!