ENG БЕЛ РУС

жыццё (93)

<p>Хочацца надышацца, хочацца нааарацца, хочацца жыць. На поўныя грудзі. Успрымаючы ўсё што тут адбываецца. Пражываць так, каб кранала.</p>

Уваскрасенне Іісуса

Чарговы раз углядаюся ў свае пачуцці.

Адчуваю як (закон, правілы, мантры, аўтаматычныя дзеянні) уплываюць на сэнсы. Як сэнсы дэградуюць да звычак. Як калектыўнае, руйнуе індывідуальнае. Паспрабую ўявіць як было 2 тысячы год таму. Калі людзі спрабавалі сказаць адзін аднаму пра тое, што Іісус Хрыстос ажыў пасля смерці. Можна было праслыць ідыётам, убачыць шчырае здзіўленне і недавер з боку слухача. Перад тым як сказаць, раз 100 узважыш, ці варта.

Ну і галоўнае пытанне, якое можа зруйнаваць усё, што ў тыя часы, што ў сённяшнія: "А мне, што з таго?".

І вось сапраўды, у сённяшніх вітаннях адзін аднаго "Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!" людзі не адказваюць на галоўнае пытанне: "А мне што з таго?", "Ці гэта ўвогуле мяне датычыцца?", "Калі Ўваскрэс, то што?", "Калі не Ўваскрэс, то што?".

Вось з нейкімі такімі думкамі ўваходжу ў свята Уваскрэсення Іісуса Хрыста.

- - - 

Праз 5 гадзін...

- - - 

Навошта Богу спатрэбілася Ўваскрасаць?

Ведаеце, школьныя тэолагі ўсё расклалі па палічках, звязаўшы прыход Іісуса Хрыста, Яго смерць і уваскрэсенне ў чарговы закон. Падпарадкаваўшы ўсё нейкім правілам, метафізіцы і г.д.

А я дазволю сабе, выказаць мае вольныя думкі на гэты конт.

Зайду з некаторай адлегласці. Ці сустракалі вы людзей, якія імкнуцца не ўступаць ва ўзаемаадносіны, каб не пакутаваць ад расставання? Я сустракаў. Да я і сам лаўлю сябе на думках аб смерці ў самыя пяшчотныя моманты жыцця, калі любоў да Дашы пранікае ўсяго мяне. Калі бачу штосьці неверагодна прыгожае і павольна дыхаю. Гэтая думка пра смерць, як пра расставанне з усім тым, што табе так палюбілася. Яна спыняе жаданне любіць, прытупляе адчуванне прыгожага. Нібы абараняе мяне ад расчаравання і болю які прыйдзе са смерцю і расставаннем.

І вось прыйшоў Іісус і жыў жыццё на зямлі, і памёр і Ўваскрэс! І працягнуў тую любоў, якую пачаў. Любоў не зруйнавалася! Законы прыроды трохі пакалашмаціла, а любоў засталася!

Сёння, для меня ўваскрасенне Іісуса, гэта дазвол - любіць да канца.

Любіць, маючы надзею, на тое, што расставанне з любімымі будзе частковым, а не канчатковым.

Віншую вас з Уваскрасеннем Іісуса і надзеяй на нашае асабістае ўваскрасенне!

Трыгер на токсікаў

Зноў і зноў, я ўвязваюся ў размову з таксічнымі людзьмі. Менавіта пасля таго, як яны праяўляюць сваю таксічнасць. Зноў і зноў, хачу перамагчы злосць і знявагу, паважнай размовай і пошукам кампрамісу. Адкрыццём сваёй неабароненасці і добразычлівасці суразмоўцу.

І ў чарговы раз, цярплю крах на гэтым шляху. Прыслухоўваюся да сваіх пачуццяў. Адчуваю сябе знясілена і брудна. Але сам жа ўвязваюся ў гаўно, ад якога іншыя трымаюцца далей. Што я думаю наконт сябе? Няўжо разлічваю дастукацца да чалавечнасці, там дзе яна не мае месца, ці хутчэй не мае магчымасці праявіцца. Думаю пераадолець за некалькі паведамленняў і каментароў тое, з чым некаторыя змагаюцца праз усё жыццё? Так, сапраўды так. І ведаю навошта раблю. Бо маю жаданне перамагчы. Маю жаданне адчуць наканец перамогу на такім слізкім і адчайным шляху. Нібы наканец сцвердзіць гэты працэс, які пачаўся так даўно ў маім жыцці.

Разумеючы гэта зараз, і бачачы вынікі сваіх дзеянняў я станаўлюся свабаднее. Ува мне зараджаецца думка пра тое, што не варта ўвязвацца ў гэтую барацьбу. Не варта, мятаць бісер уласнай душы перад свіннямі. Іншымі словамі перад людзьмі, якіх гэты бісер толькі раздражняе і не нясе ніякай каштоўнасці. Якія імкнуцца скарыстацца адкрытасцю каб як мага глыбей укалоць у самыя неабароненыя зоны. Напэўна яны сцвярджаюць так сваю перамогу над смерцю. Напэўна такім чынам яны намагаюцца падзяліцца тым болем, які адчуваюць самі.

Але скончана, спадзяюся гэта добрая навука. Гэта падобна да таго, як я скончыў сваю барацьбу з алкаголем, думаючы, што магу ўжываць яго культурна і церпячы ад гэтага раз за разам.

Паспрабую пазбягаць нявартых размоў з таксічнымі людзьмі, з той жа ўпартасцю!

Папа і Мама

Апошнія тыдні думаю, пра сваю няўдзячнасць бацькам.
Хутчэй наадварот, пра той патэнцыял удзячнасці, які хочацца нейкім чынам вызначыць.
Я люблю сябе, і бачу што ёсць ува мне глыбінная прыгажосць, радасць, дабро, любоў. Мне вельмі ад гэтага ўсяго цёпла і прыемна. І я дакладна разумею і адчуваю, што мае папа і мама, падарылі мне гэта ўсё. Што я напоўніўся тым, што яны захавалі і ўзрасцілі ў сваім сэрцы. Тым, што яны адчувалі ў адносінах да мяне, адзін аднаго і гэтага свету. Дзякуй вам мама і папа, за тое, што вы ў мяне ёсць. За маё жыццё і за нашу з вамі любоў.

P.S. На фотаздымках папіна фотапаляванне на лятаючага ката, і маміны кветкі. Я натхнёны, тым як вы ўспрымаеце прыгажосць. І радуюся, што вы часцяком шпацыруеце па лесу разам. Ваш Косця.

Дзень адраджэння Ч1: Люба

Учора, вярнуўся сэрцам да сваіх мэт і жаданняў.
Сёння ўсё гэта распачала дзень.

04:00
- Папа, папа ... мне страшна...
- Люба, што здарылася?
- Мне прысніўся страшны сон...
- Добра, давай я лягу з табою спаць
04:20
- Папа, так цёмна, я не бачу цябе, я бачу толькі чорную пляму замест цябе.
- Чорная пляма, гэта і ёсць я.
- Ну добра, мой мілы папічка.
04:30
- Папічка, а давай размаўляць....
- Не, хачу спаць
04:40
- Папічка, ты ў мяне такі тоўсты, мы не ўмяшчаемся....
- ну добра, сяду каля ложку
04:50
- Папічка, мне баліць жывот
- На вось табе вады
05:00
- Папічка, няма чым дыхаць
- Ну давай прачысцім нос...
05:10
(... пайшоў гатаваць прамыўку для носу...)
- Ксюша, Ксюша! Добрай раніцы, ужо светла, уставай!!! (Шторы шыр шыр, святло Кляц!)
- Аааа, Люба! Спаць!!! Ксюша, Спаць!!! Аааа!!!!

Ксюша заснула адразу, а Люба ляжала і глядзела, як я пішу нататку пра Культуру сораму.... Яно ўсё канешне напружана ў 4 раніцы, але гэтае пяшчотнае "папічка" мяне вельмі кранае.... Недзе а палове шостай Люба заснула.... Працяг дня ў наступнай нататцы.

Працяг дня

Ад коўчынга, да Жыцця!

Я вярнуў сябе жыццё назад
Паляцеў у Жаданыя прасторы....

Вось менавіта сёння так і атрымалася. Учора раскапаў нататку 10 месячнай даўнасці пра мае планы Жыць і дапамагаць іншым людзям адшукваць іх уласнае Жаданне. І коўчынг як прамежкавую стадыю на гэтым шляху, як інструмент які дасць мне нейкую базу і інструменты, з якімі я змагу працаваць бяспечна для кліента. Але па дарозе, тое-сеё перамянілася. Я пачаў глядзець на сябе праз прызму коўча. Іншымі словамі я завузіў сябе да коўча і коўчынгавай працы. 

І ў маім жыцці паўсталі пытанні, як раздзяліць час паміж гэтымі блокамі:
  • ляснымі шпацырамі, каякінгам, догімі размовамі з Дашай, гульнямі з дзецьмі, чытаннем кніг, пісаннем вершаў і правядзеннем тэрапеўтычных груп
  • працай ў якасці коўча, дзе праз коўчынгавыя размовы я дапамагаю людзям павялічваць асэнсаванасць і адказнасць у іх рэальнасці, мэтах і жаданнях
  • продаж і прасоўванне сваіх паслуг, праз маркетынг, развіццё брэнду і г.д.

І неяк мне стала няёмка, бо я ўбачыў, што праца яна неяк супрацьпастаўляецца жыццю. Бо яна нібы з-за працы жыцця становіцца менш. А жыццё, гэта менавіта тое, чым я магу дзяліцца з людзьмі.

І я вярнуўся да больш шырокай канцэпцыі самога сябе.  Да сваёй каштоўнасці. Да свайго Жадання.

І вось атрымаліся ў мяне такія высновы:

  • Мая каштоўнасць як спецыяліста (коўча, экзістанцыйнага суразмоўцы ці як мы там яшчэ гэта назавём) будзе тым больш, чым больш ува мне будзе Жыцця! 
  • А маё жыццё, яно складаецца з усяго вельмі простага: з любові да Дашы, дзяцей, іншых людзей. З любові да прыгажосці, прыроды, З любові да самога сябе.
  • Любоў яна ў мяне праз слуханне, праз бачанне, праз адчуванне... Праз "трепет" каля усяго цудоўнага, што ў гэтым свеце мне так палюбіалася.
 

А на практыцы іх можна перакласці ў наступныя дзеянні:

  • вярнуць сабе больш жыцця, больш глыбокага пражывання самых простых момантаў і стасункаў (тут усе гэтыя лясы, туманы, світанкі, каякі, вершы ды нататкі).
  • арганізацыя і правядзенне тэрапеўтычных груп да 6 чалавек. Для мяне гэта: Слухаць з "трепетам" і дапамагаць групе кіравацца правіламі, каб захаўваць бяспечную прастору для ўсіх удзельнікаў. У такіх групах людзі ўзбагачаюць адзін аднаго сваёй чалавечнасцю, адкрытасцю і глыбінёй. Такі фармат - цуд. Пакуль у мяне дзве любімых тэмы: "Мае пачуцці ў Эміграцыі" і "Крызіс светапогляду". Групы на беларускай і рускай мовах. Тут падрабязней: https://listeners.space/by/
  • ну і канешне хочацца пасадзіць людзей да сябе ў каяк на світанку і паказаць як сонейка прабівае туман і адлюстроўваецца ад вады, бо гэтаж неверагодна проста, плыць у цішыні пад спевы птушак, ласіныя нейкія рыканні і бывае плёскат баброў ці выдр... Ці па лесу павадзіць, паабдымаць дрэвы, адчуць пахі, гукі, смакі.... Відэа, як я гэта раблю можа пабачыць тут: https://www.youtube.com/watch?v=d210Ikg1h9I&list=PLKoHw53ogrZjiPF2QIhrmdjnFxA1_1FgR (там яшчэ асонба пра лес ёсць)
  • Ну і зразумела, можна і паразмаўляць адзін на адзін пра глыбокае, жаданае, сэнсоўнае. І гэта ўжо пра коўчынг. І вось тут можна забукаць мой час: https://topmate.io/fmensk/824741?coupon_code=fmensk 
    Але каб пра такое размаўляць, трэба напітваццам жыццём, трэба жыць!
    Таму і коўчынг паслугі мае, яны на прыканцы спісу. Яны ўжо як нешта дадатковае, хоббі мабыць, для тых, каму гэта сапраўды патрэбна. Для тых, каму адклікаецца Жаданне Жыць і адчуваць Жыццё.

Вось неяк так адгукнуўся сёняшні дзень, дзе я вярнуў сабе жыццё!
І вось вам здымак з сёняшняга лесу!


 

 

 

Штосьці ёсць у гэтым свеце!

Ішоў дождж, мы ехалі, дзеці гутарылі на заднім сядзенні.
Я глядзеў праз шкло, праз кроплі, праз паветра. Углядаўся ў дрэвы. 

Ксюша запытала: "А сусвет бяскрайні?"
Я адказаў: "Мабыць так, як мінімум ніхто пакуль не бачыў яго краю."

І тады мяне пратараніла думка, як гэта ўвогуле ўсё існуе? Як так атрымалася, што штосьці ёсць у гэтым свеце. Ну вось, як так!!!??? Бо вельмі лагічна, калі б ну нічога не было. А яно ёсць! І гэтая таямніца ніколі не будзе раскрыта. Ніяк да яе не наблізіцца. Ну і ладна, гэтае разуменне можа быць зусім пустым і непатрэбным. Але само існаванне чагосьці, а тым больш таго што тут вакол нас, яно проста захапляльна. І ведаеце, нават кропелькі на вачах праступілі, ад таго, што ўсё гэта ёсць. Нейкі Цуд, Цуд відавочны і невытлумачальны. Цуд які робіць магчымым усе іншыя цуды і неверагоднасці. Жывем! 
P.S. Спім!
P.P.S. На фотаздымку гульня, якая ў нашым доме называецца "Веселье" (з вымаўленнем на белмоўны манер). Яе вельмі любяць дзеці, і не вельмі мы з Дашай.

Верыць у смертнасць, і не верыць у смерць.

Як успрыняць, што ўсяму можа быць канец?
Як звыкнуцца з тым, з чым звыкацца не хочацца?
Ці лепш ісці насуперак логікі, практыкі, досведу, насуперак усяму, што крычыць аб смерці. 
Верыць у смертнасць, і не верыць у смерць.
Мець спадзяванне на тое, на што немагчыма спадзявацца. 
Але як хочацца, як хочацца не верыць у смерць, калі момант пранізаны каханнем. Калі цёплая радасць і прыгажосць расплываецца ў імгненні. Затрымліваецца і вабіць жадаць вечнасці. І вось глядзіш у такі момант у твар смерці і думаеш, як можна такое спыняць? Навошта такое спыняць? Калі-ласка я хачу, каб такое ніколі не скончвалася. Я хачу працягваць любіць....

Тыя сэнсы, Што зусім не важны...

- - - - 

Дзе набрацца храбрасці скажы?
"Для чаго?", пачуецца ў адказ
Каб ад ценю смерці ўцячы
У пражыванне момантаў за раз

Каб натхніцца сэнсамі
Пакуль...
Не збялелі попелам яны

Не пабеглі
Не зышлі
Не згаслі

Тыя сэнсы, 
Што зусім не важны...

Надыхацца ў волю!

Шчыльны маленькі пакой без вентыляцыі, дыхаю і не магу надыхацца. З кожным удыхам, паветра ўсе менш, галава баліць, віскі сціскаюцца. Хочацца дыхаць, хочацца жыць! 
Распахнуць бы дзверы і вырвацца на волю. Раскінуць рукі і ўдыхнуць на поўныя грудзі. Надыхацца ў волю! І жыць, жыць, ЖЫЦЬ!

Алеж як я аказаўся ў такім пакойчыку з такімі шчыльнымі сценамі?
Я сам яго збудаваў! Будучы маленькім і неабароненым, я вазводзіў сцяну за сцяной. Гэтыя сцены, рабілі маё жыццё бяспечней. Я нават не заўважыў таго моманту, калі трэба было спыніцца. Працягваў будаваць, закладваць кожную маленечкую дзірачку. Я быў усё больш і больш абароненым! Алеж вось і рухацца цяжка, і няма чым дыхаць, а я працягваю закладваць шчылінкі праз якія прабіваецца свежае паветра. 
Тое што абараняла мяне раней, сёння робіцца для мяне асноўнай небяспекай.

Прыйшоў час рушыць старыя сцены, выходзіць з сваіх сціскаючых поглядаў і пазіцый. Прыйшоў час жыць! Жыць менш абаронена, менш напаказ, менш прыстойна і адабральна. Час Жыць пасярод небяспекі. Алеж жыць на поўныя грудзі.

Свежага паветра ў кожны затхлы дом чалавечай душы!

 

Навука быць жывым

Моўчкі чытаў Б'юдженталя, стрымліваючы эмацыйную лаянку якая перапаўняла мяне, бо мне было вельмі шкада кліентку Б'юдженталя, падаецца яе гісторыя паўтараецца ў жыцці вялікай колькасці людзей. 
Я ў канцы нататкі прывяду тэкст з кнігі, які мяне так трыгернуў. А зараз паглыблюся ў свае ўспаміны.
Недзе 11 год таму, мне адкрылася адна "жудасная праўда" пра самога сябе. Гэтая, праўда гучала так: "Мне заўсёды было напляваць на іншых людзей, мяне цікавіў толькі я сам. І тое як я выглядаю". Было больна, невыносна, руйнуючы, сорамна. 
Што мяне прывяло да такой высновы пра самога сябе? Нейкае рэзкае разуменне таго, што мне было важна ў розных узнікаючых сітуацыях. Чамусьці адразу ўзгадаваліся спартыўныя спаборніцтвы. Валейбольныя і футбольныя матчы ў якіх я ўдзельнічаў. Калі спаборніцтвы былі больш менш адказныя, то мяне трыгерыла толькі адно пытанне.
"Я НЕ ХАЧУ БЫЦЬ ВІНАТЫМ У ПАРАЗЕ КАМАНДЫ!" - адзіная думка, якая была галоўней за ўсе астатнія. Мне было ўсё роўна, выйграем мы ці прайграем. Уся мая ўвага была сканцэнтравана на тым, каб я не зрабіў тую ракавую памылку, ці серыю памылак з-за якіх мы прайграем. 
І шмат у якіх іншых адносінах, дзеяннях, праектах, навучанні і працы мяне клапаціла перш за ўсё гэта. 
З-за страха перад віной, я навучыўся майстэрскі будаваць апраўданні. Выбудоўваць шляхі аргументацыі, пераварочвання сітуацыі і пралікаў, як можна выправіць ці кампенсаваць сітуацыю. 
У безвыходных сітуацыях, дзе мне не прабачалі і я не мог скінуць віну, я пачынаў нападаць. Я патрабаваў прабачэння! 
Яшчэ не так даўно, я сам сабе прамаўляў: "Самае жудаснае, што са мной можа здарыцца. Гэта калі я буду вінаваты, не змагу яе выправіць і мне не прабачаць ніколі!". Нейкі краевугольны камень, вакол якога варочалася (а можа і зараз крыху варочаецца) маё жыццё. 
Сорамна канешне прызнавацца, што ставячы віну на першае месца, усё астатняе блукалася на фоне і мала ўплывала на мяне. 

Я станавіўся бессардэчным да пакут людзей (блізкіх і далёкіх), рознымі шляхамі губляў чалавечнасць і адэкватнасць. 
Вось я думаў, што ўсё гэта эгаізм. Алеж калі прыглядзецца, то збольшага, гэта нездаровыя ўзаемаадносіны з віной і яе ўсёпаглынальнай моцай.

А зараз некаторыя радкі з кнігі "Навука быць жывым" 
- - - 
— М-м-м. Да, думаю, да. Это бессмысленно, я понимаю. Но в ту минуту это было именно так — как будто вы был моей матерью. И разозлились бы на меня, если бы я не была внимательна. Это глупо, я знаю... 
 — И все же это было именно так, не правда ли? — О, да! Она становилась такой холодной, когда я не слушала. 
 — Холодной? 
 — Очень холодной, а потом говорила, что, очевидно, у меня есть более важные вещи, о которых я должна подумать, и что она не будет беспокоить меня своими разговорами. О, я чувствовала себя так ужасно. Мать так заботилась обо мне, а я не слушала. Я всегда была так рассеянна. Я не знаю, что со мной. 
 — Что происходило после того, как она говорила, что больше не будет беспокоить вас своими разговорами? 
 — Мать вообще переставала со мной разговаривать. 
 — Вообще? 
 — Да. Иногда целыми днями. Пока я не начинала плакать и умолять ее простить меня и обещала больше не отвлекаться и слушать очень внимательно. Так я впервые познакомился с угрюмой, холодной, отстраненной матерью Дженнифер, которая всегда обещала близость только в том случае, если Дженнифер будет достаточно хорошей, но которая никогда не могла снизойти до маленькой девочки, тоскующей по ней.

 

Шлях разам

Мы ідзем за ручку, дзелімся падзеямі дня, нашымі пачуццямі і адкрыццямі. Назіраем за тым, што адбываецца зараз. Цёпла і кранальна. Радасна і падтрымліваючы. У тым ліку, гэта шлях адкрыццяў і здзіўленняў. Шлях суму і суперажыванняў, турбот і страхаў. Гэты шлях разам.

Слова пацана

Сёння я хачу напісаць, пра свае ўчорашнія падзеі.
Я такі вырашыў даглядзець гэты нашумеўшы серыял. Які адгукнуўся ў мяне вялікім болем, зруйнаванасцю і пустэчай. Стан вельмі падобны, да падзей 20 і 22 года, калі чытаеш навіны. Унутры цябе ўтвараецца, вялікая дзіра, і ў гэтую дзіру зацягваецца ўсё, а сам ты ператвараешся ў зомбі які амаль не можа адчуваць. Адзінае, што хочацца, зажраць - запіць - заліць гэтую дзіру, хоць чым-небудзь. Ежы я натаптаў шмат, алеж гэта не дапамагала. А вось прагулка з Дашай па вячэрняму гораду, сапраўды загаіла рану. Адчуўся спакой, радасць у тым моманце, дзе я зараз ёсць. Боль свету не зацягнула і не паглынула мяне, я змог выбрацца з яе. Калі наша прагулка скончвалася, я вельмі яўна адчуў тую ціхую радасць ад таго што жыву, ад таго, што зараз адбываецца, ад таго, што каля мяне Даша.
Потым, мы вярнуліся да-дому. Тое-сеё парабілі, і я вырашыў даглядзець. І зноў стварылася дзірка, і было балюча і невыносна. Даша, ужо была ў ложку, а спаць у такім стане я не хацеў. Я ціхенька апрануўся і пайшоў на вуліцу. Пайшоў шукаць, дрэва якое я мог бы абняць. Гэта не такое дрэва, якое я абдымаю ў лесе, не сасна. А звычайная раскідзістая яблыня. Яе і не абдымеш нават, а хутчэй так, прыціснешся тварам да ягой галінкі. Адчуеш, у гэтым дрэве нейкую апору, жыццё і непахіснасць. Потым я размінаў застылы льда-снег у руках. Потым падышоў да ялінкі і пагрыз трохі іголкі, каб адчуць іх смак і пах. Усё гэта цудоўна на мяне паўздзейнічала. Я вярнуўся да дому, з адчуваннем, што жыццё працягваецца. І я ў гэтым жыцці, працягваю жыць. Калі хто пачувае сябе дрэнна, пайдзіце абдыміце дрэва. Прытуліцеся да яго, замрыце, не спяшайцеся, Няхай ваша жыццё вернецца да вас. 

 

Там дзе двое ці трое...

"Там дзе двое ці трое..... "
Памятаеце такія словы Хрыста?
Здаецца, што ўспрымаюцца яны - чым болей, тым лепш.
Алеж мне падаецца, што менавіта там дзе двое ці трое.
Чым больш людзей, тым менш дыялогу. 
І важным для мяне зараз будзе не колькасць, а наколькі часта Хрыстос можа быць там дзе нас двое ці трое.

Усе гэтыя разважанні пра мой унутраны канфлікт. 
З аднаго боку, я шукаю больш глыбокіх стасункаў там дзе двое. А з іншага, час ад часу высоўваецца мінулы "Косця бізнесмен", які крычыць: БОЛЬШ, ЭФФЕКТЫЎНЕЙ, ГЛАБАЛЬНЕЙ! Крычыць у вуха, падштурхоўвае мяне да дзеянняў і хаваецца.
Падзі яго схапі, заўсёды будзе мець адгаворкі чаму яму так трэба.

Можа яно сапраўды калі і трэба думаць глабальна. Алеж базавы недавер да гэтага голасу Глабальнасці, я лічу вельмі здаровай з'явай. 
Як ніяк у глабальнасці і масах можна згубіць чалавека. Можна згубіць, там дзе двое ці трое...

Неабароненае жыццё маніць сабою

Гэтае хрумкае і неабароненае жыццё маніць сабою. Прыцягвае працягваць жыць, скрозь усе выпрабаванні. Адгукаецца музыку жыцця ва ўсім нашым целе. Жываносная музыка, узвышае нас сваімі настроямі і руйнуе сваёй цішынёй. Пакуль хтосьці перастаўляе трэк, мы можам звар'яцець. Бо чаканне мелодыі і мёртвая цішыня невыносна перажываецца намі, даводзіць нас да адчаю. Алеж дастаткова яшчэ пачакаць, каб па ўсім целе разліліся новыя рытмы ўзываючыя нас да жыцця. 

Усё гэта абстрактныя словы, якімі я спрабую за штосьці зачапіцца.

Алеж вось іншыя справы: Раніцай быў чарговы эксперымент па запяканню яйках у баклажанах, баклажаны ўнутры выбраны нібы лодачкі, і надрэзаны для лепшай дыфузіі масла. Кожную раніцу, спрабую штосьці змяняць у сваім аўтарскім рэцэпце. Алеж чарговы раз недасольваю. Пасля абед набылі сабе зімовыя пухавікі. Было радасна. Я апошні раз быў у такім ЖОЎТЫМ І ДУТЫМ можа толькі ў 1-2 класе. Уяўляў сябе тады качком, бо пухавік даваў такую форму. Зараз адчуваю сябе вельмі добра сагрэтым. Алеж вельмі яркім, кіслотна лімонным. Звычайна калі еду ў машыне то шугаюся такіх людзей, думаючы што гэта супрацоўнікі міліцыі. А з іншага боку, падумаў сёння, што калі за мной будзе гнацца міліцыя, то мне будзе цяжка згубіцца ў натоўпе. Алеж у нас ні натоўпаў тут ні той міліцыі якая гоніцца. Таму варыянт нейкі нерэальны. Пайшлі та куртку не мне набываць, а набылі мне. Рад, такім неспланаваным падарункам. Вось яно жыццё, сюрпрызы, і звязка з дзяцінствам. А калі па-сапраўды, то проста ціхая радасць. І дзеці акупіравалі сабе ванну, выкарыстоўваюць яе як гульнявы пакой нумар 6. Нікуды ад іх не дзецца. Падумваем пра такія паралонавыя панелі графітавага колеру для гукаізаляцыі. Бо шумавое забруджванне вельмі моцнае. А на вячэру, Даша парадавала карамельна-міндалевымі-сэрцамі ў форме квадратаў. Было вельмі смачна.

Ну вось неяк так.

Кранаючы вечнасць

Кранаючы вечнасць.
Філасофія дапамагае зразумець бессэнсоўнасць шмат чаго ў жыцці.
Гэта як асфальтаўкладчык, які сваім катком закатывае ўсё на сваім шляху. 
Была куча ўсяго, стала нічога. А потым глядзіш у бязмежна роўную мёртвую паверхню, і адзначаеш для сябе, што там сям прабіваюцца жывыя парасткі. Парасткі якіх не было бачна за кучай хлама, алеж якія не загінулі пад гэтым катком. І светла і радасна на душы.
І парасткі яныж іншыя, чым асфальт. Яны выжылі насуперак філасофіі, алеж яна дапамагла ачысціць прастору, каб можна было іх убачыць.

Канвертар для паразумення.

Бываюць у нашым жыцці, тыя сія дасягненні, значныя падзеі, неверагодныя рэчы.
Але як жа так перадаць падзею, каб іншыя людзі маглі яе зразумець?
Бо кожны з нас нарадзіўся ў сваіх абставінах, дакладна разумее што для яго і яго атачэння з'яўляецца ўніверсальнай валютай каштоўнасці.

Для чалавека, які потам і крывёю здабываў грошы і эканоміў на сабе, такой валютай могуць быць грошы за адзінку часу. І іх канвертар проста пералічыць усё ў выдаткі і прыбытак. Адыме адно ад другога, і скажа ваў!

Іншы чалавек, які імкнецца набраць больш фоловераў ды лайкаў, пастараецца канвертнуць нашу падзею ў колькасць падабаек. І ўжо гэтая лічба, дапаможа яму зразумець грандыёзнасць падзеі.

Будуць тыя, для каго больш важна: Ты чый? Наш ці чужы? Калі чужы, то ўсе твае дасягненні памножацца на -1. І чым лепш, тым горш.

А ёсць і іншыя, яны глядзяць, як гэта падзея датычыцца іх, якая ім з яе карысць? І ўсё што іх не датычыцца, памножыцца на нуль.

Спадзяюся, сустракаюцца і людзі, якія запытаюць: 
Скажы, а для цябе гэта, што значыць? Чаму табе гэта важна? Што ў гэтай падзеі з'яўляецца дыяментам для цябе і чаму? 
Толькі яны змогуць крануць прыгажосць чалавечай душы. Толькі яны сустрэнуцца з чалавекам, і хоць штосьці змогуць зразумець. 

Вось напісаў я і зразумеў, што і мне цяжка задаваць гэтае пытанне: 
А чаму гэта важна для цябе? ...  Ух, ёсць пра што падумаць.

P.S. Калі кажаш дарослым: «Я бачыў прыгожы дом з ружовай цэглы, у вокнах у яго герань, а на даху галубы», яны ніяк не могуць уявіць сабе гэты дом. Ім трэба сказаць: «Я бачыў дом за сто тысяч франкаў», і тады яны ўсклікаюць: «Якая прыгажосць!»
— Маленькі прынц (Антуан дэ Сэнт-Экзюперы)

Мэты на 100 год

Эфектыўныя мэты на 10 год наперад, проста дзіцячы садок, у параўнанні з тым каб ставіць уласныя мэты на 100 год на перад. З аднаго боку ўсё прадказальна. З іншага, пасля такой мэты, можна неяк спускацца да больш кароткіх прамежкаў часу. Тады можа і жыццё па іншаму пражывацца будзе, без нейкіх там ілюзій эфектыўнасці.

Сабака Паўлава

Бліжэй да вечара збіраемся тэрмінова праехацца па крамах, бо заўтра нічога працаваць не будзе. У Польшчы свята.
Хутка апранаем дзяцей, прадзіраемся да выхаду, правяраем ці ўсё ўзялі.
Праз пару хвілін здаецца ўжо выйдзем.
Тут на маім тэлефоне званіць будзільнік. Ігнарую яго, займаюся выхадам. 
Так, праверылі ўсё гатова. Можна выходзіць. 
Хмм... Любы няма.
Дзе Люба?
Люба распранулася і зайшла ў душ, пачала мыцца. 
Мы ў шоку.
Толькі потым звязалі гэта з тым, што можа як тыдзень у мяне стаіць будзільнік перад сном, чуючы які дзеці ідуць у душ мыцца. Гэта каб доўга іх туды не засоўваць.
Алеж на гэты раз быў фальстарт (іншы будзільнік у іншы час).
Вось так бывае. Смяяліся доўга.

Што патрэбна людзям для жыцця?

Што патрэбна людзям для жыцця?
- Чалавечае цяпло, давер, магчымасць адкрыцца і быць прынятым, магчымасць выказвацца і быць пачутым, сустрэць і ўбачыць у другім сапраўднага чалавека, дазволіць сабе палюбіць і прыняць яго нягледзячы ні на якія перашкоды. 

Што людзі робяць кожны дзень?
- Становяцца больш незалежнымі, закрытымі, абароненымі, дасягаюць поспехаў у канкурэнцыі з іншымі людзьмі, сцвярджаюць сябе ў параўнанне з іншымі, зайздросцяць інстаграмамскаму жыццю іншых, не прымаюць сябе і не адчуваюць сябе абаронена.

Чаму так адбываецца? 
Намі кіруе страх, непрыняцце саміх сабе і недавер да іншых людзей.
Мы не прымаем сябе, часамі не любім. Таму лічым, што і іншыя людзі ні ў якім разе нас не прымуць такімі якімі мы ёсць зараз. І што адзіны шлях атрымаць іх прыняцце і паразуменне, гэта стаць моцнымі. Заставіць іншых людзей нас прымаць. 

Шлях да любові, ён другі.